Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка, Цапкала і Ціханоўскі могуць быць стаўленікамі Масквы і нават Пэкіну, але бараніць іх выходзіць беларускі народ


На праспэкце Незалежнасьці ў Менску 14 ліпеня 2020 году.

Глядзець кадры зь Менску і іншых гарадоў Беларусі падчас мірных пратэстаў і горка, і радасна.

Я люблю ўсіх гэтых людзей на вуліцах, мне яны здаюцца самымі прыгожымі і самымі вартымі годнага і справядлівага жыцьця ў сваёй свабоднай краіне.

Мы ўсе, безумоўна, нацыя, бо зьнітаваныя пачуцьцём адзінства свайго нацыянальнага лёсу. І нават у той тупіковай сытуацыі, якая цяпер узьнікла ў Беларусі, нельга ня думаць пра будучыню.

Самае каштоўнае, што магло адбыцца і адбылося з намі, гэта рост грамадзянскай і нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў.

Калі немаладая жанчына ў далёкім райцэнтры кажа журналісту, маўляў, «хай ён сыходзіць, хопіць нас мучыць, ён усю нацыю забівае» — то размова ідзе менавіта пра нацыю беларусаў.

Калі жанчына сярэдніх гадоў ў чарзе да ЦВК: «Больш за ўсё я баюся 10 жніўня, я амаль напэўна ведаю адказ, што там будзе. Але гэта лепш, чым нічога не рабіць — такія моманты даюць табе зразумець, што ты не адзін. Калі 26 гадоў бяз руху, то здаецца, што ты ў гэтай дзяржаве самотны. І раптам ты адчуваеш гэтае яднаньне — гэта вельмі важна, ты адчуваеш нацыю, адчуваеш, што Беларусь існуе і што беларусы — гэта рэальныя людзі, якія гатовыя ўзьняць свой голас», — то мы бачым, што і тут гучыць прага найперш нацыянальнай салідарнасьці.

Калі адна з удзельніц ланцуга ў Менску кажа: «Я не баюся! У мяне адбіраюць будучыню, усё жыцьцё, а я буду баяцца пятнаццаць сутак страціць?», яна насамрэч кажа ня толькі пра сябе і сваю сям’ю, але і пра ўсіх нас — беларусаў і нашу беларускую краіну, пра нашу будучыню.

І калі моладзь на вуліцах Менску і іншых гарадоў кажа ўладзе: «Гэта ня ваша краіна, гэта наша краіна, і мы будзем вырашаць, якой ёй быць і хто ёй будзе кіраваць» — мова ідзе пра новых грамадзян новай Беларусі.

Беларусі, якой раней яшчэ не было. Можа быць, упершыню нашы людзі зразумелі і адчулі практычны сэнс і значэньне фразы з Канстытуцыі пра тое, што «адзінай крыніцай улады зьяўляецца народ».

Менавіта таму сярод адказаў удзельнікаў пратэстаў на пытаньні журналістаў так часта сустракаюцца словы «грамадзянін», «грамадзянскі абавязак» — мільёны людзей раптам востра адчулі сябе грамадзянамі Беларусі і пратэстуюць супраць непавагі дзяржавы да тых, хто яе ўтрымлівае.

У мяне такое ўражаньне, што калі б у Беларусь (крый Божа!) прыйшлі расейскія танкі, тыя самыя людзі гэтак жа шчыльна, счапіўшыся за рукі, стаялі б на вуліцах і крычалі «Ідзіце дадому!»

На праспэкце Незалежнасьці ў Менску 14 ліпеня 2020 году.
На праспэкце Незалежнасьці ў Менску 14 ліпеня 2020 году.

Вось чаму кандыдаты ў прэзыдэнты, нават тыя, што раней займалі іншую палітычную пазыцыю і вядомыя супярэчлівымі выказваньнямі, падчас гэтай выбарчай кампаніі ўжо сказалі тое, што ад іх хоча пачуць новая Беларусь. Раптам стала відавочна, што ў краіне не народ для кандыдатаў у прэзыдэнты, але кандыдаты — для народу. Як пра гэта некалі і марыў Кастусь Каліноўскі.

Гэта новая стадыя нацыянальнага разьвіцьця Беларусі. Беларусі будучыні. Вось чаму на вуліцах стаіць пераважна моладзь. І вось чаму яны крычаць «Жыве Беларусь!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG