Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму атручэньне прапагандай вылечыць немагчыма — тлумачэньне псыхоляга

Каляж з Вольгай Скабеевай, вядоўцай праграмы «60 хвілінаў» на расейскім дзяржаўным тэлеканале  «Россия-1»
Каляж з Вольгай Скабеевай, вядоўцай праграмы «60 хвілінаў» на расейскім дзяржаўным тэлеканале «Россия-1»

Ці можна пераадолець узьдзеяньне праваеннай прапаганды? Чаму эфэктыўны постмадэрнісцкі прапагандысцкі прыём мэтаімунізацыі? Якая доля ўплыву прапаганды, а якая — скрыўленага патрыятызму ў праваеннай пазыцыі расейскага грамадзтва?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае дацэнтка факультэту сацыяльных навук унівэрсытэту Амстэрдаму Ганна Фянько, аўтарка артыкула «Ці можна абараніцца ад прапаганды».

Ганна Фянько
Ганна Фянько

Фянько

  • Немагчыма лячыць ад узьдзеяньня прапаганды тымі спосабамі, якія прапануюць шматлікія экспэрты ў сацыяльных сетках. Яны прапануюць спосабы размовы з сваякамі, атручанымі прапагандай: першае — раскажыце ім праўду, другое — раскажыце гэта настолькі лягічна, каб яны пераканаліся ў нелягічнасьці сваіх развагаў.
  • Наконт гэтага існуе шмат псыхалягічных дасьледаваньняў. І яны паказваюць, што ў кароткатэрміновым пэрыядзе гэта не працуе. Гэтыя мэтады працуюць, калі яны папярэднічаюць прапагандзе. Але калі чалавек паверыў ува ўсё, што прапагандуе афіцыйнае расейскае тэлебачаньне, то зараз зьмяніць яго ўяўленьні немагчыма.
  • Існуюць мэтады, якія выкарыстоўваюць для вываду людзей з сэктаў. Але гэтыя мэтады ўжываюць спэцыялісты, яны доўгатэрміновыя, яны часта бываюць радыкальнымі. Іх можна параўнаць зь лячэньнем ад алькагольнай і наркатычнай залежнасьці.
  • Факты больш пераканаўчыя, чым лёгіка. Гэта падманлівае, суб’ектыўнае ўспрыняцьце фактаў. Эвалюцыя нашай сьвядомасьці адстае ад эвалюцыі тэхнічных сродкаў, якія дазваляюць прадукаваць фэйкі.
  • Амбасадар Расеі ў Нідэрляндах прыходзіць на тэлеперадачу, яму паказваюць фота параненай украінскай жанчыны. Ён кажа — дык гэта пастаноўка, гэта актрыса! Яму паведамляюць яе імя, дзе яна жыла, кажуць, што яна памерла. Ён адказвае — не, гэта ўсё дыпфэйк.
  • Эфэктыўнасьць нават фактаў зьніжаецца, бо людзі перасталі давяраць сваім вачам, вушам і нават свайму сэрцу.
  • На чалавека робіць уражаньне, калі іншы пункт гледжаньня выказвае вельмі шмат людзей, прычым такіх жа, як і ён. Для тых, хто падзяляе тэзы прапаганды, пратэстоўцы, тыя, хто супраць вайны, — гэта нейкія іншыя, не свае, нейкія «лібэрасты».
  • Паводзіны іншых уплываюць на нас, калі мы можам сябе зь імі атаясаміць. Калі чалавек з глыбінкі бачыць пратэсты ў Маскве, ён можа сказаць, што яны там у сталіцы шалеюць ад багацьця. Калі наступствы вайны будуць наўпрост закранаць жыцьцё людзей, тады іх уяўленьні памяняюцца. Як толькі ў суседкі, знаёмай, калегі загіне на вайне сын ці муж, то адразу ў людзей у мазгох пачынае праясьняцца.
  • Я ў гэтай сытуацыі ня бачу рэцэптаў, якія дзейнічаюць хутка. У пэрспэктыве давядзецца ўжываць тыя ж рэцэпты, якія выкарыстоўвалі для дэнацыфікацыі Нямеччыны пасьля 1945 году. Іншых рэцэптаў чалавецтва ня ведае.
  • Мэтад мэтаімунізацыі ў прапагандзе быў скарыстаны падчас першай вайны ва Ўкраіне ў 2014 годзе, у прыватнасьці, адносна зьбітага Боінгу. Для Галяндыі, дзе я жыву, гэта была велізарная трагедыя.
  • І раптам мне ў Расеі пачынаюць апавядаць, што ў самалёце былі загадзя падкладзеныя туды трупы. Я пыталася: няўжо вы ў гэта верыце? Мне адказвалі: ну, ёсьць і іншыя вэрсіі, але і Захад хлусіць, і наагул усе хлусяць у сваіх інтарэсах.
  • Гэтая мэтаімунізацыя — «усе хлусяць» — гэта сапраўды постмадэрнісцкая навацыя прапаганды.
  • Гэта не каманда Пуціна прыдумала. Трамп выкарыстоўваў гэты мэтад таксама даволі пасьпяхова. Праўда, у яго не было магчымасьці заткнуць рот іншым крыніцам інфармацыі.Але людзі падзяліліся на тых, хто верыць трызьненьню Трампа, і на тых, хто з жахам глядзіць на сваіх былых сяброў і не разумее, як такое магчыма.
  • Пуцін перайшоў да прапаганды сваіх ідэяў не адразу. Да таго ён вельмі ўважліва сачыў за настроямі людзей і быў папулярны таму, што ён адпавядаў гэтым настроям.
  • У 90-я гады ў Расеі правальваліся ўсе лібэральныя ініцыятывы. 3-5% выступалі за лібэральную, дэмакратычную будучыню краіны. А Пуцін прапаноўваў людзям тое, чаго яны чакалі. Да ўлады прыйшоў Штырліц.
  • Але рэч ня ў нейкіх няправільных расейскіх храмасомах, ня ў нейкай адвечнай схільнасьці да таталітарызму. Немцы з Усходняй Нямеччыны адрозьніваліся ад немцаў у Заходняй Нямеччыне. Але празь некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля ўзьяднаньня гэтая розьніца зьнікла, хоць і ня цалкам.
  • У сучасным сьвеце адбываюцца войны ідэнтычнасьцяў. У стрэсавыя, крызісныя пэрыяды ідэнтычнасьць абвастраецца. Ты можаш лічыць сябе прафэсіяналам, грамадзянінам сьвету, але калі твая краіна нападае на суседнюю краіну, ты разумееш, што ты расеец і мусіш цяпер з гэтым жыць.
  • Калі сацыялягічныя апытаньні кажуць, што за Пуціна 85%, вялікая спакуса далучыцца да гэтай большасьці. Калі людзі бачаць, што паводзіны іншых людзей узнагароджваюцца, яны пачынаюць паводзіць сябе гэтак жа. Гэтаксама паводзяць сябе і жывёлы ў статку: усе пабеглі, і я пабег.
  • Вядомы псыхалягічны мэханізм — столькі людзей ужо загінулі, значыць, трэба працягваць вайну да перамогі. Ён вельмі ўласьцівы людзям, якія прынялі рашэньне аб вайне. Калі яны гэта спыняць, то яны акажуцца ідыётамі. Таму яны будуць ісьці наперад. Як доўга — ня маю адказу на гэтае пытаньне.
  • Мае заходнія калегі пытаюцца — калі ж расейцы выйдуць на вуліцы і скінуць Пуціна. Ня бачу перадумоваў для гэтага. Рэакцыяй на вялікія страты на вайне і цяжар санкцыяў можа стаць яшчэ большая падтрымка ўлады, прынамсі, ад той часткі грамадзтва, якая ідэнтыфікуе сябе зь дзяржаваю.
  • Аднак большасьць насельніцтва ўсё ж дастаткова апалітычная. Наконт сваіх уласных праблемаў у іх мазгі выдатна працуюць. Многім больш даспадобы любіць Пуціна, седзячы недзе хаця б у Турэччыне.
  • Зараз зьяжджаюць ня толькі айцішнікі, зьяжджаюць і людзі з прамытымі мазгамі. Прапаганда ў іх у адной палове галавы, а практычныя жыцьцёвыя рашэньні — у іншай.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG