Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паміж расейцамі і беларусамі вялізная розьніца». Украінскі маркетоляг расказаў, якую рэакцыю ў Беларусі выклікала антываенная рэкляма


Андрэй Шараеўскі
Андрэй Шараеўскі

Андрэй Шараеўскі з канца лютага спрабуе супрацьстаяць расейскай і беларускай прапагандзе, здымаючы антываенную рэкляму для аўдыторыі зь Беларусі і Расеі.

Інтэрнэт-маркетоляг Андрэй Шараеўскі з Украіны некалькі гадоў працаваў у вялікіх карпарацыях, пасьля заснаваў уласнае агенцтва і завёў свой канал на YouTube, прысьвечаны інтэрнэт-маркетынгу.

Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны 24 лютага ён разам зь іншымі маркетолягамі з Украіны вырашыў супрацьстаяць прапагандзе ў Расеі. Для гэтага ініцыятыўная група пачала ствараць антываенны кантэнт і пашыраць яго для карыстальнікаў з Расеі, а пасьля і Беларусі.

«80-90% камэнтароў з Расеі былі пра тое, што гэта ўсё няпраўда»

«Так атрымалася, што прыкладна ў 20-х днях лютага маркетолягі ва Украіне стыхійна і нават асобна адзін ад аднаго пачалі перакладаць украінскія навіны на расейскую мову і запускаць іх там у выглядзе рэклямы, — расказвае Андрэй. — У нас яшчэ была надзея, што расейцы возьмуцца за галаву і пойдуць на мітынгі. Мы бралі навіны і рабілі контрапраганду. Запускалі рэкляму таксама пра разьбітыя калёны (расейскіх войскаў. — РС), пра забітых салдатаў. І ўсё гэта трансьлявалі на Расею. А пасьля сутыкнуліся з тым, што 80-90% камэнтароў былі пра тое, што гэта ўсё няпраўда, фэйкі і выразкі з тэлесэрыялаў і кампутарных гульняў».

Андрэй расказвае, што каманда адчула татальны супраціў з боку расейскай аўдыторыі. Яны пачалі кампанію пошуку родных расейскіх салдат, якія ваююць ва Ўкраіне. Ім пісалі паведамленьні, што іх родны загінуў ва Ўкраіне альбо трапіў у палон. Адказы атрымлівалі ў стылі «Гэта ўсё няпраўда, не выдумляйце».

Па словах маркетоляга, прыкладна з 8 сакавіка каманда вырашыла пачаць працу зь беларускай аўдыторыяй. Да Андрэя і яго паплечнікаў дайшлі чуткі, што на беларускай тэрыторыі войска фармуе атрады для адпраўкі ва Ўкраіну.

«Паводле чутак, беларускі дэсантнікі зьбіраліся наступаць на тэрыторыю Ровенскай вобласьці Ўкраіны, — расказвае суразмоўца. — І мы вырашылі, што будзем запускаць рэкляму на Беларусь. Запускалі антываенныя ролікі на YouTube і Facebook. Пісалі звароты. Маўляў, „Браты-беларусы, ня трэба паміраць за Лукашэнку. Вы самі разумееце, што ў нашай арміі досьвед вайны ўжо восем гадоў і таму вашыя салдаты тут ненадоўга“. Запускалі ўсякія відэа пра тое, што нам з вамі жыць і сябраваць, гэтак далей. І мы заўважылі, што нэгатыву, які ў выпадку з расейскай аўдыторыяй складаў 80-90%, у Беларусі абсалютна не было. Паміж расейцамі і беларусамі вялізная розьніца, для мяне гэта стала шокам».

Пост Шараеўскага ў Фэйсбуку, які стаў папулярным у беларусаў:

«Беларусь сёньня, як Херсонская вобласьць ва Ўкраіне»

Андрэй Шараеўскі таксама гаворыць, што да падзей лютага 2022 году меў знаёмых у Беларусі. Чыноўнікаў, сярод якіх ёсьць адзін дырэктар вядомага ў краіне заводу. Усе яны былі заўсёды прарасейскімі, таму ва ўкраінскага маркетоляга склалася ўражаньне, што ва ўсёй Беларусі пераважваюць акурат прарасейскія настроі.

«Але калі мы запусьцілі рэкляму на Беларусь, я пабачыў, што гэта ўсё няпраўда, — працягвае маркетоляг. — CTR — гэта паказчык таго, наколькі людзі актыўна клікаюць на рэкляму. У Беларусі ён склаў каля 30%. Гэта неймаверны паказчык. Таму што звычайна рэкляма лічыцца пасьпяховай, калі ёсьць 5%. А тут 30% (у Расеі было да 8-10%. — РС). Гэта на сотні працэнтаў пераўзыходзіць норму. А найбольш мяне ўразіў YouTube. Там глыбіня праглядаў праўкраінскіх ролікаў была 25%. Пры гэтым для YouTube выдатным лічыцца 10%».

Андрэй расказвае, што, у адрозьненьне ад расейскай аўдыторыі, беларусы ня вельмі шчодра пісалі камэнтары да відэа. Але тыя, хто пісаў, выказвалі падтрымку.

«Людзі пісалі, што яны з намі, што для беларусаў гэтая вайна — трагедыя і гэтак далей, — расказвае Андрэй. — Я крыху пацягнуў за гэтую нітку, пачаў размаўляць зь людзьмі ў прыватных паведамленьнях. І я пабачыў, што людзі там (у Беларусі. — РС) моцна цярпяць. Ня памятаю, хто напісаў, што Беларусь сёньня, як Херсонская вобласьць ва Ўкраіне. Яна акупаваная, там напоўніцу ідуць рэпрэсіі. Людзі спалоханыя і ня ведаюць, чым дапамагчы. Гэтая падтрымка ад беларусаў, і непасрэдная, і ўскосная, яна вельмі моцна адчуваецца».

«Беларусы проста сьмяюцца з прапаганды»

Андрэй Шараеўскі гаворыць, што ва Ўкраіне ўжо пачынаюць разумець, што беларусы таксама спрабуюць супраціўляцца. Даходзяць зьвесткі пра «рэйкавую вайну» і сабатаж у войску. А пасьля пачатку мэдыйнай кампаніі ў ініцыятыўную групу самога Андрэя ўвайшлі некалькі дзяўчат зь Беларусі, якія дапамагаюць з дызайнам.

«Вядома, гэтыя мае высновы нельга трансьляваць на ўсю Беларусь, на офлайн, — гаворыць маркетоляг. — На людзей, якім за 60 гадоў. Пра іх я нічога не магу сказаць. Яны сябе ніяк не праяўляюць у digital. Але ў катэгорыі ад 18 да 50, па маіх назіраньнях, каля 60% падтрымліваюць Украіну альбо не падтрымліваюць Расею. Так больш правільна будзе сказаць, напэўна».

Суразмоўца расказвае, што са сваіх назіраньняў можа сказаць аб нежаданьні беларусаў удзельнічаць у вайне на баку Расеі. Ён прадбачыць, што калі Лукашэнка аддасьць такі загад, то мы ўсе зможам пабачыць татальны сабатаж і адмову выконваць загады.

«Гэта могуць быць дывэрсіі, здача ў палон, альбо беларусы нават разьвернуцца ў другі бок, — гаворыць Андрэй. — Я думаю, што падтрымкі загаду ваяваць супраць украінцаў сярод беларусаў дакладна ня будзе. Прапаганда ў Расеі жалезабэтонная. Яна настолькі моцна засела ў галовах людзей, што на сёньня мы, маркетолягі з Украіны, адчуваем — без тэлевізіі мы там нічога ня зможам зрабіць, каб пераканаць людзей. У Беларусі прапаганда нашмат слабейшая, гэта пародыя. Мне здаецца, людзі там проста сьмяюцца з таго, што ім трансьлююць».

«Я цяпер усюды кажу, што Беларусь нас падтрымлівае. Шмат хто з гэтага сьмяецца»

Па словах маркетоляга, у Беларусі нашмат больш, чым у Расеі, папулярныя альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. Гэта ў першую чаргу тэлеграм-каналы і іншыя крыніцы ў інтэрнэце. Акрамя гэтага, паміж беларусамі і расейцамі ёсьць вялікія мэнтальныя адрозьненьні.

«Расейцы адчуваюць сябе жыхарамі вялікай імпэрыі, — кажа Андрэй. — У беларусаў іншая гісторыя. Магчыма, гэта неяк генэтычна нават праяўляецца. Беларусы не асацыююць сябе з імпэрыяй, яны ўсё ж асобна. У беларусаў могуць быць альтэрнатыўныя погляды і думкі. Магчыма, розьніца ў гэтым».

Андрэй прызнае, што пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне пагоршылася стаўленьне як да Беларусі, так і да беларусаў. Далёка ня ўсе ўкраінцы разумеюць, што сапраўды адбываецца ў Беларусі і якая розьніца ёсьць паміж беларусамі і расейцамі.

«Сёньня ўкраінцам няма калі разьбірацца ў тым, што адбываецца ў Беларусі, — гаворыць Андрэй. — Ёсьць факты, што Беларусь выкарыстоўваецца як пляцдарм для нападу на Ўкраіну. І калі людзі сядзяць пад абстрэламі, то яны ня пойдуць у інтэрнэт шукаць інфармацыю пра тое, што там сапраўды ў Беларусі адбываецца. Я цяпер усюды кажу, што Беларусь нас падтрымлівае. Шмат хто з гэтага сьмяецца. Мне адказваюць, што калі б беларусы нас падтрымлвіалі, то яны б не прынялі расейскія войскі. Мне здаецца, што беларусам зараз самім трэба націснуць на прапаганду. Паказаць свае сапраўдныя думкі. Але я думаю, што ў гэтай вайне будзе момант, калі беларусы сябе вельмі яскрава праявяць. І тады украінцы зразумеюць, як яно ёсьць папраўдзе».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG