Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для беларускага грамадзтва гэтая вайна чужая і нават вар’яцкая: вынікі сакавіцкага апытаньня Chatham House


Надпіс на адным з пад'ездаў у Менску. Сакавік 2022
Надпіс на адным з пад'ездаў у Менску. Сакавік 2022

Як беларусы ставяцца да ўдзелу Беларусі ў вайне ва Ўкраіне? Як зьмянілася іхнае стаўленьне да Расеі ў выніку вайны? Якое стаўленьне беларусаў да ўдзелу іх краіны ў вайне і ці адчуваюць яны адказнасьць за гэты ўдзел?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня.

Астапеня

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня
  • Апошняе апытаньне (PDF) Chatham House праводзіў у Беларусі 5-14 сакавіка (выбарка — 896 чалавек, гараджане, якія карыстаюцца інтэрнэтам). Мы раней агучылі лічбу — толькі 3% апытаных выказаліся за ўдзел Беларусі ў ваенных дзеяньнях на баку Расеі.
  • Увесь час ідуць чуткі пра тое, што беларускія войскі будуць уведзеныя на тэрыторыю Ўкраіны. Мы лічылі важным назваць колькасьць людзей, якія гэта падтрымліваюць.

    Мы задавалі пытаньне, што Беларусь мусіць рабіць падчас цяперашняй вайны. Калі падсумаваць адказы, то за тое, каб так ці інакш падтрымаць у гэтай вайне Расею, выказвалася прыкладна траціна рэспандэнтаў. Пры гэтым толькі 3% выказаліся за падтрымку Расеі беларускімі войскамі.
Вынікі сакавіцкага апытаньня Chatham House у Беларуси пра тое, як беларусы ставяцца да ўдзелу Беларусі ў вайне ва Ўкраіне
Вынікі сакавіцкага апытаньня Chatham House у Беларуси пра тое, як беларусы ставяцца да ўдзелу Беларусі ў вайне ва Ўкраіне
  • 20% выказаліся за тое, каб Беларусь падтрымала ў вайне Ўкраіну, пры гэтым 1% мяркуе, што Беларусі варта ваяваць на баку Ўкраіны супраць Расеі.
  • І чвэрць апытаных выказаліся за нэўтралітэт Беларусі ў гэтым узброеным канфлікце; за тое, каб яна не была ні на чыім баку, і за вывад замежных войскаў з тэрыторыі Беларусі.
  • Беларусы падзеленыя ў сваіх сымпатыях, перавага ў сымпатыях беларусаў у гэтым канфлікце — на баку Расеі.
Вынікі сакавіцкага апытаньня Chatham House у Беларуси пра тое, як беларусы ставяцца да ўдзелу Беларусі ў вайне ва Ўкраіне
Вынікі сакавіцкага апытаньня Chatham House у Беларуси пра тое, як беларусы ставяцца да ўдзелу Беларусі ў вайне ва Ўкраіне
  • Але падтрымка як Расеі, так і Ўкраіны, у асноўным «канапная». У прынцыпе беларусы ня хочуць, каб беларускія войскі ўдзельнічалі ў гэтым канфлікце. І гэтая думка пераважае сярод усіх групаў грамадзтва — і сярод маладых, і сярод старых; і сярод прыхільнікаў, і сярод праціўнікаў Лукашэнкі.
  • Нашае пытаньне пра стаўленьне да вайны адрозьніваецца ад таго, якое задавалі расейцам расейскія сацыёлягі — як ВЦИОМ і ФОМ, так і «Левада-цэнтар»(як вы ставіцеся да «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі?»). Але, у адрозьненьне ад расейцаў, большасьць беларусаў ня лічыць, што гэтая вайна ім патрэбная.
  • Яшчэ больш моцная ўпэўненасьць у беларусаў у тым, што іх войску ня трэба ў гэтую вайну ўлазіць і там паміраць.
Вынікі сакавіцкага апытаньня Chatham House у Беларуси пра тое, як беларусы ставяцца да ўдзелу Беларусі ў вайне ва Ўкраіне
Вынікі сакавіцкага апытаньня Chatham House у Беларуси пра тое, як беларусы ставяцца да ўдзелу Беларусі ў вайне ва Ўкраіне
  • Беларусь, зьяўляючыся суагрэсарам, зьяўляецца і ахвярай гэтай вайны, яна аказалася закладніцай кіраўніцтва Беларусі і Расеі. Для беларускага грамадзтва гэтая вайна чужая і нават варʼяцкая.
  • У беларусаў добрае стаўленьне і да Расеі, і да Ўкраіны, гэта блізкія ім народы і мэнтальна, і культурна. Гэта ў значна меншай ступені нашая вайна, чым гэтага хацелі б у Расеі.
  • Пакаленьню 18-24-гадовых вельмі часта цяжка адказаць на пытаньне аб стаўленьні да вайны. Людзі, якім больш за 55 гадоў, часьцей займаюць выразныя пазыцыі ў гэтым пытаньні. Людзі з вышэйшай адукацыяй часьцей лічаць, што трэба асудзіць Расею і што Беларусі варта захоўваць нэўтралітэт у гэтым канфлікце.
  • Прыхільнікі ўлады часьцей выступаюць за тое, каб падтрымаць Расею. Сярод іх 7% выступаюць за ўзброены ўдзел Беларусі ў канфлікце на баку Расеі. І гэта фактычна адзіныя людзі ў Беларусі, хто за такі варыянт.
  • Беларускае грамадзтва можна падзяліць на тры групы: спажывальнікаў беларускіх і расейскіх дзяржаўных СМІ, спажывальнікаў расейскіх недзяржаўных СМІ, спажывальнікаў беларускіх недзяржаўных і ўкраінскіх СМІ.
  • Спажывальнікі беларускіх і расейскіх дзяржаўных СМІ ў значна большай ступені за Расею, падтрымліваюць яе ў гэтым канфлікце. Спажывальнікі беларускіх незалежных СМІ і ўкраінскіх мэдыя больш схільныя да асуджэньня пазыцыі Расеі і да нэўтральнасьці Беларусі ў вайне.
  • У апытаньні 24% выказаліся супраць шчыльных стасункаў з Расеяй, 20% — за ўступленьне Беларусі ў РФ.
  • Навідавоку палярызацыя стаўленьня да Расеі. Тыя, хто і раней ставіліся кепска да расейскага кіраўніцтва, сталі ставіцца яшчэ горш, сталі ненавідзець тое, што робіць Расея. Значная частка тых, хто раней ставіліся ляяльна да Расеі, цяпер узмацнілі гэтае сваё стаўленьне, ажно да гатоўнасьці да далучэньня Беларусі да Расеі.
  • Раней многія прарасейскія людзі ў Беларусі ўскладалі свае спадзевы на Лукашэнку. Але цяпер ён вельмі слабы, у іхных вачах у тым ліку. З другога боку, яны бачаць у Пуціну рашучага лідэра.
  • Людзі, якія любілі Беларусь Лукашэнкі, бачаць, што яна сканчаецца. Трэба шукаць новых гаспадароў. І Расея для іх — пэўны выбар.
  • Да вучэньняў расейскіх войскаў у Беларусі як такіх у людзей стаўленьне нармальнае. Калі гэтых войскаў шмат — стаўленьне ўжо горшае. Да выкарыстаньне беларускай тэрыторыі і вайсковай інфраструктуры для вайны стаўленьне найгоршае. Толькі 16% апытаных станоўча ставіцца да таго, што Расея выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю для ўдараў па Ўкраіне.
  • Мы задавалі пытаньне пра магчымае разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай вайсковай базы і пра разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі. Пра базу мы пыталіся ўжо шмат разоў. Беларусы ў прынцыпе не хацелі б гэтай базы, пазытыўна да гэтага ставіцца 24%, да разьмяшчэньня ядзернай зброі — 20%. Нават ня ўсе прыхільнікі ўлады ставяцца станоўча да гэтага.
  • 42% апытаных адказалі, што Беларусь удзельнічае ў вайне, але толькі 22% пагадзіліся, што Беларусь зьяўляецца агрэсарам у гэтай вайне.
  • Зь беларускай тэрыторыі ляцяць ракеты на Ўкраіну. Гаварыць, што мы ня ўдзельнічаем у вайне, гэта, мякка кажучы, дзіўна. Тыя, хто лічыць, што Беларусь ня ўдзельнічае ў вайне, — гэта звычайна прыхільнікі ўлады.
  • А прыхільнікі пратэсту, апазыцыі, часьцей кажуць, што Беларусь удзельнічае ў вайне, але пры гэтым для многіх зь іх Беларусь не зьяўляецца агрэсарам.
  • Для гэтых людзей Беларусь была акупаваная яшчэ ў 2020 годзе. А што беларусы могуць зрабіць?
  • Калі гаварыць пра чаканьні, то людзі чакаюць крызісу. Многія рэчы, пра якія мы пыталіся, ужо адбыліся — гэта і рост цэнаў ды курсу даляра, і немагчымасьць купіць валюту, і дэфіцыт тавараў.
  • Мы ня бачым зьменаў ва ўзроўні апазыцыйных настрояў. Ціханоўская сапраўды перамагла на выбарах 2020 году дзякуючы таму, што здолела пабудаваць шырокую кааліцыю. І яна ўключала ў сябе ладную частку людзей прарасейскіх поглядаў. Зараз пэўная доля гэтых людзей будзе «адвальвацца», таму што Ціханоўская і іншыя лідэры новай апазыцыі занялі праўкраінскую пазыцыю ў гэтай вайне.
  • З другога боку, частка прыхільнікаў Лукашэнкі «адваліцца» ад яго. Эканамічныя наступствы вайны ўжо навідавоку. Я сам з Салігорску, таму я ведаю, што «Беларуськалій» спыняецца.
  • Ізноў павялічваецца сярэдзіна. Апазыцыя супраць Расеі, а Лукашэнка прывёў да пагаршэньня эканамічнага становішча, а можа, і ўцягне ў чужую вайну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG