Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта новая Канстытуцыя? Вынікі апытаньня Chatham House


Галасаваньне на рэфэрэндуме па Канстытуцыі
Галасаваньне на рэфэрэндуме па Канстытуцыі

Як, паводле апытаньня Chatham House, беларусы ставяцца да канстытуцыйнага рэфэрэндуму? Ці гатовыя яны, як у жніўні 2020 году, адстойваць свой голас? Як беларускія гараджане ставіліся да магчымай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай?

Напрыканцы студзеня-напачатку лютага брытанскі дасьледны цэнтар Chatham House правёў чарговае онлайн-апытаньне гарадзкога насельніцтва Беларусі.

Пра вынікі дасьледаваньня на канале Свабода Premium распавядае доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня.

Астапеня

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня
  • 50% апытаных дэкляравалі, што зьбіраюцца ісьці на рэфэрэндум, 30% адказалі, што ня пойдуць галасаваць, яшчэ 20% ухіліліся ад адказу. Так што да пэўнай ступені беларусам рэфэрэндум цікавы. Гэта адпавядае і заклікам дэмакратычнай апазыцыі, якая заклікае ісьці на рэфэрэндум.
  • Гэтая гатоўнасьць галасаваць значна ніжэйшая, чым была на выбарах 2020 году. Тады на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 75-80% выбаршчыкаў.
  • Магчыма, людзям цікавы ня столькі сам рэфэрэндум, але для іх галасаваньне — гэта форма палітычнага ўдзелу. Такіх формаў у Беларусі засталося вельмі няшмат.
  • Прыйсьці на рэфэрэндум, вынікі якога будуць сфальсыфікаваныя — адна зь нешматлікіх опцыяў, якія засталіся.
  • Мы не задавалі наўпрост пытаньне, як людзі зьбіраюцца галасаваць на рэфэрэндуме. Мы зьбіраемся высьветліць, як людзі галасавалі, у апытаньні, якое правядзем пасьля рэфэрэндуму.
  • Толькі чвэрць апытаных адказала, што бачыла праект Канстытуцыі. Нагадаю, апытаньне было напрыканцы студзеня-напачатку лютага.
  • Але нават людзі, якія чыталі праект Канстытуцыі, далёка ня ўсе ведаюць і разумеюць, у чым яго асаблівасьці і чым праект адрозьніваецца ад дзейнай Канстытуцыі. Мы не зафіксавалі, каб нейкія палажэньні выклікалі дыскусіі, розныя думкі, спрэчкі. Ня будуць жа беларусы ўсур’ёз абмяркоўваць, што сямʼя — гэта саюз мужчыны і жанчыны.
  • Пра нэўтралітэт мы пыталіся некалькі разоў у папярэдніх хвалях апытаньняў. Кожны раз мы атрымлівалі вынік, што большасьць апытаных хацелі, каб тэза аб імкненьні да нэўтралітэту засталася ў Канстытуцыі.
  • Прапанова ўпісаць у Канстытуцыю тэзу, што з Беларусі ня будзе сыходзіць агрэсія адносна іншых краінаў, не выглядае пераканаўчай. Відавочна, што такая пагроза існуе. Міністар замежных справаў Уладзімір Макей падчас вучэньняў «Саюзная рашучасьць-2022» заявіў, што пасьля іх завяршэньня расейскія войскі пакінуць Беларусь. Аднак гэтага не адбылося.
  • Стаўленьне да Ўсебеларускага народнага сходу ў большасьці нэгатыўнае, яны ня думаюць, што рашэньням УНС варта давяраць, што ён прадстаўляе народ, што гэта эфэктыўны спосаб дыялёгу.
  • Людзі ўспрымаюць гэта проста як нейкую забаўку Лукашэнкі. Год таму, калі мы пыталіся пра ЎНС, ішла падрыхтоўка да чарговага сходу. Цяпер пасяджэньне ЎНС не плянуецца. Да таго ж людзям не зусім зразумела, як будзе функцыянаваць гэты орган з новымі паўнамоцтвамі.
  • У выніку шмат людзей проста ня могуць адказаць пра сваё стаўленьне да ЎНС. Нават частка прыхільнікаў Лукашэнкі не разумее, навошта патрэбная гэтая новая Канстытуцыя, дзеля чаго патрэбны ЎНС з новымі паўнамоцтвамі.
  • Мы пыталіся ў людзей, ці зьбіраюцца яны адстойваць свой голас на рэфэрэндуме, калі будуць дакладна ведаць, што галасаваньне будзе сфальсыфікаванае.
  • Палова апытаных кажа, што нічога рабіць не зьбіраецца. 13% рэспандэнтаў кажуць, што гатовыя падпісваць калектыўныя звароты для абароны свайго голасу і ў мірных пратэстах. 7% кажуць, што гатовыя ўдзельнічаць у страйку.
  • Я бачыў лічбы адпаведных апытаньняў, якія рабіліся летам 2020 году, напярэдадні тагачасных выбараў. Цяперашняя гатоўнасьць абараняць свой выбар ніжэйшая, чым тады.
  • Цяпер узрос уплыў фактара страху, у тым ліку і пры адказах на пытаньні сацыялягічных апытаньняў. Некаторыя проста асьцерагаюцца адказваць на такія вострыя пытаньні.
  • Я магу прарэклямаваць дасьледаваньне «Народнага апытаньня». Паводле яго вынікаў беларускі пратэст можа разгарэцца вельмі хутка, калі для яго будуць спрыяльныя ўмовы, нават проста адсутнасьць рэпрэсіяў. Ёсьць нейкае ядро людзей, якія гатовыя пратэставаць. Калі выйдзе гэтае ядро, за імі пойдуць многія іншыя людзі.
  • У Беларусі зьмяншаецца колькасьць людзей, якія ўхваляюць далучэньне Крыму да Расеі. Але што не мяняецца, дык гэта меркаваньне большасьці, што Беларусь павінная быць нэўтральнай ва ўзброеным канфлікце паміж Расеяй і Украінай, яны лічаць удзел у ёй Беларусі — гэта катастрофа для Беларусі. Беларусы на хочуць, каб беларускія салдаты ехалі на гэтую вайну.
  • 56% адказалі, што Беларусь павінная займаць нэўтральную пазыцыю ў такой вайне. 18% далі адваротны адказ, астатнія адмовіліся адказваць.
  • Мы давалі варыянт адказу «Беларусь павінная падтрымаць свайго саюзьніка — Расею — і адправіць ва Ўкраіну сваіх салдатаў». Станоўча адказалі толькі 13%. У адказах на гэтае пытаньне назіраецца раскол прыхільнікаў Лукашэнкі, частка зь іх гатовая падтрымаць такую авантуру, але далёка ня ўсе.
  • Ніводны навуковец не аспрэчвае нашыя дадзеныя. Іх хапае па абодва бакі барыкадаў. У экспэртнай супольнасьці ўсе ведаюць, што мы слухаем крытыку, мы публікуем «сырыя» дадзеныя сваіх апытаньняў, людзі маюць магчымасьць іх правяраць.
  • У апошнім, лістападаўскім 2021 году апытаньні мы вымералі памер фактару страху. І ў прэзэнтацыі апошняга апытаньня мы на першай старонцы канстатуем, што ў Беларусі ёсьць страх. Але мы бачым, што гэты страх не такі, які зьнішчае ўсё дасьледаваньне.
  • Але мы ж разумеем, што крытыка — гэта не пра навуку. Хочацца паставіць нас на фоне зачыненых дзьвярэй і прымусіць прасіць прабачэньня.
  • Калюмніст «Советской Белоруссии» Андрэй Мукавозчык часта прыгадвае мяне ў сваіх артыкулах. Гэтаму, уладнаму боку не падабаецца, што мы ў нашых дасьледаваньнях паказваем, што Лукашэнка прайграў выбары 2020 году. Нашыя дасьледаваньні паказваюць, што большасьць патрабаваньняў пратэсту падтрымлівае большасьць беларускага грамадзтва.
  • Для ўлады гэта велізарны выклік. Шмат хто з замежных палітыкаў і дасьледчыкаў спасылаюцца на нашыя дадзеныя. Мы былі першыя, хто апублікаваў сацыялягічныя дадзеныя пра вынікі выбараў 2020 году. Нашымі дадзенымі часта апэравалі, калі казалі пра нелегітымнасьць Лукашэнкі.
  • Калі казаць пра іншы палітычны бок, то для яго ёсьць праблема, што ў Лукашэнкі ёсьць падтрымка ў 30%. Гэта людзей бянтэжыць. Для іх — жыцьцёвы выклік тое, што прыхільнікаў Лукашэнкі — ня 3%. І шукаюць тлумачэньне гэтаму ў тым, што мы няправільна праводзім апытаньні.
  • І гэта для сацыялёгіі абсалютна натуральна — што нашыя лічбы не падабаюцца людзям, бо яны часам супярэчаць іх уяўленьням пра жыцьцё і сьвет. Мы можам толькі з пакорай гэта прыняць і працягваць абнародаваць тое, што паказваюць нашыя лічбы.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG