Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго ня любяць беларусы? Вынікі апошняга апытаньня Chatham House


Менск, 19 кастрычніка 2020
Менск, 19 кастрычніка 2020

Брытанскі дасьледчы цэнтар Chatham House правёў летась у лістападзе чарговае, шостае онлайн-апытаньне гарадзкога насельніцтва Беларусі. Як, паводле апытаньня, ставяцца адзін да аднога прыхільнікі і праціўнікі Лукашэнкі? Які ўзровень страху ў беларускім грамадзтве? Як зьмяніліся пратэставыя настроі за год? Каго беларусы хацелі б бачыць прэзыдэнтам краіны?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня.

— У гэтым дасьледаваньні было некалькі новых пытаньняў. Адно зь іх тычылася вымярэньня так званай сацыяльнай дыстанцыі з прадстаўнікамі розных этнасаў, сэксуальных меншасьцяў, з гарачымі прыхільнікамі і праціўнікамі існай у Беларусі ўлады. Шкала стаўленьня да іх — ад «гатовы зь імі парадніцца» да «не хацеў бы іх бачыць у нашай краіне». Якія вынікі былі атрыманыя?

— Гэта стандартная шкала сацыяльнай дыстанцыі Багардуса, якая выкарыстоўваецца ў сацыялягічных дасьледаваньнях у розных краінах сьвету.

  • Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі менш талерантныя да ўсіх сацыяльных групаў. Беларусы ў цэлым даволі добра ставяцца да расейцаў, да ўкраінцаў, да палякаў. Горшае стаўленьне — да габрэяў, да французаў, да ўраджэнцаў Блізкага Ўсходу. Што аб’ядноўвае прыхільнікаў Лукашэнкі і прыхільнікаў пратэсту — гэта нэгатыўнае стаўленьне да цыганоў (ромаў).
Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня
  • Выяўлена моцная ўзаемная непрыязь паміж праціўнікамі і прыхільнікамі Лукашэнкі. Гарачыя прыхільнікі Лукашэнкі шчыра ненавідзяць яго праціўнікаў. І наадварот, хоць у праціўнікаў Лукашэнкі ўзровень непрыязі да іх апанэнтаў крыху меншы.
  • Гэта пацьвярджае вынікі нашых папярэдніх дасьледаваньняў, паводле якіх палітычныя апанэнты карыстаюцца рознымі крыніцамі інфармацыі і слаба ўяўляюць сабе, як і чым жыве «іншы барак».
  • Палітычныя апанэнты — «ядро пратэсту» і «бастыён Лукашэнкі» — ставяцца адзін да аднаго горш, чым да ўсіх астатніх этнічных і сацыяльных групаў, у тым ліку і горш, чым да тых жа геяў і цыганоў.

— Ва ўсіх вашых дасьледаваньнях акрамя «ядра пратэсту» і «бастыёна Лукашэнкі» прысутнічае і група «нэўтралаў». Наколькі талерантная яна?

— Яны ў сваім стаўленьні да розных сацыяльных групаў прамежкавыя: яны больш талерантныя, чым «бастыён Лукашэнкі», і пры гэтым менш талерантныя, чым «ядро пратэсту». Паказьнікі іх стаўленьня блізкія да сярэдніх па ўсёй выбарцы. Што іх адрозьнівае — гэта досыць спакойнае, талерантнае стаўленьне і да прыхільнікаў, і да праціўнікаў Лукашэнкі. Гэтая група мае кантакты з абодвума лягерамі, яны чуюць і адных, і другіх.

— Вельмі часта гаворыцца, што ў аўтарытарным грамадзтве сацыялягічныя апытаньні даюць недакладную, неадэкватную карціну, бо дзейнічае фактар страху — людзі баяцца шчыра адказваць. У лістападаўскім апытаньні вы ўжылі вельмі цікава дасьціпны прыём для выключэньня гэтага фактару страху і адначасна для яго вымярэньня. Раскажыце, што ў вас атрымалася і які памер гэтага фактару ў вашым онлайн-апытаньні гарадзкога насельніцтва.

— Чаму людзі з падазрэньнем ставяцца да сацыялягічных апытаньняў у аўтарытарных краінах? Таму што няма нармальных інструмэнтаў вымярэньня грамадзкіх настрояў — няма выбараў. Таму да дасьледчыкаў стаўленьне, як да сумленнай ЦВК, якая можа дакладна падлічыць галасы. Вынік апытаньняў паказвае хутчэй трэнд, чым дакладнае разьмеркаваньне палітычных перавагаў.

  • Нам закідалі, што ёсьць фактар страху. Ён і сапраўды ёсьць. У Расеі «Левада-цэнтар» таксама вымярае памеры гэтага фактару. Нашае вымярэньне паказвае, што гэты фактар складае прыкладна 8-9%.
  • Практыка паказвае: калі людзі прыхільныя пратэсту, але асьцерагаюцца адказваць шчыра, то, сутыкаючыся з вострымі пытаньнямі (кшталту «Ці давяраеце вы Лукашэнку?», «Ці прагаласавалі вы за Лукашэнку?»), яны часьцей пазьбягаюць адказу, чым гавораць, што падтрымліваюць Лукашэнку.
  • У нашым дасьледаваньні мы выкарысталі два адмысловыя прыёмы, якія выкарыстоўваюцца ў дасьледаваньнях на Захадзе, якія дазваляюць вызначыць сапраўдныя думкі людзей, нават калі яны ня схільныя іх выказваць.
  • Пры ўжываньні гэтых адмысловых прыёмаў мы атрымалі, што ў жніўні 2020 году за Ціханоўскую галасавала каля 60% гараджанаў. Калі ў верасьні 2020 году мы задавалі прамое пытаньне пра галасаваньне на выбарах 9 жніўня, то пра галасаваньне за Ціханоўскую паведамілі 51% апытаных. Калі мы даём магчымасьць рэспандэнтам схаваць свой адказ, то мы маем паказьнік, вышэйшы прыкладна на 8-9 адсоткавых пунктаў.
  • Фактар страху сапраўды мае месца. Але ён не неабсяжны, ён не такі, што кардынальна скажае ўсе вынікі.

— У вашым апытаньні вы задалі рэспандэнтам некалькі пытаньняў, якія задаваліся ў апошнім апытаньні НІСЭПД, сацыялягічнага цэнтру, разгромленага ўладамі ў 2016 годзе. Сваё апошняе апытаньне НІСЭПД правёў у чэрвені 2016 году. Што зьмянілася ў грамадзкай думцы беларусаў за 5 гадоў?

— Параўнаньне паказала, што з 2016-га па 2021 год грамадзтва ня так моцна і зьмянілася. Але, з другога боку, параўнаньне паказвае, што падзеі 2020 году сьпелі даўно.

  • І ў 2016 годзе ладная частка беларусаў лічыла, што дзяржава не прадстаўляе іхных інтарэсаў або прадстаўляе ў вельмі малой ступені. На пытаньне, на каго абапіраецца Лукашэнка, і 5 гадоў таму большасьць (тады адносная) лічыла, што на чынавенстве і на сілавым апараце.
  • Гэта ўсё было, а ў 2021 годзе гэтыя настроі ўзмацніліся. Цяпер ужо абсалютная большасьць апытаных гаворыць, што Лукашэнка трымаецца на сілавіках.
  • Праўда, на думку прыхільнікаў Лукашэнкі, ён трымаецца пераважна на прафэсіяналах, спэцыялістах, а таксама на падтрымцы простага народу. У той жа час, на думку праціўнікаў Лукашэнкі, сыстэма ў Беларусі трымаецца на сілавіках і ў меншай ступені на «вэртыкалі».
  • Значная частка прыхільнікаў Лукашэнкі шчыра верыць, што яны складаюць большасьць.

— Ці зьмяніліся пратэставыя настроі ў параўнаньні з папярэднім апытаньнем? А ў параўнаньні зь першым, у верасьні 2020 году?

— Мы бачым дэпалітызацыю беларускага грамадзтва. Гэта зьвязана і са страхамі, і з расчараваньнем. Пратэст абʼектыўна прайграў, і невядома, якія шанцы ў яго ёсьць. І людзі гэта адчуваюць. У выніку яны робяцца менш прыхільнымі да пратэсту.

  • З другога боку, застаецца велізарная колькасьць людзей, якія падтрымліваюць пратэст і яго патрабаваньні. Большасьць беларусаў выступае, як і раней, за вызваленьне палітвязьняў і за спыненьне гвалту.
  • Дэпалітызацыя праяўляецца ў розных формах: мы бачым, як мяняецца колькасьць падпісчыкаў у тэлеграм-каналах і ў youtube-каналах, як мяняецца аўдыторыя мэдыя.
  • Але цікава, што палітычныя погляды грамадзтва са жніўня 2020 году не зьмяніліся. Як ён ня выйграў выбары тады, так ён ня выйграў бы сумленныя выбары і цяпер.
  • Было б лягічна, калі б шмат людзей далучыліся да пераможцы. Але ў Беларусі гэтага не адбылося. Усе разумеюць, што Лукашэнка разграміў пратэст. Але пры гэтым людзі ня робяцца лукашэнкаўскімі прыхільнікамі. Ёсьць 25-30%, якія падтрымліваюць яго, і гэтыя лічбы не мяняюцца.

— Рэйтынгі, папулярнасьць палітыкаў — ці адбыліся тут зьмены? Бабарыка, Лукашэнка, Латушка па-ранейшаму самыя папулярныя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты?

— Застаюцца 4 самыя папулярныя пэрсоны. Віктар Бабарыка і Аляксандар Лукашэнка — самыя папулярныя, іхная папулярнасьць на прыкладна аднолькавым узроўні. Пасьля іх ідуць Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская.

  • Калі ў Бабарыкі і Лукашэнкі па 25-30% падтрымкі, то ў Латушкі і Ціханоўскай — каля 10-13%. У Лукашэнкі рэйтынг устойлівы, у Бабарыкі і Латушкі мы бачым зьмяншэньне папулярнасьці.
  • Раней Ціханоўская ўспрымалася як жонка Сяргея Ціханоўскага. Але цяпер ужо Сяргей успрымаецца як муж Сьвятланы. Яе рэйтынг ужо не зьвязаны з рэйтынгам Сяргея.

— Ці адбываюцца зьмены ў стаўленьні да Расеі?

— Стаўленьне беларусаў да Расеі істотна не зьмяняецца. Яны як ставіліся да яе прыхільна, так і ставяцца — як да народу, як да краіны. Як раней прыхільнікі пратэсту нэгатыўна ставіліся да Ўладзіміра Пуціна, гэта таксама захавалася.

  • У прыхільнікаў Лукашэнкі вельмі добрае стаўленьне да Пуціна. Але і ў «нэўтралаў» таксама. Пры гэтым «нэўтралы», як і прыхільнікі пратэсту, лічаць, што Лукашэнка трымаецца ва ўладзе ў значнай ступені дзякуючы падтрымцы Пуціна.
  • Што тычыцца замежнапалітычных установак, то захоўваецца беларускі кансэнсус наконт жаданьня, каб Беларусь сябравала і з Усходам, і з Захадам. Калі ставіць пытаньне жорстка — з Расеяй ці з Захадам, то апытаныя дзеляцца прыкладна напалам. Калі ж даваць опцыю адказу — быць і з тымі, і з тымі, то адносная большасьць выбірае менавіта яе.
  • Некаторыя частка прыхільнікаў Лукашэнкі ненавідзіць Захад. Але далёка ня ўсе. Значная частка зь іх хацела б паляпшэньня адносінаў з Захадам.

— Місія АДКБ у Казахстане, у якой удзельнічалі і беларускія вайскоўцы, актуалізавала пытаньне стаўленьня да гэтага вайскова-палітычнага саюзу. І якое яно ў беларусаў?

— АДКБ да апошняга часу была вельмі расплывістай структурай, было ўражаньне, што гэта саюз цэнтральна-азіяцкіх дзяржаў, у якім зь незразумелых прычынаў знаходзіцца Беларусь.

  • Па выніках апытаньняў мы ўбачылі, што ў беларусаў ёсьць памкненьне да большай нэўтральнасьці. Мы задавалі пытаньні і пра стаўленьне да АДКБ, і пра стаўленьне да нэўтралітэту.
  • Я думаю, што гэтая апэрацыя АДКБ у Казахстане і ўдзел у ёй беларускіх вайскоўцаў узмацніць памкненьне да нэўтралітэту. Лукашэнка хоча на рэфэрэндуме прыбраць з Канстытуцыі артыкул пра імкненьне да нэўтралітэту. Беларусы зь ім не пагаджаюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG