Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы зьняверыліся ў пратэстах, але не палюбілі Лукашэнку. Гутарка з аўтарам апытаньня Chatham House


Акцыя пратэсту ў Менску 30 жніўня 2020 года
Акцыя пратэсту ў Менску 30 жніўня 2020 года

Як сёлета зьмянілася стаўленьне беларусаў да пратэстаў? Каго цяпер беларусы хочуць бачыць прэзыдэнтам краіны? Як незадавальненьне палітыкай Крамля адбілася на стаўленьні да Расеі і Пуціна?

Пра вынікі красавіцкага апытаньня Chatham House расказаў у інтэрвію каналу Свабода Premium кіраўнік беларускага праекту брытанскага дасьледніцкага цэнтру Рыгор Астапеня.

Астапеня

  • Найбольшыя зьмены тычацца таго, што беларусы зьняверыліся ў хуткай перамозе дэмакратычных сілаў над Лукашэнкам.
  • Раней палова апытаных падтрымлівала пратэст, зараз гэтая доля зьмяншаецца, павялічваецца колькасьць тых, хто адмаўляецца адказваць.
  • Павялічваецца колькасьць тых, хто спадзяецца, што Лукашэнка хутка сыдзе.
  • Але гэтыя зьмены не азначаюць, што людзі палюбілі Лукашэнку, што яны адмаўляюцца ад патрабаваньняў, якія яны падтрымлівалі ў верасьні, лістападзе і студзені.
Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня
  • Большасьць апытаных кажа, што не адчувае сябе ў небясьпецы, або не дае прамога адказу на пытаньне пра ўласную бясьпеку, толькі 32% кажуць, што адчуваюць сябе ў бясьпецы.
  • Вырасла колькасьць рэспандэнтаў, якія адмаўляюцца адказваць на пытаньні нашага онлайн-апытаньня, калі бачаць, што пытаньні пра палітыку.
  • Доля адмоваў манатонна расла зь першага, верасьнёўскага апытаньня.
  • Высьветлілася, што пра дату 17 верасьня, абвешчаную дзяржаўным сьвятам — Днём народнага адзінства — ведаюць толькі 18% беларускіх гараджанаў.
  • На захадзе краіны пра гэтую дату ведаюць каля траціны рэспандэнтаў, у Гомельскай і Магілёўскай абласьцях пра яе практычна проста ня ведаюць.
  • Стаўленьне пераважнай большасьці грамадзтва да гэтай даты — абыякавасьць.
  • Тыя, хто пра дату ўсё ж ведаў, мяркуюць, што добра, што адбылося ўзьяднаньне Беларусі, незалежна ад гістарычнага кантэксту.
  • Але ў людзей няма пачуцьця сьвята, а для часткі людзей гэта трагедыя.
  • У Расеі ёсьць адпаведнае сьвята, якое мае антыпольскую подбіўку.
  • Магчыма, Лукашэнка лічыць, што трэба гуляць на расейскім дыскурсе і зрабіць нешта антыпольскае.
  • З пачатку году да красавіка давер да ўсіх грамадзкіх і дзяржаўных інстытутаў зьнізіўся.
  • У некаторых інстытутаў зьніжэньне на 1 адсоткавы пункт, але ніхто ня стаў карыстацца большым даверам, зьніжаецца давер да ўсіх.
  • «Антылідэры» даверу — ЦВК (14%) і дзяржаўныя СМІ (15%).
  • Сыстэма абапіраецца на гвалт, але даверу да яе няма.
  • Лукашэнку давярае кожны чацьвёрты апытаны.
  • Тыя, хто не давярае яму, часта не давяраюць ЦВК ці дзяржаўным СМІ, многія зь іх хочуць незалежнага расьсьледаваньня гвалту супраць пратэстоўцаў.
  • Сярод дзяржаўных інстытутаў найбольш высокім даверам карыстаецца войска.
  • Найбольшым даверам (каля 40%) карыстаюцца недзяржаўныя СМІ, праваслаўная царква і праваабарончыя арганізацыі.
  • Віктар Бабарыка стаў у нечым мітычнай постацьцю, можа, для палітыкі гэта ня так і кепска.
  • Ён успрымаецца як асноўны апанэнт Лукашэнку.
  • Ціханоўская і Калесьнікава карыстаюцца велізарным даверам, але прэзыдэнтам людзі ў большай ступені хочуць бачыць іншую асобу — Бабарыку.
  • Электарат Лукашэнкі вельмі кансалідаваны.
  • Бліжэйшае атачэньне Лукашэнкі — Макей, Качанава — ня маюць прэзыдэнцкіх рэйтынгаў, прыхільнікі Лукашэнкі не пераносяць на іх сымпатыі да яго.
  • Галоўчанку, які прэм’ер ужо год, ведаюць толькі 27% гарадзкіх жыхароў.
  • Беларусы жывуць чаканьнем сурʼёзнага эканамічнага крызісу.
  • Тых, хто ўпэўнены, што крызісу ня будзе, толькі 9%.
  • У лістападзе 2020 году да Пуціна добра ставіліся 50% апытаных, у студзені сёлета — 58%, у красавіку — 56%.
  • Пры гэтым больш за палову кажа, што іх стаўленьне да прэзыдэнта РФ пагоршылася.
  • Беларусы не ўспрымаюць Пуціна як прычыну палітычнага крызісу ў Беларусі.
  • І яны навучыліся падзяляць Пуціна і Расею.
  • Для некага стаўленьне да Расеі вызначаецца стаўленьнем не да Пуціна, а да расейцаў Варламава і Каца, якія вельмі рашуча падтрымалі беларускія пратэсты.
  • Пагаршэньне стаўленьня да Пуціна абумоўлена ня толькі ягонай падтрымкай Лукашэнкі, але і дэградацыяй Расеі, тым, што шмат якія тамтэйшыя падзеі падобныя да беларускіх.
  • Стаўленьне беларусаў да Расеі досыць стабільнае.
  • Бліжэй за ўсіх паводле мэнтальнасьці беларусам менавіта расейцы.
  • За ўступленьне Беларусі ў ЭЗ — 9%, за саюз з Расеяй — 32%, за саюз з ЭЗ і з РФ адначасова — 46%, за варыянт па-за геапалітычнымі саюзамі — 13%.
  • Апошняя опцыя зьменшылася.
  • Большасьць (часам абсалютная, часам адносная) хацела б быць і з Захадам, і з Расеяй.
  • На практыцы тыя 32%, якія толькі за саюз з Расеяй, маюць палітычную перавагу над усімі астатнімі беларусамі.
  • Яны яшчэ доўга будуць дамінаваць у беларускім грамадзтве.
  • Беларусы ня хочуць быць прыфрантавой дзяржавай.
  • Беларусы аддаюць перавагу захаваньню status quo ў тых пазыцыях, якія яны лічаць абсалютна неабходным мяняць.
  • Гэтым і тлумачыцца нежаданьне амаль паловы рэспандэнтаў, каб Беларусь выйшла з АДКБ.
  • Шмат на каго паўплываў украінскі крызіс.
  • Многія лічаць, што бясьпечней быць у АДКБ, каб гарантаваць сабе бясьпеку і ад Расеі ў тым ліку.

Што было раней

  • Брытанскі дасьледны цэнтар Chatham House з 20 да 30 красавіка 2021 правёў апытаньне 937 беларускіх гараджанаў. Апытаньне праводзілася онлайн (мэтад CAWI).
  • Паводле дасьледчыкаў, выбарка адпавядае структуры гарадзкога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная па полу, узросту, памеру населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі.
  • Апытаньне праведзенае ў межах праекту «Беларуская ініцыятыва» (кіраўнік – Рыгор Астапеня), які рэалізуе Chatham House.
  • Гэта чацьвёртае падобнае дасьледаваньне за апошні год, папярэднія праводзіліся ў верасьні і лістападзе 2020 году, а таксама ў студзені 2021 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG