Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў Беларусі за вайну і што на гэта ўплывае? Дыскусія экспэртаў


Чарнігаў, 3 сакавіка 2022 г.
Чарнігаў, 3 сакавіка 2022 г.

Паводле шэрагу апытаньняў, большасьць расейцаў падтрымліваюць напад Расеі на Ўкраіну. А якое стаўленьне беларусаў? Наколькі на гэта ўплываюць СМІ — беларускія і расейскія? Як зьмянілася ці мяняецца ў сувязі з вайной стаўленьне беларусаў да Расеі і да Пуціна? Ці лічаць беларусы сябе адказнымі за напад на Ўкраіну?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі і доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня.

Астапеня

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня
  • Беларускае грамадзтва падзеленае (40:40% ці 35:35%) адносна пытаньня, хто вінаваты ў гэтай вайне. Гэта ў значнай ступені зьвязана з мэдыяспажываньнем: людзі, якія глядзяць тэлевізар, людзі старэйшага ўзросту больш схільныя падтрымліваць ваенныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.
  • Тыя, хто спажывае інфармацыю праз інтэрнэт і беларускія незалежныя мэдыя, крытычна ставяцца да дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне.
  • Але што аб’ядноўвае гэтых людзей і што назіралася і ў апытаньнях НІСЭПД з 2014 году — дык гэта нежаданьне, каб Беларусь удзельнічала ў гэтай вайне. Большасьць лічыць, што Беларусь не павінна падтрымліваць ніводзін з бакоў.
  • Мы яшчэ не апрацавалі цалкам вынікі апошняга апытаньня, але паводле папярэдніх дадзеных мы бачым, што антываенны кансэнсус у Беларусі існуе. Беларусы ня хочуць, каб іх краіна ўдзельнічала ў гэтай вайне, нават у тых формах, у якіх яна ў ёй ужо ўдзельнічае.
  • Эканоміка трашчыць па швах, і гэта ўжо відавочна адбываецца. Людзі ацэньваюць падзеі з гледзішча — якая ад гэтага карысьць для мяне? У беларусаў, у адрозьненьне ад расейцаў, няма імкненьня да значнага зьнешняга ўплыву сваёй дзяржавы.
  • Мой прагноз — будзе зьніжацца падтрымка ў Беларусі Пуціна. Ці будзе зьніжацца падтрымка саюзу з Расеяй — пакуль казаць рана. Беларусы бачаць у Расеі ня толькі Пуціна, але і тых людзей, якія выступаюць супраць Пуціна, супраць вайны.
  • Пагаршэньне стаўленьня да Пуціна выкліча зьмяншэньне ўплыву ў Беларусі прарасейскіх палітыкаў. Вобраз «мудрага Пуціна» зьнікне, будзе вобраз жорсткага і крывавага палітыка.
  • Кепска да Ўкраіны і да Захаду ставіліся толькі 10–15% самых «ядзерных» прыхільнікаў Лукашэнкі. Такіх людзей не паболела. З другога боку спэктру ня тое што вырасла колькасьць людзей, якія спачуваюць Украіне, але інтэнсіўнасьць іх сымпатыяў і спачуваньня павялічваецца.
  • Актыўная частка беларускага грамадзтва разумее, што ёсьць праблема адказнасьці за напад на Ўкраіну.
  • Чалавека бамбуюць у Харкаве, ён едзе праз усю Ўкраіну, трапляе ў Польшчу, сустракае там беларуса і чуе ад яго, што ў Беларусі рэжым, які вінаваты ў вайне — баюся, што на таго харкаўчаніна такі аргумэнт не паўзьдзейнічае. Прынамсі, не цяпер.
  • Мы павінны ўсьведамляць, што гэта наша краіна і мы за яе нясём адказнасьць. Яна палягае ў тым, што мы павінны больш дапамагаць Украіне, калі мы ня можам спыніць яе бамбаваньне з тэрыторыі Беларусі.

Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі
  • Адрозьненьні беларускай прапаганды ад расейскай яшчэ захоўваюцца. Важны беларускі прынцып «абы вайны не было» ў беларускай прапагандзе захоўваецца. Вядучы АНТ кажа: Не — вайне, але Расея — міратворца, вайну распальваюць «кіеўская хунта» і ЗША, гэта амэрыканцы ваююць з Расеяй ва Ўкраіне.
  • Калі не называюць гэта вайной, гэта выглядае крыху інакш для спажыўцоў такой інфармацыі.
  • У 2014 годзе, калі адбылася анэксія Крыму і забурэньні на ўсходзе Ўкраіны, беларускі рэжым «разбаўляў» расейскую прапаганду. Дзяржаўныя тэлеканалы бралі шмат кантэнту з расейскіх тэлеканалаў, але выключалі намінатыўную функцыю, пазьбягаючы гаварыць, хто з кім ваюе.
  • Недзе ўвосень летась гэтае «разбаўленьне», пэўная адсутнасьць маркераў зьніклі, украінскія ўлады пачалі называць «хунтаю», «нацыяналістамі», «нацыстамі». Цяпер праводзіцца думка, што там людзей забіваюць нацысты, а расейскае войска іх абараняе. Гаворыцца, што «Ўкраіна адварочваецца ад сьвету». А Лукашэнка спрабуе абараніць простых украінцаў, якіх мы па-ранейшаму любім.
  • У гэтай сыстэме каардынатаў не ўзьнікае пытаньня пра вайну: мы не вінаватыя, мы за мір, і ёсьць ваенная пагроза Беларусі. Прыводзяцца вырваныя з кантэксту альбо неасьцярожныя выказваньні прадстаўнікоў Украіны, якія кажуць, што могуць на стрэлы зь беларускай тэрыторыі адказваць ударамі па ёй.
  • Ідзе і дэгуманізацыя праціўнікаў. Рыгор Азаронак актыўна займаўся гэтым адносна пратэстоўцаў, цяпер ён гэта робіць адносна ўкраінцаў. Ён кажа, што яны «ня людзі», «вампіры».
  • Ня ўсе вераць дзяржаўным мэдыя, але рэха іх пасланьня разыходзіцца. Ёсьць людзі, якія любяць Расею, нават калі ня любяць Лукашэнку, ёсьць людзі, якія кепска ставяцца да выбару Ўкраіны.
  • Тое, што расейцы ў захопленых гарадах адключаюць украінскае тэлебачаньне і падключаюць сваё, мае абмежаваны плён. Ва Ўкраіне ня надта папулярнае эфірнае тэлебачаньне, многія глядзяць кабэльнае тэлебачаньне, тэлебачаньне праз інтэрнэт. Яны ўсё роўна могуць глядзець праз інтэрнэт украінскае тэлебачаньне, якое супрацьстаіць Расеі.
  • У Беларусі ў мэдыяманіторынгу мы яшчэ ў жніўні летась заўважылі нарастаньне мілітарызацыі прапаганды.
  • Я мяркую, што калі беларускіх салдатаў не пашлюць ваяваць ва Ўкраіну, стаўленьне да Расеі істотна ня зьменіцца. Але калі іх туды пашлюць, то стаўленьне да Расеі зьменіцца, і прапаганда тады хутка нічога зрабіць ня зможа, бо людзі будуць успрымаць сытуацыю як асабістую праблему.
  • Я вывучаю сацыяльныя сеткі і мэсэнджары, дык некаторыя людзі проста адмаўляюцца прымаць карціну сьвету, дзе Расея бамбуе Кіеў. Яны ня могуць паверыць у гэта. І такім людзям прапаганда кажа, што гэта Ўкраіна сама сябе бамбуе, каб абвінаваціць у гэтым Расею. У сацсетках працуюць і брыгады расейскіх троляў, якія праводзяць меркаваньні, карысныя для Крамля.
  • Беларускі рэжым асноўную стаўку робіць на традыцыйнае тэлебачаньне. На яго дзяржава выдаткоўвае і больш грошай, чым на іншыя каналы інфармацыі. Але Расея паставіла сваіх спэцыялістаў на беларускі кірунак. І, у адрозьненьне ад «дубовай» беларускай прапаганды, расейская працуе больш эфэктыўна.
  • Ёсьць эксплюатацыя пачуцьця віны беларусаў, якая робіцца як шэрагам украінскіх аўтараў, гэтак і некаторымі беларускімі. Мне падаецца, што тыя апазыцыйныя гульцы, якія ў гэтым удзельнічаюць, ня маюць рацыі. Але я згодны, што для некаторых пачуцьцё віны стала штуршком для большай актыўнасьці ў дапамозе Ўкраіне.
  • Дарэчы, беларуская прапаганда вельмі адрозьнівае два тыпы ўцекачоў: тых, хто ўцякае ў Беларусь ці Расею, і тых, хто ўцякае ў Эўропу — у Польшчу, Румынію, Славаччыну, Вугоршчыну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG