На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае сацыёляг, прафэсар Андрэй Вардамацкі.
Вардамацкі
- Пасьля 2014 году мы вывучалі стаўленьне беларусаў да далучэньня Крыму да РФ, мы задавалі пытаньне пра гэта кожныя 2 месяцы. У 2014–2015 гадах гэтае далучэньне ўхвалялі дзьве траціны апытаных, адмоўныя адказы давалі прыкладна 20%.
- У сьнежні 2021 году далучэньне Крыму да Расеі ўхвалялі ўжо толькі 48%. Гэта назапашаныя зьмены. Можна меркаваць, што зараз зьмены грамадзкай думкі пойдуць хутчэй, могуць быць нават выбуховыя зьмены.
- Мы задавалі пытаньне зь бінарным выбарам геапалітычнай арыентацыі — вы за саюз з Расеяй ці за далучэньне Беларусі да Эўразьвязу. Паказьнікі вельмі вагаліся. Бывалі моманты, калі на працягу месяца лічбы мяняліся на 10 адсоткавых пунктаў.
- Такая зьменлівасьць у геапалітычных прыярытэтах — гэта чыньнік ідэнтычнасьці, якая фармуецца. У гэтым адрозьненьне Беларусі ад краінаў, дзе ідэнтычнасьць ужо ўсталяваная. Скажам, у Польшчы стаўленьне да NATO не мяняецца, на графіку гэта простая лінія.
- У Беларусі ў 2018 годзе прарасейская частка грамадзтва складала прыкладна 60%, у 2019-м — каля 50%, у 2020-м — каля 45%.
- У Беларусі ёсьць пласт насельніцтва, зарыентаваны на Расею, незалежна ад эканамічнага становішча і палітычнай каньюнктуры. Гэта як у палітыкаў ёсьць цьвёрды, крышталізаваны электарат. Я прыдумаў паняцьце «крышталізаваны прарасейскі арыентат».
- Што да варыянтаў адносінаў з Расеяй, то пераважная большасьць апытаных — да трох чвэрцяў — выказвалася за варыянт дружалюбных адносінаў, бяз мытняў і межаў. Варыянт адказу — Беларусь павінна ўвайсьці ў склад РФ у якасьці суб’екта фэдэрацыі — на працягу 8 гадоў набіраў 3-5%.
- Дынаміка зьменаў у грамадзкай сьвядомасьці — гэта не замена прарасейскай арыентацыі на праэўрапейскую, а адыход ад прарасейскай арыентацыі ў няпэўную пазыцыю, у кола тых, хто ня вызначыўся.
- Паступовы, плаўны адыход ад прарасейскай арыентацыі адбываўся, як я казаў, і раней. Зараз, у сувязі з вайной, ён можа паскорыцца.
- Ёсьць складнікі геапалітычнай сьвядомасьці — рацыянальны, тэарэтычны, побытавы. Зараз эмацыйны складнік будзе разбураць тэарэтычны, зьвязаны зь вялікай сумеснай гісторыяй, эканамічнымі і культурнымі сувязямі і г.д., падабенствам этнічных тыпажоў трох народаў.
- Гэты працэс закране і беларусаў, але ва Ўкраіне гэты працэс пойдзе больш інтэнсіўна. Там адбудзецца зьмена гістарычнай памяці. Раней пры слове «вайна» ўспаміналася Другая сусьветная, а зараз эмацыйная карцінка зьменіцца, заменіцца на карціны разбомбленага ў лютым 2022 году Харкава і іншых украінскіх гарадоў.
- У пратэстах 2020 году геапалітычнага складніку не было наагул. Арыентацыя і на Захад, і на Расею дамінавала сярод пратэстоўцаў.
- Зараз людзі бачаць вельмі цяжкія карціны — разбурэньні, забітыя людзі. Гэты эмацыйны пласт будзе разбураць, падрываць канструкты кшталту «русского мира» і сумеснай гісторыі. І гэта можа прывесьці да зьмяншэньня нават «крышталізаванага прарасейскага арыентату».
- Істотныя зьмены адбудуцца ў масавай сьвядомасьці ва ўсіх трох краінах. Найбольш інтэнсіўна гэта будзе адбывацца ва Ўкраіне, слабей у Расеі, працэс пойдзе і ў Беларусі — у сэнсе і геапалітычных арыентацыяў, і стаўленьня да ўдзелу ў цяперашнім канфлікце.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.