Пра вынікі дасьледаваньня расказаў Свабодзе доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня.
У Беларусі зьмяншаецца колькасьць людзей, якія ўхваляюць далучэньне Крыму да Расеі. Але што не мяняецца, дык гэта думка большасьці, што Беларусь павінная быць нэўтральнай ва ўзброеным канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай; яны лічаць удзел у ёй Беларусі — гэта катастрофа для Беларусі. Беларусы ня хочуць, каб беларускія салдаты ехалі на гэтую вайну.
56% адказалі, што Беларусь мусіць займаць нэўтральную пазыцыю ў такой вайне. 18% далі адваротны адказ, астатнія адмовіліся адказваць.
Мы давалі варыянт адказу «Беларусь павінна падтрымаць свайго саюзьніка — Расею — і адправіць ва Ўкраіну сваіх салдатаў». Станоўча адказалі толькі 13%. У адказах на гэтае пытаньне назіраецца раскол прыхільнікаў Лукашэнкі, частка зь іх гатовая падтрымаць такую авантуру, але далёка ня ўсе.
Стаўленьне да магчымай вайны
Многія выказваюць перасьцярогі аб тым, што паміж Расеяй і Ўкраінай можа ўспыхнуць поўнамаштабная вайна. Перад вамі некалькі выказваньняў. Зь якімі зь іх вы згодныя, а зь якімі не?
У цэлым нармальна, калі Беларусь адправіць ва Ўкраіну прафэсійных салдат-кантрактнікаў.
Згодны 12%. Ня згодны 59 %.
Беларусь павінна падтрымаць свайго саюзьніка па АДКБ Расею і адправіць ва Ўкраіну салдатаў.
Згодны 13%. Ня згодны 58%.
Беларусь мусіць займаць у вайне паміж Украінай і Расеяй нэўтральную пазыцыю.
Згодны 56%. Ня згодны 18%.
Удзел у вайне паміж Украінай і Расеяй — катастрофа для Беларусі.
Згодны 57%. Ня згодны 11%.
Беларускія салдаты тэрміновай службы не павінны гінуць на вайне паміж Расеяй і Ўкраінай.
Згодны 79%. Ня згодны 5%.