Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму расейцы ладнай часткай ухваляюць вайну, а беларусы — не? Аналіз палітоляга


Беларускія дэсантнікі на рэпэтыцыі параду да Дня Рэспублікі, 1 ліпеня 2019
Беларускія дэсантнікі на рэпэтыцыі параду да Дня Рэспублікі, 1 ліпеня 2019

Чаму расейцы значнай ці пераважнай часткай падтрымліваюць напад на Ўкраіну? Як беларусы ставяцца да вайны з Украінай і да ўдзелу ў ёй беларускіх вайскоўцаў? Ці адказныя звычайныя беларусы і расейцы за напад на Ўкраіну?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётр Рудкоўскі.

Рудкоўскі

Пётр Рудкоўскі
Пётр Рудкоўскі
  • Як мінімум тры апытаньні грамадзкай думкі ў Расеі былі праведзеныя з моманту агрэсіі супраць Украіны. Падтрымка вайны вар’юецца ў залежнасьці ад апытаньня ад 59% да 70%.
  • Праціўнікаў — паміж 22% і 34%. Сярод маладых расейцаў (да 30 гадоў) колькасьць праціўнікаў вайны сягае 50%.
  • Прычына такой вялікай колькасьці прыхільнікаў агрэсіі — у інфармацыйным узьдзеяньні. Расейская прапаганда кажа пра амаль бяскроўную апэрацыю «абяззбройваньня варожай дзяржавы», пра «гарантаваньне бясьпекі Расеі ад NATO».
  • Незалежныя СМІ Расеі зазналі ціск і перасьлед, на іх вешаюць цэтлік «замежнага агента». Гэта зьмяншае іх аўдыторыі і ўзмацняе ўзьдзеяньне прапаганды. Аднак я лічу, што гэтае прапагандысцкае ўзьдзеяньне кароткачасовае.
  • Я ня зводжу ўсё да ўплыву прапаганды. Але невядома, ці быў бы такім вынік, калі б была канкурэнцыя з боку незалежных СМІ ў Расеі, калі б незалежныя СМІ не падаўляліся.
  • Але прапаганда кладзецца на пэўны культурны і сьветапоглядны грунт. Адпаведныя перадумовы для эфэктыўнасьці прапаганды ёсьць.
  • Расейцам цяжка прымерыць на сябе ролю агрэсара, атаясаміць сябе з нацысцкімі агрэсарамі, якія таксама бамбавалі Кіеў. Гэта псыхалягічна немагчыма для большай часткі грамадзтва. Ды гэта і непатрэбна. Дастаткова таго, каб значная частка расейцаў усьвядоміла трагедыю мноства ўкраінскіх семʼяў, зь якімі ў расейцаў былі і ёсьць шчыльныя сувязі, у тым ліку і сямейныя.
  • Не выпадае чакаць, што расейскае грамадзтва перажыве пакаяньне, як гэта было зь нямецкім грамадзтвам пасьля Другой сусьветнай вайны. Але можа прыйсьці адчуваньне, што адбылося нешта анамальнае, ненармальнае. І зьмена стаўленьня хутчэй за ўсё будзе адбывацца праз прамежкавыя формы стаўленьня, кшталту «абодва бакі вінаватыя».
  • Стаўленьне беларускага грамадзтва да вайны можна вызначыць і без сацыялягічных апытаньняў. У ім заўсёды было вельмі моцнае непрыняцьцё вайны. Але можна ўявіць сабе сытуацыю, што Лукашэнка здасца і дазволіць ня толькі выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу, але і пашле беларускае войска ваяваць. Калі ён гэта зробіць, ён паспрабуе пераканаць беларусаў, што на нас напалі.
  • Украінцам цяпер не да тонкасьцяў, што ёсьць дыктатар Лукашэнка і ёсьць асобна ад яго беларусы. Гэта балюча, але гэта так. Украінцы ўспрымаюць гэта так, што Беларусь іх атакуе.
  • Прыйдзе ўсьведамленьне, што Беларусь была ўцягнутая ў вайну, што яна на зло беларускаму народу. І найперш гэтае ўсьведамленьне можа прыйсьці праз вайскоўцаў, якія будуць лепш разумець сытуацыю.
  • Віна беларусаў перад украінцамі, калі яна тут і ёсьць, то яна няроўная. Яе можна бачыць у тым, што дапусьцілі, што дазвалялі існаваць дыктатуры, што трэба было яшчэ з 90-х гадоў мацней зь ёй змагацца. Тое, што адбываецца спрашчэньне, зьвядзеньне да формулы «Беларусь — хаўрусьнік агрэсара» ці нават «Беларусь- агрэсар» — гэта непазьбежна. З улікам таго, што ўкраінцы церпяць нашмат больш, варта ўзяць на сябе гэты, магчыма несправядлівы цэтлік.
  • Вілі Брандт устаў на калені ў Варшаве, выбачаючыся за віну ўсіх немцаў за агрэсію. Магчыма, і нам варта будзе зрабіць нешта падобнае, ня лічачы, колькі там нашай віны было. Варта добраахвотна ўзяць на сябе гэтую адказнасьць, каб у будучыні больш энэргічна змагацца супраць дыктатураў і патэнцыйных агрэсараў.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG