Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль прызнаў, што супраць вайны ва Ўкраіне выступаюць каля чвэрці расейцаў, але лічыць, што «меншасьць ёсьць меншасьць»


Расейскія танкі ва Ўкраіне
Расейскія танкі ва Ўкраіне

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў 22 сакавіка прызнаў, што каля чвэрці жыхароў Расеі, нягледзячы на ​​інтэнсіўную прапаганду ўварваньня ва Ўкраіну на дзяржканалах, выступаюць супраць вайны з суседняй дзяржавай.

«Іх мала такіх. Пераважная большасьць грамадзян, і аб гэтым сьведчаць статыстыка і апытаньні, — звыш 75% — падтрымліваюць апэрацыю, падтрымліваюць прэзыдэнта РФ», — сказаў Пяскоў, падкрэсьліўшы, што «гэта неабвержны факт». Па словах Пяскова, са «спэцапэрацыяй» ня згодныя менш за 25% расейцаў. На ўдакладняльнае пытаньне, ці чуюць у Крамлі гэтых людзей, прэс-сакратар прэзыдэнта сказаў: «Думку чуюць, але ўсё ж меншасьць ёсьць меншасьць» (цытата паводле «Інтэфаксу»).

«Ідзе вельмі актыўнае растлумачэньне мэтаў і задач гэтай апэрацыі, яе прычын. Мы спадзяёмся, што тыя, хто ня згодныя, яны зразумеюць, што адбываецца. Акрамя таго, вельмі важна, каб тыя, хто ня згодныя, пачыналі арыентавацца ў тых патоках хлусьні, якія ідуць з Захаду аб тым, што адбываецца, і разумелі, што ня ўсё праўда, што там даецца ў навінах», — асобна заявіў Пяскоў.

Зь якога апытаньня ўзяў свае дадзеныя Пяскоў, ён не ўдакладніў. Па дадзеных дзяржаўнага сацыялягічнага цэнтра ВЦИОМ (ён займае самыя праўладныя пазыцыі), вайну ва Ўкраіне, якую з 24 лютага вядзе Расея (у апытаньні ВЦИОМ пытаньне аб ёй было сфармулявана як аб «спэцапэрацыі»), па стане на пачатак сакавіка 2022 году падтрымлівалі 71% грамадзян (гэта значыць рэальна менш, чым сьцьвярджае Пяскоў), а лічылі, што вайна для расейскіх войскаў «хутчэй праходзіць пасьпяхова» 70% апытаных. Аднак гэтае апытаньне публікавалася да таго, як стала відавочна, што хутка ўзяць Кіеў, Харкаў і іншыя буйныя гарады ў расейскіх вайскоўцаў не атрымаецца, а таксама стала вядома аб маштабных стратах расейскіх войскаў.

Незалежны «Левада-Центр» вынікаў апытаньня аб стаўленьні да вайны ва Ўкраіне пакуль не публікаваў. Аднак апытаньне неназваных незалежных сацыёлягаў, якое апублікавала Радыё Свабода, сьцьвярджае, што амаль тры чвэрці тых жыхароў Расеі, хто пагадзіўся адказваць на пытаньне аб вайне, заявілі, што падтрымліваюць яе і адчуваюць «гонар, радасьць, павагу, давер і надзею». Аднак тыя ж сацыёлягі пазьней былі вымушаныя прызнаць, што расейцы масава адмаўляліся адказваць на пытаньне аб вайне ва Ўкраіне і, па сутнасьці, ім адказвалі толькі тыя, чыя пазыцыя была пракрамлёўскай і хто падтрымліваў уварваньне. Рэальную ж долю тых, хто выступае супраць вайны з Украінай, сацыёлягі вызначыць так і не змаглі, паколькі гэтыя людзі аддаюць перавагу ўтойваць свае перакананьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG