Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка паўтара года ўцягваў Беларусь у вайну. Храналёгія, якая ўсё тлумачыць


Каляж
Каляж

Вайна ва Ўкраіне дала адказы на многія пытаньні, якія экспэрты шукалі больш за год: навошта спатрэбілася такая магутная хваля рэпрэсій пасьля выбараў, навошта дэманстратыўна арыштоўваць і біць і чаму так сьпяшаліся расправіцца зь незалежнымі СМІ і з грамадзянскай супольнасьцю.

Арышт арнітолягаў і скасаваньне рэгістрацыі «Аховы птушак Бацькаўшчыны» шакавалі многіх сваёй абсурднасьцю. Але ў дзеяньнях рэжыму Аляксандра Лукашэнкі насамрэч было нямала лёгікі. Арнітолягі маглі стаць небясьпечнымі сьведкамі. Уявіце, ідзе вайна, з Палесься запускаюць ракеты па Ўкраіне, з аэрадромаў уздымаюцца зьнішчальнікі, а нехта (арнітолягі) цалкам легальна сядзіць на дрэвах з высокааптычнай тэхнікай. Да нападу Расеі на Ўкраіну ў Беларусі не засталося практычна нікога, хто б мог на месцы здабываць і правяраць інфармацыю.

І сёньня можна амаль з матэматычнай дакладнасьцю сказаць, калі Лукашэнка пачаў уцягвацца ў вайну і рабіць зь Беларусі суагрэсара. Гэта пачалося ў верасьні 2020 году, калі ён упершыню пасьля выбараў паляцеў да Пуціна ў Сочы (менавіта тады Лукашэнка сядзеў насупраць расейскага лідэра ў дзіўнай позе). Адтуль ён прывёз 1,5 мільярда даляраў новага крэдыту. Але ці толькі крэдыт быў галоўнай тэмай перамоваў на першай пасьля выбараў сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі?

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін , Сочы, верасень 2020
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін , Сочы, верасень 2020

Ужо празь месяц пачнуцца бясконцыя сустрэчы беларускіх і расейскіх сілавікоў, нарады Лукашэнкі са спэцслужбамі, прылёты ў Беларусь расейскіх высокапастаўленых чэкістаў і такія ж бясконцыя сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам, пра вынікі якіх нічога канкрэтнага не паведамлялася.

А ўжо праз два дні пасьля той самай верасьнёўскай сустрэчы з Пуціным, падчас беларуска-расейскіх вучэньняў, Лукашэнка сустрэўся ў Беларусі зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу і прапанаваў падумаць аб правядзеньні новых сумесных вучэньняў, пра якія ён нібыта ўжо дамовіўся з Пуціным. «Трэба выпрацаваць плян, не азіраючыся па баках, хто нам і што скажа», — падкрэсьліў тады Лукашэнка. Дарэчы, тыя вучэньні ў верасьні 2020-га называліся «Саюзнае братэрства», а вучэньні ў лютым 2022-га, падчас якіх Расея напала на Ўкраіну, — «Саюзная рашучасьць».

Сяргей Шайгу і Аляксандар Лукашэнка, верасень 2020
Сяргей Шайгу і Аляксандар Лукашэнка, верасень 2020

У гэтым тэксьце шмат датаў. Але бязь іх складана было б зразумець, як Беларусь дзень за днём, крок за крокам уцягвалі ў вайну супраць сваёй суседкі — Украіны.

Важны момант: усё гэта пачалося да ўвядзеньня сур’ёзных санкцый супраць Беларусі, асабліва эканамічных. Каляндар заяў і сустрэч Лукашэнкі з расейцамі паказвае, што тэзіс пра тое, што санкцыі прымусілі Лукашэнку пайсьці ў абдымкі Пуціна, беспадстаўны.

Візыты Нарышкіна і Лаўрова з «приветами от Путина»

22 кастрычніка 2020-га Менск наведаў дырэктар Службы замежнай выведкі Расеі Аляксандар Нарышкін (той самы, што за дзень да вайны на сустрэчы Рады бясьпекі РФ меў праблемы, каб растлумачыць Пуціну сваю пазыцыю).

Сяргей Нарышкін і Аляксандар Лукашэнка, кастрычнік 2020
Сяргей Нарышкін і Аляксандар Лукашэнка, кастрычнік 2020

Тады ў кастрычніку, падчас сустрэчы з Лукашэнкам, ён перадаў «привет от президента Путина» і паўтарыў словы Пуціна пра неабходнасьць зьмяніць у Беларусі Канстытуцыю, пра спробу перавароту і ключавую ролю ЗША ў пратэстах. Сёньня, калі мы ведаем тэкст так званай Канстытуцыі, якая нічога не мяняе для Лукашэнкі, а Расеі дазваляе ўвесьці ў Беларусь ядзерную зброю, становіцца ясна, чаму Расея так настойвала на новай Канстытуцыі.

Як бы ні ўтойвалі ад нас рэальныя мэты той сустрэчы, нешта важнае прагучала — анонс шчыльнай супрацы паміж спэцслужбамі і абмен інфармацыяй наконт транзыту баевікоў, каналаў атрыманьня імі фінансавых рэсурсаў, плянаў і задумаў тэрарыстычных арганізацый, асобных груповак у адносінах да Расеі і Беларусі. Калі глядзець на 22 кастрычніка зь сёньняшняга дня, то бакі дамовіліся наконт поўнай зачысткі ад «здраднікаў», «пятай калёны» і г. д. Вынікі мы ўбачылі трошкі больш як праз тыдзень, калі новы кіраўнік МУС аддаў каманду жорстка душыць мірныя маршы пратэсту. У лістападзе ў Беларусі пачалося пекла, якое ня можа спыніцца да сёньня.

Пачатак антыўкраінскай рыторыкі Лукашэнкі на пустым месцы

Візыты высокіх расейскіх чэкістаў пасьля прыезду Нарышкіна стануць частымі. Пра іх пазьней. Празь месяц пасьля Нарышкіна Менск наведаў Сяргей Лаўроў. Вы лёгка ўзгадаеце той візыт па мэмах: сумны Лукашэнка сядзіць насупраць расейскага міністра і слухае яго доўгую прамову з паніклай галавой і позіркам. «У нас цалкам супадае зацікаўленасьць ва ўмацаваньні адносін», — сказаў тады Лаўроў і прымусіў аналітыкаў ламаць галовы, пра што гаворка.

Сяргей Лаўроў і Аляксандар Лукашэнка
Сяргей Лаўроў і Аляксандар Лукашэнка

На наступны дзень Лукашэнка заявіў, што ня будзе кіраваць краінай пры новай Канстытуцыі. Тады многія зразумелі, што Лаўроў прымусіў Лукашэнку пайсьці на рэфэрэндум і транзыт улады. Але сёньня мы бачым, што новая Канстытуцыя ня толькі не аслабляе ўладу Лукашэнкі, а нават яе ўзмацняе. Ключавой зьменай у гэтай так званай Канстытуцыі быў запіс, які дазваляе разьмяшчаць у Беларусі ядзерную зброю. А рэшта — проста так, для прыгажосьці.

У канцы лістапада 2020-га масавыя акцыі пратэсту сталі гісторыяй. І калі зь беларускіх вуліц зьніклі пратэстоўцы, Лукашэнка зноў завёў старую песьню пра «тоны зброі з Украіны», якія нібыта цягнуць у Беларусь нейкія злачынныя групы. Украінскія памежнікі апэратыўна адказалі, што «тоны зброі» з Украіны — гэта «48 адзінак, 10 зь якіх везьлі зь Беларусі». Антыўкраінская рыторыка з вуснаў Лукашэнкі стане нормай.

Пачатак рыторыкі пра неабходнасьць вайсковай супрацы з Расеяй

У студзені 2021-га пачалася раптоўная комплексная праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасьці Ўзброеных сілаў Беларусі. Вайскоўцам загадалі адпрацоўваць баявыя задачы як удзень, так і ўночы. Праз два дні Лукашэнка трэці раз за год памяняў кіраўніка Савету бясьпекі. Цікава, што за тыдзень да гэтага Лукашэнка размаўляў з Пуціным праз тэлефон і абмяркоўваў нейкія «кадравыя пытаньні». Ужо праз пару дзён ён заявіў, што групы баевікоў у Беларусі «спрабавалі падрываць дамы і вуліцы». Праз два дні Генпракуратура пачынае ініцыяваць новыя рэпрэсіўныя законы. Упершыню гаворыцца пра пакараньне за «экстрэмізм». Дарэчы, амаль сынхронна такія ж самыя працэсы адбываюцца ў Расеі.

22 лютага 2021 году Лукашэнка паляцеў да Пуціна ў Сочы. Вы лёгка ўспомніце тую сустрэчу па кадрах, як абодва каталіся на сьнегаходах і лыжах. (Да гэтага яны ўжо 9 разоў пасьля выбараў у жніўні размаўлялі праз тэлефон і адзін раз асабіста). Брыфінгу пасьля сустрэчы не было, але журналістам паведамілі, што бакі «дамовіліся актывізаваць працу па лініі Міністэрстваў абароны».

Пуцін і Лукашэнка ў Сочы, люты 2021
Пуцін і Лукашэнка ў Сочы, люты 2021

На другі дзень (роўна праз суткі, каля 14 гадзін дня) Лукашэнка пазваніў Пуціну, калі яшчэ быў у Сочы. Журналістам сказалі, што абмяркоўвалася «супраца ў ВПК і шэраг іншых пытаньняў». Праз пару дзён тагачасны міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран заявіў пра ваенную пагрозу зь Беларусі ў сувязі зь беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2021». Ён патлумачыў, што расейскія войскі ў часе апэратыўна-баявой падрыхтоўкі ўвесь час адпрацоўваюць элемэнты правядзеньня наступальнай апэрацыі на сушы, у паветры і на моры.

Увесь гэты час у краіне расьце колькасьць палітвязьняў. Зь Беларусі выяжджаюць журналісты і праваабаронцы, якія маглі б на месцы фіксаваць рэпрэсіі. А сілавікі свае допыты і вобшукі ператвараюць у публічныя шоў. АНТ паказвае фільм, у якім экс-камандзіру батальёна «Данбас» Сямёну Сяменчанку прыпісваюць пастаўкі зброі ў Беларусь.

У першай палове сакавіка 2021 года Лукашэнка зрабіў перастаноўкі ў сілавых ведамствах: генэрал-маёр Віктар Гулевіч узначаліў Генэральны штаб, генэрал-маёр Андрэй Жук стаў намесьнікам міністра абароны. Абодва вучыліся ў Маскве.

На пачатку сакавіка міністар абароны Хрэнін паляцеў у Маскву. Там міністэрствы абароны Беларусі і Расеі падпісалі праграму стратэгічнага партнэрства на 5 гадоў. Празь некалькі дзён расейскія агенцтвы паведамілі, што абодва міністры дамовіліся аб стварэньні трох вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў.

У гэты час на палігонах у Беларусі і Расеі пачаліся тактычныя трэніроўкі, дэсантнікі рыхтуюцца да стратэгічных вучэньняў «Захад-2021». На беларускіх палігонах адбываецца штабная трэніроўка сілаў ВПС і СПА.

Украіна заўважае радыкальны паварот Беларусі

24-га сакавіка Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што спыніла шпіёнскую дзейнасьць агента КДБ Беларусі, які нібыта зьбіраў інфармацыю пра сытуацыю на мяжы: пра стан і парадак аховы дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, тэхнічнае абсталяваньне, колькасьць пэрсаналу памежнай службы.

На пачатку красавіка міністар рэінтэграцыі Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што ўкраінская дэлегацыя ў Трохбаковай кантактнай групе будзе шукаць іншую краіну для перамоваў, бо давер да Беларусі страчаны.

«Цяпер у Беларусі «дамінуе пэўная прарасейская і антыўкраінская думка», — сказаў Рэзьнікаў.

13 красавіка 2021 году Міністэрства абароны Беларусі абвінаваціла Польшчу ў парушэньні днём раней дзяржаўнай мяжы паветраным шляхам. Польшча адкінула ўсе абвінавачаньні: у Варшаве заявілі, што ў гэты дзень паблізу польска-беларускай мяжы наогул не было аніякіх палётаў. Але начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Віктар Гулевіч на 18-м закрытым пасяджэньні вайсковага камітэту Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы заявіў, што NATO нарошчвае сілы каля мяжы Беларусі. Прэс-служба расейскага Міністэрства абароны праз пару дзён паведаміла са спасылкай на начальніка Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі Валерыя Герасімава, што Расея разьлічвае на актывізацыю вайсковага супрацоўніцтва ў рамках АДКБ. У палове красавіка стала вядома, што расейскія вайскоўцы гэтым летам пачнуць службу на беларускім аэрадроме.

17 красавіка Лукашэнка заявіў, што на яго рыхтаваўся замах, а яго сына Мікалая хацелі выкрасьці. У апэрацыі ён абвінаваціў ЗША, а абаранілі яго нібыта КДБ і ФСБ. Гаворка пра справу «Зянковіча і Фядуты». Лукашэнку празь некалькі дзён падтрымаў Пуцін, заявіўшы, што Захад перайшоў усе межы.

Лукашэнка скардзіцца Пуціну на Ўкраіну

22 красавіка Лукашэнка паляцеў у Маскву на размову з Пуціным. Перад сустрэчай быў парушаны пратакол і журналістам дазволілі задаць адно пытаньне. Яно датычыла... Украіны. Лукашэнка падтрымаў прапанову Пуціна, каб Зяленскі сустракаўся зь лідэрамі «ДНР» і «ЛНР». Паскардзіўся на Зяленскага і западозрыў афіцыйны Кіеў у намеры пахаваць менскія пагадненьні, тым самым падтрымаўшы Расею ў яе канфлікце з Украінай. Прэс-службы пракамэнтавалі вынікі перамоваў агульнымі фразамі, зь якіх нічога не вынікала.

Лукашэнка і Пуцін. Масква, красавік 2021
Лукашэнка і Пуцін. Масква, красавік 2021

Праз два дні Лукашэнка заявіў, што падпіша дэкрэт, паводле якога ўлада ў Беларусі пяройдзе да Савету бясьпекі ў «экстранай сытуацыі», калі зь ім нешта здарыцца. АНТ пасьля гэтага паказвае сюжэт пра 150 джыпаў з кулямётамі, пры дапамозе якіх нібыта ізноў плянавалі забіць Лукашэнку. У апошні дзень красавіка Лукашэнка памяняў кіраўнікоў трох абласных упраўленьняў міліцыі і пракамэнтаваў гэта так: «Цырымоніцца мы не павінны».

Украіна ўпершыню называе Беларусь патэнцыйным суагрэсарам

9 траўня 2021 году Лукашэнка падпісаў той самы дэкрэт на выпадак сваёй гібелі. У той жа дзень ён стэлефаноўваецца з Пуціным. Бакі «абмеркавалі сытуацыю ў зоне адказнасьці АДКБ», «закранулі сытуацыю ва Ўкраіне, а таксама імкненьне Ўкраіны ў NATO».

11 траўня СБУ назвала Беларусь патэнцыйнай хаўрусьніцай Расеі ў выпадку ўварваньня ва Ўкраіну.

У самой Беларусі тым часам поўным ходам ідзе вайна са СМІ. У палове траўня ўлады блякуюць найбуйнейшы ў краіне партал Tut.by. Пры гэтым ніякіх пратэстаў у краіне няма.

17 траўня Лукашэнка падпісаў закон, паводле якога сілавікі не нясуць адказнасьці за шкоду ад прымяненьня зброі для абароны любой асобы, якой пагражае небясьпека ў сувязі зь яе службовай дзейнасьцю, у тым ліку дзяржаўных службоўцаў, судзьдзяў, работнікаў СМІ, сяброў выбарчых камісій, іншых асобаў, а таксама іх блізкіх.

Канец траўня прайшоў пад знакам «справы Пратасевіча». Калі ў ЭЗ пачалі ўводзіць санкцыі, міністар Макей 26 траўня заявіў, што Менск згорне супрацу ў справе недапушчэньня нелегальнай міграцыі, «калі на Захадзе не адумаюцца». У будучыні гэта прывяло да мігранцкага крызісу.

ФСБ у Гомлі, СВР у Віцебску, Лукашэнка ў Пуціна

27 траўня самалёт з кіраўніцтвам расейскага ФСБ прызямліўся ў аэрапорце Гомля. Паводле зьвестак з адкрытых крыніц, лайнэр выкарыстоўваецца для палётаў дырэктара спэцслужбы Аляксандра Бортнікава. Афіцыйна гаварылася, што расейскія сілавікі кансультуюць у Гомлі беларускіх. Пра што дакладна, не гаварылася.

28 траўня Лукашэнка чарговым разам прыляцеў да Пуціна ў Сочы. Згадаць тое спатканьне можна лёгка па здымках Пуціна і Лукашэнкі на яхце. Пра важныя дамоўленасьці ніхто зь іх не паведаміў. Лукашэнка нібыта паказваў Пуціну дакумэнты наконт пасадкі самалёта Ryanair і гаварыў пра неабходнасьць інтэграцыі. Але перамовы за зачыненымі дзьвярыма працягваліся больш як 5 гадзін.

Лукашэнка і Пуцін. Чорнае мора, травень 2021
Лукашэнка і Пуцін. Чорнае мора, травень 2021

У першы дзень чэрвеня Лукашэнка даў дабро на авіярэйсы ў анэксаваны Расеяй Крым. Украіна ў адказ заявіла, што ўвядзе санкцыі супраць Беларусі. Але ніякіх беларускіх рэйсаў у Крым няма дагэтуль.

3 чэрвеня 2021 году ў Віцебску адбылася рабочая сустрэча дырэктара Службы замежнай выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна і старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Івана Тэртэля. Афіцыйны прэс-рэліз быў сьціплы: «На сустрэчы адзначылі важнасьць кансалідацыі намаганьняў па ўмацаваньні патэнцыялу Масквы і Менску ў „справе супрацьстаяньня глябальным выклікам і новым пагрозам бясьпекі“ саюзнай дзяржавы».

Прыблізна ў гэтыя ж дні Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла пра ўзмацненьне аховы мяжы зь Беларусьсю і на рачных участках, пачаўшы суправаджаць усе беларускія баржы, якія перасякаюць мяжу з Украінай па Прыпяці і Дняпры.

16 чэрвеня Ўладзімір Зяленскі заявіў пра атрыманьне інфармацыі, што ў часе сёлетніх супольных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2021» плянуюць адпрацоўваць захоп трох украінскіх гарадоў — Кіева, Адэсы, Харкава.

Празь некалькі тыдняў пасьля візытаў дэлегацый ФСБ і СВП у Беларусь мігранты з Блізкага Ўсходу масава рушылі празь беларускую мяжу ў Эўразьвяз.

29 чэрвеня Лукашэнка прымаў у Менску сакратара Савету бясьпекі Расеі Мікалая Патрушава. Лукашэнка тады адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць сам-насам з расейскім госьцем пытаньні, «якія не належыць абнародаваць». Ён прапанаваў разгледзець ня толькі тэматыку ўзаемадзеяньня ў галіне бясьпекі, але і абароны, супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сфэры.

Лукашэнка зноў абвінавачвае Ўкраіну і гаворыць пра бясконцыя спробы тэрактаў

1 ліпеня 2021 году Пуцін патэлефанаваў Лукашэнку. Паводле прэс-службы апошняга, бакі спыніліся на разьвіцьці вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва і пытаньнях бясьпекі. Празь дзень Лукашэнка зноў абрынуўся на Ўкраіну, бо нібыта адтуль паступае «велізарная колькасьць зброі». Паводле Лукашэнкі, у Беларусі раскрылі «сьпячыя» тэрарыстычныя ячэйкі, да якіх датычныя Нямеччына, ЗША, Украіна, Польшча і Літва. Украіна чарговым разам абвергла гэтыя заявы.

13 ліпеня Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Яны размаўлялі больш за 5 гадзін. Афіцыйна было паведамлена, што гутарка датычыла крэдытнай падтрымкі Беларусі. Але ніякага крэдыту Беларусь тады не атрымала.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «дзеля бясьпекі» ў Беларусь могуць увесьці войскі Расеі, нібыта пра гэта ён размаўляў з Пуціным. Але прэс-сакратар Пуціна зьняпраўдзіў гэта. У той жа дзень старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў таксама, што за мяжой плянуюцца тэракты ў Беларусі.

Расея пад шумок мігранцкага крызісу фармуе ў Беларусі вучэбна-баявыя цэнтры

У канцы жніўня ў Горадню прыбылі падразьдзяленьні зэнітных ракетных войскаў Расейскай Фэдэрацыі для фармаваньня вучэбна-баявога цэнтру сумеснай падрыхтоўкі Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі. Першага верасьня Лукашэнка заявіў, што з Расейскай Фэдэрацыі паставяць у Беларусь дзясяткі самалётаў, дзясяткі верталётаў, самае важнае ўзбраеньне СПА, «можа, нават C-400».

8 верасьня 2021 году ў Беларусь прыляцелі расейскія вайсковыя самалёты для фармаваньня вучэбна-баявога цэнтру ў Баранавічах. Празь дзень у Крамлі адбылася пятая за 2021 год сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, падчас якой дапусьцілі магчымасьць стварэньня адзінай абароннай прасторы.

У той жа дзень пачаліся вайсковыя вучэньні «Захад-2021». Яны прайшлі ў Расеі і на двух палігонах у Беларусі — каля Баранавічаў і Берасьця. Усяго ў Беларусі і Расеі ў вучэньнях узялі ўдзел каля 200 тысяч чалавек.

12 верасьня Лукашэнка заявіў, што яму патрэбны С-400, бо «нас пачынаюць з поўдня падаграваць. А што яшчэ будзе... мы павінны рыхтавацца — 1200 кілямэтраў мяжа з Украінай». Пры гэтым на беларуска-ўкраінскай мяжы не фіксавалася ніякіх парушэньняў.

17 верасьня скончыліся вучэньні «Захад-2021». Міністар абароны Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2021» выразным сыгналам «калектыўнаму Захаду». Што канкрэтна ён мае на ўвазе, Хрэнін не ўдакладніў.

Адкрыцьцё вучэньняў "Захад-2021", Берасьцейская вобласьць
Адкрыцьцё вучэньняў "Захад-2021", Берасьцейская вобласьць

Міграцыйны крызіс як зброя Расеі і канстатацыя Лукашэнкі пра «адзіную армію»

Праз тыдзень Лукашэнка паехаў з прыватным візытам у Сочы. Вядома, што там ён сустракаўся зь лідэрамі расейскіх палітычных партый і выбранымі кіраўнікамі рэгіёнаў. На другі дзень у Сочы адправіўся кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо. Пра дэталі ягонай выправы не паведамлялася.

30 верасьня Лукашэнка ў інтэрвію CNN заявіў, што ў Беларусі з Расеяй, па сутнасьці, адзіная армія. Роўна празь месяц амэрыканскае выданьне The Washington Post напісала, што ў апошнія тыдні Расея аднавіла перамяшчэньне тэхнікі і вайскоўцаў да мяжы з Украінай.

4 лістапада 2021 году Лукашэнка падпісаў інтэграцыйны дэкрэт Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы». Пуцін, які завізіраваў дэкрэт раней, назіраў за гэтым празь відэасувязь зь Севастопаля. У аснову палажэньняў дамовы пакладзены пакет з 28 саюзных праграмаў, якія стануць «трамплінам для паглыбленьня інтэграцыі».

Праз 5 дзён Пуцін і Лукашэнка зноў стэлефанаваліся. Афіцыйна — дзеля таго, каб «абмеркаваць сытуацыю зь мігрантамі на межах з Польшчай і Літвой». А ўжо праз два дні межы Беларусі пачалі патруляваць расейскія бамбавікі Ту-22М3, якія імітавалі скіданьне бомбаў у беларускім небе.

Увечары таго ж дня Ўкраіна заявіла, што павялічвае кантынгент войскаў і паліцыі на мяжы зь Беларусьсю на 8,5 тысячы «у сувязі зь мігранцкім крызісам». 15 лістапада кіраўнік NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што «міграцыйныя праблемы на мяжы з Эўропай і канцэнтрацыю войскаў Расеі каля Ўкраіны трэба разглядаць у комплексе».

Украіна тэрмінова ўмацоўвае мяжу зь Беларусьсю

16 лістапада Пуцін і Лукашэнка правялі тэлефонную размову. Абмяркоўваліся «сумесныя дзеяньні для абароны межаў саюзнай дзяржавы». Праз тры дні яны зноў стэлефаноўваюцца, каб ізноў паразмаўляць пра мігранцкі крызіс.

19 лістапада NATO прыпыніла ўсё практычнае супрацоўніцтва паміж альянсам і Беларусьсю, цывільнае і вайсковае. «Рашэньне зьвязанае ня зь нейкай адной падзеяй, а з мадэльлю паводзінаў беларускага ўраду, якая выклікае непакой», — патлумачылі ў альянсе.

22 лістапада агенцтва Bloomberg паведаміла, што ЗША перадалі саюзьнікам у NATO зьвесткі выведкі, якія кажуць, што колькасьць расейскіх войскаў для падрыхтоўкі ўварваньня ва Ўкраіну павялічваецца і што Расея можа напасьці з Крыму і зь Беларусі. Праз два дні ўрад Украіны тэрмінова выдзеліў грошы на ўмацаваньне ўкраінскай мяжы зь Беларусьсю.

29 лістапада падчас нарады ў цэнтры стратэгічнага кіраваньня Міністэрства абароны Беларусі Лукашэнка заяўляе: «Калі Ўкраіна паспрабуе разьвязаць канфлікт з Расеяй, Беларусь убаку не застанецца».

У той жа дзень міністар абароны Хрэнін заявіў, што Беларусь і Расея правядуць сумесныя вучэньні па «прыкрыцьці паўднёвых межаў». Тыя самыя вучэньні, якія ў выніку стануць прыкрыцьцём нападу на Ўкраіну.

Антыўкраінская гістэрыя Лукашэнкі

30 лістапада ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву Лукашэнка заявіў, што лічыць Крым расейскім, і расказаў пра пляны наведаць Севастопаль. Ён дадаў, што Беларусь не застанецца ўбаку, калі Захад «разьвяжа вайну» ў Данбасе або на мяжы з Расеяй. А калі краіны NATO перанясуць сваю ядзерную зброю ў Польшчу, то, заявіў Лукашэнка, тады ён прапануе Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь.

У той жа дзень Мінабароны Беларусі паведаміла пра чарговыя палёты з расейцамі ўздоўж заходніх межаў. Тактычная група, паводле заяваў ведамства, спрабуе «прадухіліць парушэньні мяжы ў паветранай прасторы».

На пачатку сьнежня ў Менск прыбыў старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі Вячаслаў Валодзін. Лукашэнка ў размове зь ім заявіў, што «трэба захаваць цывілізацыю, якая існавала спрадвеку на нашай агульнай Айчыне». На яго думку, у гэтай жа прасторы павінна знаходзіцца і Ўкраіна. Ён выказаў спадзяваньне, што ўкраінскі народ «выраўнае сытуацыю», каб гэта стала менавіта так.

На заяву Лукашэнкі пра Крым адрэагаваў кіраўнік МЗС Украіны. Паводле Кулебы, «Лукашэнка спаліў усе масты ў адносінах з Украінай». А празь дзень міністар абароны Ўкраіны заявіў, што адбыўся «дэ-факта аншлюс Беларусі».

4 сьнежня 2021 году агенцтва Associated Press паведаміла, што выведка ЗША высьветліла, што Расея плянуе ўварваньне ва Ўкраіну. У гэты ж дзень беларускі бок заявіў, што ўкраінскі верталёт нібыта парушыў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь. Украінцы гэта зьняпраўдзілі. Тым ня менш празь дзень Беларусь уручыла ўкраінскаму вайсковаму аташэ ноту пратэсту ў сувязі з «частымі парушэньнямі мяжы».

Расея перадае Беларусі ўзбраеньні, Пуцін абяцае дапусьціць беларускія прадпрыемствы да расейскіх дзяржаўных закупаў

9 сьнежня ў Беларусь паступіла партыя новых расейскіх бронетранспартэраў БТР-82А ў рамках «пераўзбраеньня Ўзброеных сіл Беларусі».

13 сьнежня Лукашэнка прызначыў двух кіраўнікоў аблвыканкамаў (Магілёўскі ўзначаліў ураджэнец Расеі) і ўзмацніў «вэртыкаль» сілавікамі. Чальцом Менскага аблвыканкаму і Менгарвыканкаму ўхвалены генэрал КДБ Аляксандар Церахаў. У такім жа статусе ў Гомельскі аблвыканкам прызначаны палкоўнік міліцыі Аляксандар Шастайла. Тыдзень перад гэтым начальнік упраўленьня КДБ па Берасьцейскай вобласьці Максім Радзькоў увайшоў у склад мясцовага аблвыканкаму, а начальніка ўпраўленьня КДБ Ігара Паўлюшчанку зрабілі сябрам Магілёўскага аблвыканкаму.

18 сьнежня міністар Макей заявіў, што Беларусь гатовая разьмясьціць у сябе ядзерную зброю пры пагрозе з боку NATO. У гэты ж дзень два расейскія бамбавікі далёкага дзеяньня каля чатырох гадзін патрулявалі паветраную прастору Беларусі.

29 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу прайшоў нефармальны саміт СНД (тады Лукашэнка выводзіў пад руку Назарбаева ў сваю машыну), пасьля якога Пуцін асобна сустрэўся з Лукашэнкам. Яны пацьвердзілі пляны правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні на тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе. У гэты ж дзень Пуцін паабяцаў дапусьціць беларускія прадпрыемствы да расейскіх дзяржаўных закупаў.

30 сьнежня аналітыкі Conflict Intelligence Team заявілі, што канцэнтрацыя расейскіх войскаў ля межаў Украіны і ў Крыме «дасягае беспрэцэдэнтных памераў». У той жа дзень падчас тэлефоннай размовы Пуцін папярэдзіў Байдэна наконт пагрозы «поўнага разрыву адносінаў».

Лукашэнка наведвае базу ў Лунінцы, гаворыць пра вайну. Празь месяц адтуль ва Ўкраіну паляцяць зьнішчальнікі

18 студзеня 2022 году Мінабароны Беларусі паведаміла аб прыбыцьці расейскіх войскаў на вучэньні. У гэты ж дзень дасьледчык Conflict Intelligence Team заявіў, што «некаторым вайскоўцам, якія едуць у Беларусь, гавораць пра паўгода ці дзевяць месяцаў».

19 студзеня арганізацыя Conflict Intelligence Team заявіла, што расейская тэхніка залпавага агню знаходзіцца каля беларускай Рэчыцы, за 200 км ад Кіева.

21 студзеня Лукашэнка сказаў пра магчымую вайну, згадваючы сваю паездку ў Лунінец, дзе наведваў вайсковыя аб’екты. Аэрадром у Лунінцы — адзін зь некалькіх у Беларусі, зь якіх расейская авіяцыя бамбіць Украіну. «З намі ня трэба зьвязвацца, нас немагчыма перамагчы», — сказаў тады Лукашэнка. Лукашэнка заявіў, што з душы ўкраінскай нацыі нібыта «вырываюць памяць славянскіх народаў, адзіныя карані, мову, культурны і этнічны код, які зьвязвае народы».

Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Берасьцейскую вобласьць. 21 студзеня 2022
Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Берасьцейскую вобласьць. 21 студзеня 2022

У той жа дзень сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў: «У Беларусі няма прэзыдэнта, там дамінуе Расея».

У Беларусь прыбываюць эшалёны з расейскімі дэсантнікамі і шматмэтавыя зьнішчальнікі Су-35с, якія маюць заступіць на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне «ў рамках праверкі адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны саюзнай дзяржавы».

31 студзеня ў Менск прыбыў новы пасол Расеі Барыс Грызлоў. Ён замяніў Яўгена Лук’янава, які ня быў у Менску і году. Грызлоў вядомы тым, што быў аднаклясьнікам цяперашняга сакратара Савету бясьпекі, былога кіраўніка ФСБ Патрушава, які мае рэпутацыю «нехарызматычнага, але паслухмянага выканаўцы».

Фінал

Сяргей Шайгу, міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, Аляксандар Лукашэнка. Менск, 3 лютага 2022
Сяргей Шайгу, міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, Аляксандар Лукашэнка. Менск, 3 лютага 2022

Напярэдадні беларуска-расейскіх вучэньняў, якія сталі фактычна сталі прыкрыцьцём нападу Расеі на Ўкраіну, Менск наведаў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу. «Усё арганізавана такім чынам, што сёньня ёсьць нават рэзэрвы. Гэта значыць, усё арганізавана проста бліскуча. Ёсьць яшчэ магчымасьці ў дадатковым прыёме тэхнікі», — ацаніў Шайгу дзеяньні па перакідваньні груповак войскаў Усходняй вайсковай РФ акругі ў Беларусь.

10 лютага гэтага году пачаліся вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022». Зь сярэдзіны студзеня Расея актыўна перакідала ў Беларусь войскі і вайсковую тэхніку, у тым ліку дывізіён зэнітных ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр-С», шматмэтавыя зьнішчальнікі Су-35С, штурмавікі Су-25СМ, зэнітны ракетны комплекс С-400 «Трыюмф», комплексы «Іскандэр» і іншае ўзбраеньне.

18 і 19 лютага Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца зь візытам у Расеі і сустракаецца з Пуціным. На прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы Лукашэнка абвінаваціў Захад у агрэсіўных дзеяньнях і ў правакаваньні канфлікту.

24 лютага Расея напала на Ўкраіну і пачала выкарыстоўваць беларускую вайсковую і цывільную інфраструктуру для агрэсіі супраць яе. Лукашэнка пацьвердзіў запуск ракет па Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі і заявіў, што, «калі неабходна будзе Расеі», беларускія войскі будуць ва Ўкраіне.

Фальстарт прапаганды

Празь некалькі гадзін пасьля нападу Расеі на Ўкраіну Лукашэнка заявіў, што дазнаўся пра ўсё пасьля званка яму ад Пуціна.

На наступны дзень праўладны прапагандыст Аляксандар Шпакоўскі напісаў у сваім Фэйсбуку, што Лукашэнка «ўсё ведаў, пра ўсё дамовіліся» (з Пуціным). Празь некалькі гадзін гэты допіс зьнік, але ён стаў рэдкім прыкладам праўды ад прапагандыста Шпакоўскага.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG