«Хотят ли русские войны?». 20 цытат пра вайну

Анастасія Ерашова з Марыюпаля зь дзіцем, якое выжыла; другое дзіця загінула пры расейскім бамбаваньні. 13 сакавіка 2022
Анастасія Ерашова з Марыюпаля зь дзіцем, якое выжыла; другое дзіця загінула пры расейскім бамбаваньні. 13 сакавіка 2022

Прапануем два дзясяткі цытат пра вайну. Яны належаць аўтарам розных нацыянальнасьцяў і розных прафэсійных заняткаў. Дзе-нідзе мы дадалі камэнтары, каб патлумачыць кантэкст, у якім цытата прагучала ўпершыню, або каб нагадаць, кім быў яе аўтар, які сёньня, магчыма, ужо прызабыты.

Васіль Быкаў:

Як заўжды на вайне, галоўная плата — кроў, і плаціць той, хто найменш вінаваты.

Томас Ман:

Вайна — гэта толькі баязьлівыя ўцёкі ад праблемаў міру.

Карл Краўс:

Як кіруюць сьветам і як пачынаюцца войны? Дыпляматы хлусяць журналістам, а потым вераць прачытанаму.

[Карл Краўс (1874–1936) — аўстрыйскі пісьменьнік і журналіст, вядомы сваімі сатырычна-афарыстычнымі выказваньнямі ў адрас прэсы і палітыкаў.]

Яўгеній Еўтушэнка:

Хотят ли русские войны?
Спросите вы у тишины
над ширью пашен и полей
и у берез и тополей.
Спросите вы у тех солдат,
что под березами лежат,
и пусть вам скажут их сыны,
хотят ли русские войны. (…)

[Верш напісаны ў 1961 годзе, у разгар «халоднай вайны», якая ў 1962-м, праз так званы «карыбскі крызіс», ледзь не абярнулася «гарачай» вайной з выкарыстаньнем ядзернай зброі. Прыклад выдатнага хрэстаматыйнага верша на службе дзяржаўнай ідэалёгіі. Ці застанецца гэты верш хрэстаматыйным пасьля вайны Расеі з Украінай?]

Бэнджамін Фрэнклін:

Ніколі не было добрай вайны ці дрэннага міру.

[Бэнджамін Франклін (1706–1790) — палітычны дзеяч, пісьменьнік, навуковец, адзін з айцоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў Амэрыкі.]

Сьвята-Ўсьпенскі сабор у Харкаве пасьля абстрэлу расейскімі войскамі 2 сакавіка 2022 году
Сьвята-Ўсьпенскі сабор у Харкаве пасьля абстрэлу расейскімі войскамі 2 сакавіка 2022 году

Малкалм Форбз:

Вайна амаль ніколі не сканчаецца так, як яе задумалі пачынальнікі.

[Малкалм Форбз (1919–1990) — амэрыканскі прадпрымальнік, выдавец вядомага бізнэс-часопіса Forbes, заснаванага ягоным бацькам у 1917 годзе.]

Джордж Патан:

Няхай Бог літуецца над маімі ворагамі, бо я ня буду.

[Джордж Патан (1885–1945) — адзін з галоўных амэрыканскіх генэралаў у Другой сусьветнай вайне, камандзір танкавага корпусу, які браў удзел у баях з нацыстамі ў Італіі, Францыі і Нямеччыне.]

Уінстан Чэрчыль:

Вы спытаеце, якая наша мэта? Я магу адказаць адным словам. Гэта перамога, перамога любой цаной; перамога, нягледзячы на ўвесь жах; перамога, якой бы доўгай і цяжкай ні быў шлях да яе, бо безь перамогі няма выжываньня.

[З прамовы прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Ўінстана Чэрчыля ў Палаце грамадаў 13 траўня 1940 году.]

Сара Бэрнар:

Чаму цывілізацыя працягвае адступаць? Кожная вайна, нават калі яна пераможная, — гэта новая параза нашага розуму.

[Сара Бэрнар (1844–1923) — славутая ў свой час француская акторка.]

Якуб Колас:

(…)
Бягуць, уцякаюць,
Аж пяты бражджаць.
І рушыла раптам
Чырвоная раць!

Сталёвая лава
Як гром, ураган —
За танкамі танкі,
Бы хмар караван.

Імкнуць як разводзьдзе,
Як морскі прыбой,
Зьмятаюць вяльможных
Савецкай мятлой.

Народ высыпае
З пагорбленых хат:
— Ох, сіла ж якая!
— Ох, колькі ж гармат!
(…)

[Гэта фрагмэнт сатырычнай паэмы, якую Якуб Колас напісаў у 1939 годзе, вітаючы паход Чырвонай арміі на Польшчу і далучэньне Заходняй Беларусі да БССР. Прыклад слабой паэзіі на службе ў дзяржаўнай ідэалёгіі.]

Эвакуацыя цяжарнай жанчыны з разбомбленай расейскімі войскамі радзільні ў Марыюпалі, 9 сакавіка 2022 году
Эвакуацыя цяжарнай жанчыны з разбомбленай расейскімі войскамі радзільні ў Марыюпалі, 9 сакавіка 2022 году

Уільям Шэксьпір:

Крыві й загубы будзе столькі
І жахі стануць так прывычнымі,
Што мацеры зь усьмешкай паглядацьмуць,
Як іх дзяцей чвартуюць на вайне.
Задушаць літасьць жорсткія расправы,
А Цэзаравы дух, да помсты заклікаючы,
З Гекатай з вогненнага пекла
Над гэтымі абшарамі ўзьнясецца
І голасам манаршым пракрычыць:
„Палі й сячы!“ — і спусьціць псы вайны.

[Гэта фрагмэнт маналёгу Антонія з драмы Шэксьпіра «Юлій Цэзар». Антоній прадвяшчае вайну ў Рыме пасьля забойства Цэзара. Пераклад мой. Арыгінал:

Blood and destruction shall be so in use
And dreadful objects so familiar
That mothers shall but smile when they behold
Their infants quarter’d with the hands of war;
All pity choked with custom of fell deeds:
And Caesarʼs spirit, ranging for revenge,
With Ate by his side come hot from hell,
Shall in these confines with a monarchʼs voice
Cry ʼHavoc,ʼ and let slip the dogs of war.]

Плятон:

Толькі забітыя ўбачылі канец вайны.

Сьвятлана Алексіевіч:

Безь нянавісьці страляць ня будзеш. Гэта вайна, а не паляваньне.

Тэры Прачэт:

Як думаеце, ці магчыма, каб звар’яцела ўся нацыя?

Альбэрт Айнштайн:

Я ня ведаю, якой зброяй будуць весьці Трэцюю сусьветную вайну, але Чацьвёртая сусьветная вайна будзе весьціся палкамі і камянямі.

Харкаў, 14 сакавіка 2022 году
Харкаў, 14 сакавіка 2022 году

Джозэф Гелер:

Якая розьніца забітаму на вайне, хто яе выйграе?

[Цытата зь вядомага сатырычна-абсурдысцкага антываеннага раману «Catch 22».]

Томас Пінчан:

Яны закаханыя. Я**ць вайну!

[Цытата зь «Вясёлкі гравітацыі» («Gravity’s Rainbow»), раману з 1973 году.]

Джордж Орвэл:

Вайна гэта мір. Свабода — гэта рабства. Няведа — гэта сіла.

[З раману «1984».]

Джэймс Джойс:

Няхай мая краіна памрэ за мяне.

[Гэтая фраза з раману Джэймса Джойса «Ўліс» — мабыць, крайняя фармулёўка пункту гледжаньня пісьменьніка-пацыфіста і інтэлектуала, які грэбуе ўсялякай ідэалёгіяй.]

Уладзімір Зяленскі:

Закрыйце неба над Украінай!

[З прамовы перад Кангрэсам ЗША 16 сакавіка 2022 году.]

​
XS
SM
MD
LG