Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няўзораў: «Беларусы вінаватыя, бо аддалі сябе ў кіраваньне абсалютнаму злу, „мордару“»


Аляксандар Няўзораў
Аляксандар Няўзораў

Расейскі журналіст і публіцыст Аляксандар Няўзораў у інтэрвію Свабодзе разважае пра вайну ва Ўкраіне, будучыню Пуціна, санкцыі супраць Расеі, моц украінскай арміі, а таксама адказвае на пытаньні, ці ёсць у беларусаў віна перад украінцамі.

«Зьмірыцеся з тым, што на некалькі дзясяткаў гадоў, а можа і стагодзьдзе, ня будзе з украінцамі любові, ня будзе разуменьня»

— Беларусь — адзіная дзяржава, якую Расея выкарыстоўвае ў вайне, і кіруе ёй нелегітымны кіраўнік. Самалёты, якія бамбяць украінскія гарады, узьлятаюць у тым ліку зь беларускіх аэрадромаў. Беларусы вельмі хвалююцца: звыш 70% зь іх супраць Лукашэнкі, на вуліцы выходзілі сотні тысяч, але многія ўкраінцы лічаць, што і беларусы датычныя да вайны, як Расея. Лукашэнка ж кажа, што беларусы белыя і пухнатыя. Ці ўдасца беларусам як народу заставацца такімі перад украінцамі?

— Украіна — мудрая краіна, і яна разумее, што ў Беларусі такая ж жахлівая дыктатура, як і ў Расеі, і што беларусы многія рэчы вымушаныя рабіць з-пад палкі, з-пад штыка, з-пад паліцэйскай дубінкі, і што яны ахвяры, такія ж, як і многія людзі ў Расеі. Мы цудоўна разумеем, што Лукашэнка ўпісаўся ў лёкаі, у халуі Пуціна і што толькі дзякуючы Пуціну яму ўдалося ўтрымаць сваю ўладу. Толькі дзякуючы Пуціну яму ўдалося фальсыфікаваць выбары і задушыць пратэсты, хоць і беларусы самі ў гэтым вінаватыя. Я ім заўсёды казаў, што рэвалюцыю трэба рабіць у адпаведнасьці з тэхналёгіяй, а не здымаць чаравікаў, каб стаць на лаўку з мэтай памахаць балёнікам у бок дыктатара. Дыктатар такія рэчы не ацэніць. Але вы і атрымалі па поўнай праграме за ўсю сваю чалавечнасьць, за інтэлігентнасьць, за размовы пра мірны пратэст.

Я думаю, што беларусы і ўсе, хто датычны да цяперашняга ўкраінскага кашмару, яны ўсё роўна вінаватыя. Яны аддалі сябе ў кіраваньне, яны падпарадкаваліся абсалютнаму злу, «мордару». Яны вольна ці міжволі сталі оркамі, сіламі зла. Хто, як і перад кім будзе апраўдвацца, гэта справа будучыні. Думаю, што пасьля ўсяго, што адбудзецца, як усё гэта скончыцца, зьмірыцеся з тым, што на некалькі дзясяткаў гадоў, а можа і стагодзьдзе, ня будзе любові, ня будзе сяброўства, ня будзе разуменьня.

«Пуцін жыў пад гіпнозам уяўленьня, што ён зьяўляецца ўладальнікам неймавернай па магчымасьцях арміі»

— Другі тыдзень ідзе вайна ва Ўкраіне. Многія ўжо кажуць, што Расея ў ёй не перамагае. А што, калі гэта нейкі хітры плян Пуціна?

— Вось так узяць ганебна, сарамліва і бессэнсоўна прайграць, ладзіць штодзённыя гістэрыкі і выслухоўваць іх — не, я думаю. Гэта нават не чэкісцкая шматхадовачка. Ён жыў апошнія 10-15 гадоў пад гіпнозам уяўленьня пра тое, што ён зьяўляецца ўладальнікам неймавернай па магчымасьцях арміі. Што ён здольны быць уладаром сьвету і што ўсялякія там Амэрыкі, Англіі, Францыі існуюць датуль, пакуль ім дазваляе Масква. А ягоная моц, ягоны ракетна-ядзерна-артылерыйска-пяхотны патэнцыял перавышае ўсё магчымае. То бок, у яго была тая самая каша, якая ёсьць у галовах дыктатараў. Мы ведаем, што нават паўднёваафрыканскія дыктатары заўсёды былі перакананыя ў тым, што яны валодаюць нейкімі неймавернымі баявымі або вайсковымі патэнцыяламі. І мы ведаем, да чаго гэтыя людзі заўсёды прыводзілі і як іх разьбівалі.

«Цягам васьмі гадоў Расея падтрымлівала ў „ДНР-ЛНР“ градус страху, тэрору і жаху»

— Восем гадоў таму быў Крым, «ДНР-ЛНР». Усё было даволі хутка і як гавораць многія, «прыгожа». Пуцін атрымаў жаданае. Чаму сёньня ўсё ідзе ня так, як было задумана?

— Наконт таго, што ўсё было прыгожа, я б паспрачаўся, таму што ўся гісторыя «ДНР-ЛНР» — гэта брудная і крымінальная гісторыя. Гэта гісторыя крымінальных бандаў з Расеі, якіх паслалі на подлую тэрарыстычную апэрацыю ўнутры іншай дзяржавы. Усе ўдзельнікі гэтых бандаў былі грамадзянамі Расеі і ня ўтойвалі сваіх жаданьняў адцяць ад Украіны кавалак. Мы ведаем, што ў «ЛНР» і «ДНР» да ўлады прыйшлі не мясцовыя шахтары, не бухгальтары і не кампутарнікі. Гэта ўсё было загадзя арганізавана Расеяй. Цягам васьмі гадоў там падтрымліваўся градус страху, тэрору і жаху.

Калі Эўропа прапаноўвала навесьці там парадак, каб спыніліся ахвяры, каб маглі спакойна ўначы спаць дзеці, каб аднекуль не прыляцела нейкая ракета (тым больш што ніхто не разумее, адкуль яна прыляцела і якая), Расея заўсёды была супраць, каб сытуацыя была адрэгуляваная раз і назаўсёды. Адзінаццаць разоў Рада Бясьпекі ААН прапаноўвала ўвесьці туды міратворцаў. Адзінаццаць разоў ёй было адмоўлена: «Гэта не лягічна», «Гэта ня ў нашых інтарэсах», «Гэта непатрэбна», «Гэта нясвоечасова» і г. д. Ніякая інтарэсу да «ЛНР-ДНР» Расея цягам многіх гадоў увогуле ня мела. Дастаткова паглядзець стэнаграмы паседжаньняў Дзяржаўнай Думы за тры нібыта неспакойныя гады.

Вы ведаеце, колькі разоў на паседжаньнях у 2019, 2020 і 2021 гадах згадвалася «ДНР» або «ЛНР»? У 2019-м — 1 раз, у 2020-м — 1 раз, у 2021-м, здаецца, два разы. І гэта не былі абмеркаваньні таго, што неабходна навесьці парадак або ўратаваць людзей, гэта былі абмеркаваньні бюджэту, выдачы пашпартоў, грамадзянства. Таму гісторыя «ЛНР-ДНР» зусім не такая прыгожая.

«Ніякія санкцыі не працуюць, бо яны як жылі са сваімі сарцірамі зь дзіркай, так і будуць жыць»

— Гэта больш датычыць Крыму. Бо пасьля анэксіі практычна не было баявых апэрацый і не было санкцый сьвету супраць Расеі, якія б яна не ўспрыняла зь лёгкасьцю. Цяпер яна кажа тое самае, але санкцыі супраць Расеі зусім іншыя.

— Яна гаворыць слушна, бо санкцыі б’юць у асноўным па адукаванай частцы Расеі, якая заўсёды рабіла стаўку на Захад, якая разумела сілу і важнасьць заходняй асьветы, заходняй матэрыяльнай культуры, якая разумела і ведала важнасьць узаемаадносінаў з Эўропай, сьветам, ЗША. Гэтыя санкцыі па іх. А па жахлівым быдле, якое ніколі ў жыцьці ня езьдзіла, не цікавілася, не хвалявалася, для якога не існуе заходняй навукі, якія ўпершыню чуюць слова каляйдэр і думаюць, што гэта нейкая плянэта, — іх санкцыі не хвалююць. Калі Эўропа прымае санкцыі, то яна думае, што яна робіць жыцьцё народу горшым. Эўропа не разумее, што ёсьць той узровень жыцьця, горш за які быць ужо ня можа.

Ніякія санкцыі не працуюць, бо яны як жылі са сваімі сарцірамі зь дзіркай; яны як будавалі паласкалкі на рацэ, каб праць і паласкаць бялізну; яны як глядзелі расейскую тэлевізію, упіваючыся яго прапагандай, так і глядзяць. Для іх нічога не зьмянілася. Гэтыя санкцыі ўдарылі не па іх. А посткрымскія санкцыі былі ўвогуле сьмешнымі. Самымі цяжкімі санкцыямі былі тыя, якія ўрад і прэзыдэнт Расеі скіравалі на свой народ, пазбавіўшы іх нармальных прадуктаў, пазбавіўшы часткі тых пладоў цывілізацыі, безь якіх жыцьцё, прынамсі, больш складанае. Захад усьляпую ўводзіць санкцыі, кепска разумеючы, што ён робіць.

— А ці баіцца Пуцін расейцаў, якія ў выніку санкцый, краху эканомікі пачнуць пратэсты і зрынуць яго?

— Гэта ілюзія. Тыя санкцыі, якія ўжо пачалі дзейнічаць, па аддзяленьні Расеі ад цывілізацыі, гэтыя санкцыі хутчэй радуюць той глыбінны народ, які даўно марыў вярнуцца ў пячору сацыялізму, у дзярмовую ўраўнілаўку, дзе ня трэба раздражняцца чыімсьці інстаграмам на Багамах, дзе ня трэба зайздросьціць добраму аўтамабілю, дзе ўсё такое ж панылае, шэрае, жахлівае, таннае, ломкае дзярмо, якое калісьці было ў 1970-я. Для многіх людзей у Расеі гэтыя санкцыі зьяўляюцца маннай нябеснай. Яны даўно марылі вярнуцца ў гэтую шэрасьць і бессэнсоўнасьць.

«Расейская культура зьяўляецца першым правадніком вялікадзяржаўнага жлобства і шызафрэніі захопаў»

— У Расеі, якая супраць вайны, ёсьць лябісты, якія згадваюць Пушкіна, Дастаеўскага, Талстога, расейскіх мастакоў і кампазытараў, маўляў, ёсьць і прыгожая Расея. Як у такой Расеі, дзе нарадзіўся Талстой, 70% насельніцтва, як сьведчаць афіцыйныя лічбы, падтрымліваюць вайну супраць свайго суседа і, ня будзем утойваць, блізкага народу, зь якім 70 гадоў жылі ў адным канцлягеры?

— Найвялікшая памылка наконт Талстых, Дастаеўскіх, Пушкіных. Вам здаецца, што ёсьць нейкая расейская культура, якая супрацьстаіць усяму гэтаму вялікадзяржаўнаму жлобству, гэтай шызафрэніі захопаў, дэгенэратыі падпарадкаваньня ўсіх і ўсяго. На самой справе расейская культура зьяўляецца першым правадніком менавіта гэтага. Калі вы ўспомніце такога любімага і шанаванага на Захадзе Дастаеўскага, то Дастаеўскі ў нас, пад гэтым тонкім слоем жарсьцяў і віляньнем душ, — гэта ў чыстым выглядзе ідэоляг расейскага праваслаўнага фашызму. Пачытайце ўважліва, паглядзіце. Усё гэтае рамантычная-белетрыстычнае шалупіньне Дастаеўскага нічым не адрозьніваецца ад такога ж шалупіньня любога заходняга раманіста. А сутнасьць, канкрэтыка, непасрэдна ідэя, якая ў яго ёсьць паўсюль, пра тое, што Расея — гэта нейкі вечны вартаўнік усяго тупога, старога, нецывілізаванага, усяго зьвернутага ў мінуўшчыну, якое ненавідзіць прагрэс і навуку. Гэта ж усё ідэі Дастаеўскага.

Зьвярніце ўвагу на таго ж Талстога, у якога тупая, прымітыўная і неразважлівая сіла зьяўляецца вырашальнай і галоўнай. Талстой спакойна хлусіць у чатырох тамах пра тое, што адбывалася ў 1812 годзе. Паразу, у выніку якой Расея кінула на полі бою больш за 30 тысяч сваіх параненых, паразу ў Барадзінскай бітве, ён пачынае яе ўсхваляць як вялікую перамогу. Ці гэта ня вывіх мозгу і не выродзтва? Якая тут расейская культура?

«Пуцін не баіцца ядзернай вайны, бо ў яго ёсьць бункер глыбінёю 110 мэтраў, з басэйнам і аркестрам»

— Пуцін праз пару дзён пасьля пачатку вайны пачаў пагражаць сьвету ядзернай вайной. Але, напрыклад, Юры Дудзь заўважыў, што чалавек, які адсаджвае ад сябе ўласных міністраў на 15 мэтраў, бо баіцца каранавірусу, наўрад ці запусьціць ядзерную ракету. Ці баіцеся вы ядзернай вайны і ці лічыце яе рэальнай?

— Разумееце, ядзерная вайна — гэта такая штука, якой бессэнсоўна баяцца або не баяцца. Гэта ўсё роўна тое страшнае полымя, якое чалавецтва само сабе падрыхтавала і якое рана ці позна непазьбежнае. І да гэтага трэба ставіцца вельмі цьвяроза. Што тычыцца страху Пуціна за сваё здароўе... А чым ён рызыкуе ў выпадку ядзернай вайны? У яго ёсьць бункер глыбінёю 110 мэтраў, з басэйнам, з аркестрам, зь лекцыйнымі залямі, з шыкоўнымі паліклінікамі і, магчыма, нават мадыфікаваным садам. Наўрад ці ён будзе калісьці вызіраць у пэрыскоп, каб глядзець на тое папялішча, якое ўтварылася ў сьвеце і плянэце, каб не засмучацца. Ён зможа дажыць свае дні ў абсалютным камфорце, а ягоныя суразмоўцы будуць сядзець там ад яго таксама даволі далёка. Чым ён рызыкуе?

«Украінцы ваююць бязь літасьці, але ваююць цудоўна»

— Ужо гучаць кансьпіралягічныя тэорыі, што рыхтуецца замах супраць Пуціна ўнутры самой сыстэмы. Называюць нават прозьвішча Шайгу. Ці магчымы такі сцэнар у Расеі?

— Калі пра змову ўнутры пуцінскіх элітаў напісана ў СМІ, то гэта сьведчыць аб тым, што такой змовы гарантавана няма. Змовы на тое і існуюць, што цягам доўгага часу, да апошняга моманту, пакуль не загучаць першыя стрэлы, яны захоўваюцца ў тайне. Вайна, якая рыхтавалася цягам 6 або 7 гадоў, да апошняга моманту здавалася ўсім абсалютна нерэальнай. Калі б ня некалькі гарадзкіх вар’ятаў кшталту мяне, якія расьпісвалі і апісвалі яе, тлумачылі яе як мэту і неабходнасьць палітыкі Ўладзіміра Ўладзіміравіча, то гэтая вайна была б яшчэ большым шокам і нечаканасьцю. Ужо пасьля таго, як я сказаў усе словы, і на «Эхо Москвы», паўсюль, але да гэтага ставіліся як да няўзораўскіх фантазій.

— Таму я нават баюся ў вас спытацца...

— А я баюся вам адказаць.

— ... але з другога боку, відаць, што Ўкраіна мае надзвычайны баявы дух, што яны не здаюцца.

— Яна абсалютна дзівосныя. Калі б усё было сумленна, па лёгіцы, па рэальнасьці, то як дыягност, ведаючы абедзьве арміі, сытуацыю, пару году, ведаючы матывацыю і палітыку, я б нават не сумняваўся ў перамозе Ўкраіны. Прынамсі не такой, якая разумеецца пад гэтым выразам, разам з маршам-кідком у краіну праціўніка, але прынамсі ў здольнасьці выціснуць са сваёй тэрыторыі рэшткі Ўзброеных сілаў РФ, я б не сумняваўся. Патэнцыял украінцаў — і чалавечы, і вайсковы — аказаўся настолькі магутным, настолькі нескароным. Але я ў прынцыпе заўсёды пра гэта гаварыў. Я ведаў, што яны б’юцца ня горш за чачэнцаў.

Мне давялося, даруйце за шчырасьць, бачыць украінцаў у баі, праўда, я тады іх бачыў з другога боку, на чачэнскай вайне. Я бачыў, колькі жарсьці, колькі неймавернага ваярскага патэнцыялу дэманстравалі сілы УНА-УНСО, якія змагаліся за свабоду Ічкерыі і гінулі за яе. Яны былі ня менш адданымі і добрымі ваярамі, чым самі чачэнцы. Чачэнцы, як выявілася, ня ўдзячныя ім і хутка гэта забылі. Таму я ведаў, што такое ўкраінская вайна, і разумеў, што такое ўкраінскі стыль вядзеньня вайны. Я меў рацыю. Так, яны ваююць бязь літасьці, але ваююць цудоўна.

«Апошнія 20 гадоў Расея не займалася нічым, акрамя падрыхтоўкі да вайны»

— Калі гэтыя паразы расейскай арміі ва Ўкраіне будуць большыя і большыя, калі канфлікт будзе зацягвацца, гэта неяк паўплывае на пазыцыю Пуціна і ўлады ў Расеі? Ці людзі гэта праглынуць?

— Я думаю, што найперш гэтага не перажыве сам Пуцін. Не забывайцеся, што апошнія 20 гадоў Расея не займалася ні чым, акрамя падрыхтоўкі да вайны. Расея штампавала нейкія незвычайныя ракеты, захаплялася гіпэргукам, праводзіла парады, гіпнатызавала сябе і ўвесь сьвет уласнай ваеннай магутнасьцю і веліччу. Цяпер, калі гэтая параза непазьбежная, перажыць гэтага яны ніколі ня змогуць.

— Расея напала на Ўкраіну ў ноч пасьля сьвята мужчын, Дня Савецкай арміі на прасторы былога СССР. На што здольны Пуцін у нос пасьля жаночага дня 8 сакавіка?

— Ня думаю, што ён будзе зьвязваць свае воінскія забавы з так званым 8 сакавіка, хаця ён вялікі фанат савецкіх сьвятаў і заўсёды намагаецца рабіць нешта сымбалічнае за кошт таго, што ён цалкам падуладны кансьпіралёгіі, у тым ліку савецкай, нумаралёгіі, якая ідзе закускай да асноўных кансьпіралягічных страў — анэрбэ, сувязі з продкамі, подзьвігамі, духоўнасьцю, якая жыве ў ягонай галаве. Я заўсёды казаў, што мозг чэкіста — гэта вельмі лёгкая здабыча для папоў. Але гэтага таксама лёгкая здабыча для кансьпіролягаў. Папы — гэта ўсяго фрагмэнт усёй гэтай страшнай кансьпіралягічай стравы. Але на вашае пытаньне я не адкажу, таму што хлусіць я не навучыўся, а палохаць вас не хачу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG