Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня яны малююць «Z» на ўласных аўтамабілях, а празь некалькі месяцаў будуць праклінаць Пуціна і Лукашэнку


Літара Z на вайсковых машынах, якія накіроюваюцца з анэксаванага Расеяй Крыму для нападу на Хэрсонскую вобласьць. Люты 2022
Літара Z на вайсковых машынах, якія накіроюваюцца з анэксаванага Расеяй Крыму для нападу на Хэрсонскую вобласьць. Люты 2022

Сёньня яны апантана падтрымліваюць «спэцапэрацыю», захапляюцца Пуціным і малююць літару «Z» на кузавах сваіх машын. А празь некалькі месяцаў будуць праклінаць гэтую вайну, пісаць антываенныя лёзунгі і патрабаваць адстаўкі рэжыму, які сваёй палітыкай давёў іх да галечы.

Як адбываецца выцьверажэньне тых, хто пакуль што адчувае сябе ахмялелым ад шавіністычнага чаду і мілітарысцкіх лёзунгаў? Колькі часу і якія абставіны для гэтага патрэбны?

Большасьць расейскага насельніцтва (паводле зьвестак сацыёлягаў, ад 60 да 70 працэнтаў) падтрымліваюць ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, ажыцьцёўленае на загад Пуціна. Цяжка верыць у гэтыя лічбы. Тым ня менш гэта так. Угледзьцеся ў твары тых соцень тысяч людзей, якія сабраліся на мінулым тыдні на маскоўскім стадыёне «Лужнікі», каб падтрымаць вайну. Можа, нехта і цешыць сябе ілюзіямі, што іх прыгналі туды пад прымусам і што папраўдзе яны супраць агрэсіі і супраць вайны. Але рэальнасьць іншая: сапраўды стадыён у адным парыве падтрымліваў усе шавіністычныя лёзунгі Пуціна. І на тварах, якія раз-пораз выхоплівалі з натоўпу тэлекамэры, былі адлюстраваны зусім не расчараваньне, ня смутак, не абыякавасьць — а менавіта тыя памкненьні, якія і чакае ад іх улада: «Можам паўтарыць!», «Нам не патрэбен сьвет, калі ў ім няма Расеі» і «Мы трапім у рай, а яны здохнуць!».

Трапна напісаў пра тое, што адбывалася ў той дзень у Лужніках, расейскі паэт і публіцыст Дзьмітрый Быкаў:

На фронт их, ясно, не заманишь,

Но куражу не занимать —

Не за подачку, не за мани ж!

За русский мир, ядрена мать!

Эўфарыя еднасьці з правадыром

Гэта рэальныя настроі, якія пануюць у сёньняшняй Расеі. Пагартайце стужкі ў сацыяльных сетках, пачытайце камэнтары сваіх расейскіх знаёмых. Для мяне стала адкрыцьцём, што нават ад многіх этнічных украінцаў, якія даўно жывуць у Расеі, можна пачуць ня словы падтрымкі ў адрас сваёй няшчаснай радзімы і сваіх суайчыньнікаў, а даволі двухсэнсоўныя і няпэўныя ацэнкі таго, што адбываецца.

Задаў нядаўна пытаньні пра апошнія падзеі свайму колішняму знаёмаму ўкраінцу, які даўно жыве і працуе ў Расеі. І нечакана для сябе пачуў у адказ: «Ну ня ўсё так адназначна», «У мяне няма дастаткова зьвестак», «Гэта трэба правяраць»...

У Расеі жывуць каля трох мільёнаў этнічных украінцаў. Практычна ва ўсіх іх — сваякі, сябры, знаёмыя ва Ўкраіне. Яны ня могуць ня ведаць пра рэальны стан рэчаў. Але дзе яны, дзе іхныя масавыя галасы пратэсту супраць вайны?

На паверхню ўсплываюць і зусім невытлумачальныя факты. Некалькі дзён таму над Украінай зьбілі расейскі самалёт. Ляцеў бамбіць Харкаў. Высьветлілі імя лётчыка. Выявілася, украінец, а ягоныя бабуля, маці, сёстры і шматлікія сваякі жывуць у Запарожжы.

Што гэта? Толькі шматгадовы ўплыў агрэсіўнай антыўкраінскай прапаганды? Ня думаю. Сама атмасфэра, якая пануе сёньня ў расейскім грамадзтве, зацягвае чалавека ў гэты вір, псыхоз, эўфарыю еднасьці з правадыром, сьляпой веры ў ягоную непагрэшнасьць.

Гэта не выключная ўласьцівасьць расейскага народу. Паглядзіце нямецкую кінахроніку канца 30-х гадоў. Паслухаць рэваншысцкія прамовы Гітлера зьбіраліся сотні тысяч немцаў — такія ж перапоўненыя стадыёны. І ўсе ў адзіным парыве ўскідвалі рукі ў нацысцкім вітаньні. Ачмурэньне цэлай нацыі, аб’яднанай крыўдай за страту колішняй вялікай імпэрыі і распаленай жаданьнем рэваншу, адбывалася імкліва. Вядома, у нямецкім народзе было нямала цьвярозых галоў, якая засьцерагалі, папярэджвалі, заклікалі да сумленьня. Але амаль усе яны неўзабаве былі залічаныя ў нацыянал-здраднікі, змушаныя да палітэміграцыі. А тыя, хто не пасьпеў уцячы, трапілі ў засьценкі гестапа, а пазьней і ў лягеры сьмерці. Нешта падобнае адбываецца і ў сёньняшняй Расеі. Ужо і пошук «нацыянал-здраднікаў» ды «пятай калёны» пачаўся, і колькасьць палітвязьняў пачала рэзка расьці, і паток палітэмігрантаў павялічыўся шматкроць.

Калі любоў ператвараецца ў нянавісьць

Але ў любой прапаганды, любога псыхалягічнага гвалту моцна абмежаваны рэсурс, асабліва рэсурс часу. Прапаганда ня здольная перайначыць рэчаіснасьць. Штодзённы побыт, рэаліі існаваньня — выхавальнік значна больш эфэктыўны, чым любое прамываньне мазгоў з дапамогай тэлевізара. Як адбываецца выцьверажэньне тых, хто пакуль што адчувае сябе ахмялелым ад шавіністычнага чаду і мілітарысцкіх лёзунгаў? Колькі часу і якія абставіны для гэтага патрэбны?

Паспрабуем знайсьці гістарычныя паралелі.

Люты 1904 года. Празь некалькі дзён пасьля абвяшчэньня вайны Японіі, якая таксама задумвалася ў Расеі як «маленькая пераможная», у Санкт-Пецярбурзе, а таксама ў іншых буйных гарадах імпэрыі стыхійна зьбіраюцца шматтысячныя патрыятычныя маніфэстацыі. Натоўп шалее ад прыліву вернападданьніцкіх пачуцьцяў, запісваецца добраахвотнікамі на фронт, рагоча і пасьміхаецца з ворага: «Мы тых японцаў шапкамі закідаем». Нават гімназічная і студэнцкая моладзь, вядомая сваімі рэвалюцыйнымі настроямі, завяршыла адну са сваіх унівэрсытэцкіх сходак шэсьцем да Зімняга палаца і калектыўным сьпевам «Боже, царя храни».

А прыблізна праз год, 9 студзеня 1905-га, натоўп прыблізна ў 150 тысяч чалавек рушыў да гэтага ж Зімняга палаца, апанаваны нянавісьцю да царызму, расчараваны ў бясконцых паразах расейскай арміі, абураны прадажнасьцю і бяздарным кіраваньнем самадзяржаўнага рэжыму, зьнясілены эканамічнымі наступствамі няўдалай вайны.

Як бачым, нават тады, сто пятнаццаць гадоў таму, дыстанцыя ад абагаўленьня правадыра да нянавісьці да яго ж была ня надта вялікай — каля году.

Цяпер час значна больш спрасаваны. Лісты з фронту не ідуць тыднямі (ды і зусім не ідуць: хто цяпер піша з фронту?). І пра перамогі ды паразы людзі даведваюцца не праз тыдні і месяцы, а ў рэжыме онлайн. Пра тое, што сын трапіў у палон, бацькам у той жа дзень могуць патэлефанаваць з-за лініі фронту: калі такое можна было ўявіць, на якой ранейшай вайне? Адпаведна, і настроі ў грамадзтве мяняюцца значна хутчэй. Міне яшчэ некалькі месяцаў такой вайны, і, калі Пуцін не даможацца свайго, калі ён захрасьне ва Ўкраіне, калі расейцы напоўніцу сутыкнуцца з наступствамі накладзеных на іхную краіну эканамічных санкцый, мы не пазнаем Расею.

А што ж Беларусь? Да яе, безабароннай перад агрэсіўнай расейскай прапагандай, гэтая хваля, канечне, таксама дабягае, але на зыходзе сваёй моцы. Сумнеўны і ня надта надзейны саюзьнік так і ня стаў паўнацэннай часткай імпэрыі. І ці стане, вялікае пытаньне для Крамля.

Афіцыйная беларуская прапаганда яшчэ па інэрцыі рухаецца ў фарватэры расейскага ідэалягічнага карабля, але безь вялікага імпэту. Практычна ўсе ў Беларусі разумеюць: гэта ня іхная вайна, і беларусам найлепш трымацца ад яе як мага далей. Але амаль усе вымушаныя маўчаць. Адны — бо баяцца рэпрэсій; другія — бо самі служаць гэтай сыстэме, у якой сваю думку лепш трымаць пры сабе; трэція, хто рэальна мог бы падаць голас супраць вайны, застаюцца за высокімі турэмнымі сьценамі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG