Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык Вадзім Мажэйка: «Чорны лебедзь» Лукашэнкі ўжо прыляцеў


Сяргей Шайгу, Віктар Хрэнін, Аляксандар Лукашэнка. Менск, 3 лютага 2022 г.
Сяргей Шайгу, Віктар Хрэнін, Аляксандар Лукашэнка. Менск, 3 лютага 2022 г.

Да якіх вонкавых і ўнутрыпалітычных наступстваў можа прывесьці ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны? Як зрэагуе беларускае грамадзтва? Ці спрацавала стаўка рэжыму на Маскву? Пра гэта і іншае разважае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Вадзім Мажэйка.

Сьцісла

  • Удзел Беларусі ў вайне супраць Украіны ніяк не зьвязаны зь беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі пры любым іх разуменьні.
  • Эканамічная стабільнасьць абвалілася, унутраная рэвалюцыя ўжо адбылася, а цяпер зьнікла і мірнае неба над галавой. Гэта адзін з крокаў у кірунку канца рэжыму Лукашэнкі. Таму можна сказаць, што гэта «чорны лебедзь». У 2022 годзе Лукашэнка яшчэ на адзін вялікі крок наблізіў свой канец.
  • Уваход беларускага войска на тэрыторыю Ўкраіны — гэта ці не найгоршы сцэнар з тых, што можна было ўявіць. Гэта вельмі дрэнна паўплывае на ўсё беларускае грамадзтва.
  • Нават тыя беларусы, якія знаходзяцца пад гіпнозам тэлевізара і кажуць, маўляў, хай Расея дасьць гэтым бандэраўцам, будуць не ў захапленьні, калі адтуль пойдуць «пахаронкі».
  • Улада, якая павядзе беларускіх хлопцаў на вайну ў іншую краіну, да нашых братоў, ня тое што будзе непапулярнай — яна сябе пахавае.
  • Калі раней мы разважалі пра магчымы транзыт праз Расею, то цяпер усё — ня будзе ніякага транзыту ні праз Расею, ні празь іншыя краіны. Прагноз, які дае BEROC, гэта мінус 20% ВУП. Гэта жахлівае падзеньне для любой эканомікі.
  • Лукашэнка паставіў усё, што ў яго было, на падтрымку Масквы, але Расея сама мае найбольшыя праблемы за апошнія дзесяцігодзьдзі. Лукашэнка зрабіў рызыкоўную стаўку і цяпер усё страчвае — стаўка згуляла супраць яго.
  • У эканоміцы, як і з вайной, — гэта віна Лукашэнкі, а разграбаць будзем мы ўсе. Праблемы з цэнамі, з харчамі, са спажывецкімі таварамі, з тэхнікай закрануць кожнага беларуса.
  • Магчыма, гэтая вайна стане апошнім часам для старых аўтакратый мінулага стагодзьдзя.

«У 2022 годзе Лукашэнка яшчэ на адзін вялікі крок наблізіў свой канец»

— Ці можа ўдзел Беларусі ў вайне ў тым тылавым фармаце, які цяпер мае месца, прывесьці да палітычных зьменаў у Беларусі? Я маю на ўвазе ўжо той узровень удзелу, які ёсьць на гэты момант. Ці ня той гэта «чорны лебедзь», якога шмат хто чакае?

— Стратэгічна — так, безумоўна. Стратэгічна гэта прывядзе да палітычных зьменаў і стане канцом рэжыму Лукашэнкі.

Іншае пытаньне — калі гэта адбудзецца. Калі мы глядзім на расейска-японскую вайну пачатку ХХ стагодзьдзя ці ўступленьне Расейскай імпэрыі ў Першую сусьветную вайну, то бачым там пачатак канца ўлады Раманавых. Але гэта не азначае, што іх улада абрынулася адразу, у першыя дні тых войнаў.

Тое самае маем цяпер і ў Беларусі. Пасьля падзеньня рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна мы будзем памятаць, што былі падзеі 2020 году, калі адбылася рэвалюцыя сьвядомасьці. І, вядома, будзем згадваць 2022 год, калі пачалася вайна ва Ўкраіне, у якой Лукашэнка падыгрываў Пуціну, абараняючы толькі свой уласны інтарэс — захаваньне ўлады ў Беларусі. Удзел Беларусі ў вайне супраць Украіны ніяк ня зьвязаны зь беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі пры любым іх разуменьні.

І чым глыбейшы будзе ўдзел Беларусі ў гэтай вайне, тым больш гэта будзе ўплываць на ўстойлівасьць рэжыму Лукашэнкі. Я думаю, што ён гэта разумее і таму ня надта імкнецца да такога ўдзелу.

Але і ўдзел у вайне ў той ступені, якая ёсьць цяпер, падмывае падмурак рэжыму Лукашэнкі, які заўсёды казаў, што хоць на Захадзе і добра жывуць, і тавараў больш, але ў нас стабільнасьць і мірнае неба над галавой. Эканамічная стабільнасьць абвалілася даўно, унутраная рэвалюцыя ўжо таксама мела месца, а цяпер зьнікла і мірнае неба — у беларускім небе ўжо расейскія ракеты і самалёты. Гэта адзін з крокаў у кірунку канца рэжыму Лукашэнкі.

Таму можна сказаць, што гэта «чорны лебедзь». У 2022 годзе Лукашэнка яшчэ на адзін вялікі крок наблізіў свой канец.

«Улада, якая павядзе беларускіх хлопцаў на вайну ў іншую краіну, фактычна сябе пахавае»

— Як зьменіць сытуацыю магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях на баку Расеі? Днямі Генштаб Узброеных сіл Украіны паведамляў, што такое рашэньне ў Менску ўжо прынятае. Як зрэагуе беларускае грамадзтва? Чаго нам чакаць ад беларусаў і ад сьвету ў такой сытуацыі?

— Уваход беларускага войска на тэрыторыю Ўкраіны — гэта ці не найгоршы сцэнар з тых, што можна было ўявіць. Гэта вельмі дрэнна паўплывае на ўсё беларускае грамадзтва. Нават я, адносна малады чалавек, памятаю, як беларусы нэгатыўна ставіліся да магчымага ўдзелу беларусаў у ваенных дзеяньнях за мяжой, памятаючы нэгатыўны досьвед Афганістану. У 90-я гады людзі гаварылі, маўляў, добра, што мы цяпер жывём у розных краінах і нашы 18-гадовыя хлопцы не паедуць ваяваць у Чачэнію.

Таксама ў Беларусі мае месца калектыўная і сямейная памяць пра вайну. Беларусы памятаюць і ведаюць, што вайна — гэта жах; гэта тое, што не павінна адбыцца. Таму ўдзел у вайне — гэта трагедыя для кожнай сям’і, усіх блізкіх.

І ў нас ёсьць асуджэньне той вайны, нягледзячы на тое, што тады ў беларусаў не было выбару — вайна сама прыйшла на нашу зямлю. А вайна ва Ўкраіне — гэта дакладна тая вайна, у якой, бясспрэчна, ня трэба браць удзелу. Для гэтага няма ніякіх прычын.

І нават тыя беларусы, якія знаходзяцца пад гіпнозам тэлевізіі і кажуць, маўляў, хай Расея дасьць гэтым бандэраўцам, — і яны будуць не ў захапленьні, калі вайна будзе ісьці не ў тэлевізары, а ў лістах ад іх сыноў ці пляменьнікаў з Украіны або ў «пахаронках» адтуль.

Дый уся беларуская прапаганда падтрымлівала вобраз Беларусі як краіны пад мірным небам. У Беларусі, дарэчы, не было расейскай рыторыкі «можам паўтарыць»; наадварот, сьцьвярджалася, што гэта не павінна паўтарыцца. Нават у рыторыцы Лукашэнкі пра монстра NATO, які набліжаецца да нашых межаў, сьцьвярджалася, што мы павінны найперш бараніць свае межы.

Так што тая ўлада, якая павядзе беларускіх хлопцаў на вайну ў іншую краіну, да нашых братоў, зь якімі няма чаго дзяліць, ня тое што будзе непапулярнай, яна сябе фактычна пахавае.

Думаю, што і Лукашэнка разумее, што ўдзел у вайне — гэта ня тое, што яму трэба. Але ён сам сябе загнаў у пастку, калі ня мае сілаў супраціўляцца ціску Пуціна. Можа, ён і не хацеў прапаноўваць сваю тэрыторыю войскам Пуціна, але ў яго не спыталі. Магчымасьцяў для манэўру ён сабе не пакінуў. Ужо на пачатку 2021 году крокі Лукашэнкі ў бок Захаду былі практычна немагчымыя. А ў 2022 годзе, пасьля саўдзелу ў вайне супраць Украіны лукашэнкаўскай Беларусі, і пагатоў.

На вялікі жаль, у гэтую пастку Лукашэнка загнаў ня толькі сябе, але і ўсю Беларусь, і расплатай можа быць ня толькі сьмерць яго рэжыму, але і сьмерць беларускіх хлопцаў. І калі такое сапраўды адбудзецца, гэта будзе ці не найгоршае злачынства рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народу.

«Лукашэнка паставіў усё, што ў яго было, на падтрымку Масквы — і прайграў»

— Днямі абвешчана, што Расея адкладае для Беларусі выплату атрыманых раней крэдытаў. Разам з тым новых грошай не далі і нават не паабяцалі. Ці дастаткова гэтага для выратаваньня эканомікі Беларусі і захаваньня сацыяльнай стабільнасьці?

— Вядома, не. Апрача расейскіх крэдытаў, ёсьць і беларускія эўрабонды, якія таксама трэба неяк выплачваць. А ва ўмовах санкцый будзе ўсё горш і горш, і незразумела, дзе мы будзем браць на гэта грошы. І калі ў 2021 годзе адбылося тое, што эканамісты назвалі экспартным цудам, і здарыўся ўсплёск ВУП, то цяпер гэта ўсё накрываецца медным тазам, бо які экспарт ва ўмовах санкцый?

Калі раней мы разважалі пра лёс «Белавія» ці «Беларуськалію», пра магчымы транзыт праз Расею, то цяпер усё — ня будзе ніякага транзыту ні праз Расею, ні празь іншыя краіны. Санкцыі супраць банкаў, адключэньне ад SWIFT пачынаюць рабіцца рэальнасьцю. Прагноз, які дае BEROC, — гэта мінус 20% ВУП. Гэта жахлівае падзеньне для любой эканомікі.

Ужо цяпер людзі бачаць гэта па інфляцыі і дэвальвацыі рубля, але пытаньне стаіць горш — ці будзе людзям хапаць тавараў для жыцьця? Беларусы прывыклі жыць пры эканоміцы, калі ёсьць шмат імпартных тавараў. Цяпер ня будзе экспарту і ня будзе валюты, каб іх купіць. Мы чуем з вуснаў чыноўнікаў размовы пра дапамогу Расеі, але чыноўнікі часта выдаюць жаданае за сапраўднае.

Відавочна, што Лукашэнка паставіў усё, што ў яго было, на падтрымку Масквы, але цяпер выявілася, што Масква — гэта ня той гулец, які можа некага падтрымаць. Расея сама мае найбольшыя праблемы за апошнія дзесяцігодзьдзі. Лукашэнка зрабіў рызыкоўную стаўку і цяпер, выглядае, усё страчвае — стаўка згуляла супраць яго.

У эканоміцы, як і з вайной, — гэта віна Лукашэнкі, а разграбаць будзем мы ўсе. Праблемы з цэнамі, зь ежай, са спажывецкімі таварамі, з тэхнікай закрануць кожнага беларуса.

«Транзыт улады пастаўлены на паўзу»

— Паўгода назад мы з вамі спрабавалі ацаніць часавыя пэрспэктывы існаваньня рэжыму ў Беларусі. Вы тады думалі, што прыблізна праз два гады Лукашэнка будзе перадаваць уладу. Што вы думаеце аб пэрспэктывах рэжыму цяпер? Вайна паскарае ці запавольвае яго сыход?

— Можна гаварыць пра два варыянты зьмены рэжыму. Адзін варыянт — рэвалюцыйны, калі, умоўна кажучы, да ўлады прыходзіць Ціханоўская. Другі варыянт — запушчаны зьверху больш-менш кантраляваны транзыт.

Наконт кантраляванага транзыту з пачаткам вайны гэта ўсё на паўзе. У апошнія тыдні гэта дакладна ня тое, пра што думае Лукашэнка. У яго ёсьць больш сур’ёзныя праблемы, якія яго трывожаць, — і палітычныя, і ваенныя, і эканамічныя. Да пытаньня транзыту вернуцца тады, калі скончыцца вайна або калі яна стане замарожаным бясконцым канфліктам. А калі і вернуцца, то ўмовы і тэрміны транзыту будуць залежаць ад той сытуацыі, у якой мы апынёмся — на якіх умовах скончыцца вайна, якія на той момант будуць санкцыі.

Што ж тычыцца варыянту зьмены ўлады, не зьвязанага з жаданьнямі Лукашэнкі, то я зь першых дзён вайны казаў, што гэта стратэгічна набліжае канец рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі і свабоду для беларускага народу. Вядома, ніхто з нас не хацеў бы такіх зьменаў цаной вайны і чалавечых жыцьцяў, цаной разбурэньня інфраструктуры Ўкраіны, але ўжо так сталася.

У гісторыі шмат разоў бывала, што вялікія фарматныя і сутнасныя зьмены сусьветнага парадку адбываліся праз вайну і пасьля вайны. Каб стварыць Лігу нацый і адысьці ад імпэрыяў, спатрэбілася Першая сусьветная вайна. Каб стварыць ААН і зрабіць правы чалавека падмуркам міжнародных адносін, спатрэбілася Другая сусьветная вайна.

На прыкладзе крызісу ў Беларусі мы бачым, што сучасная сыстэма міжнародных адносін мала што можа зрабіць з дыктатарамі, якія ў сваёй краіне могуць рабіць што хочуць, і няма дзейснага мэханізму, каб іх спыніць.

Цяпер усе пачынаюць рэканструяваць заявы і дзеяньні Пуціна з 2008 году і бачаць, што Расея ўжо з таго часу ішла да гэтай вайны. І зноў жа, ніхто ня мог гэтага спыніць і нешта гэтаму проціпаставіць. Рада Бясьпекі ААН не спрацоўвае; магчыма, патрэбна новая канфігурацыя. Але ўсё гэта будзе зроблена ўжо пасьля вайны. Я спадзяюся, што зьмены пойдуць на карысьць і такіх краін, як Беларусь.

На жаль, вайна — гэта вялікая цана, але калі ўжо яна сплачаная, вельмі важна выйсьці на нешта такое, каб і Ўкраіна магла адстаяць свабоду выбару свайго геапалітычнага шляху. І каб гэта прывяло не да ўзмацненьня дыктатур і аўтакратый, а наадварот — каб кожны аўтакрат разумеў, што і на яго ёсьць нейкая ўправа, і каб ён ня мог так адкрыта і нахабна рыхтавацца да вайны і лічыць, што яму гэта сыдзе з рук.

Магчыма, гэтая вайна стане апошнім часам для старых аўтакратый мінулага стагодзьдзя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG