Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым робіцца Расея для беларусаў? Меркаваньне Юрыя Дракахруста

У сакавіцкім апытаньні Chatham House найбольшую цікавасьць публікі выклікалі зьвесткі пра стаўленьне беларусаў да вайны ва Ўкраіне, да прысутнасьці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і іх выкарыстаньня ў вайне і да магчымага ўдзелу ў вайне беларускага войска.

Але ня менш, калі ня больш важныя зьвесткі апытаньня — пра зьмену стаўленьня да самой Расеі і да беларуска-расейскіх адносінаў. Падчас апытаньня 24% рэспандэнтаў заявілі, што не ўхваляюць шчыльных адносінаў з Расеяй, але пры гэтым кожны пяты апытаны выказаўся за ўваход Беларусі ў Расею.

І тое, і другое — кардынальная зьмена шматгадовага стаўленьня беларусаў да Расеі.

У папярэдніх 5 хвалях апытаньняў Chatham House (гл. Belarusians’ views on the political crisis, стар. 19) толькі 4-9% (у сярэднім 6%) выказваліся за далучэньне Беларусі да РФ. У сакавіку 2022 году гэтая доля вырасла прыкладна ўтрая.

Зь іншага боку, у тых жа 5 хвалях апытаньняў супраць любых інстытуцыйных формаў супрацоўніцтва з Расеяй, у тым ліку такой сьціплай, як зона свабоднага гандлю, выказваліся ад 6% да 15% (у сярэднім — 12%). У сакавіцкім 2022 годзе доля праціўнікаў колькі-небудзь шчыльных адносінаў з Расеяй вырасла ўдвая ў параўнаньні зь сярэднім у папярэдніх апытаньнях.

Карціна, падобная да той, якая фіксавалася Chatham House у 2020-2021 гадах, назіралася, прычым на працягу многіх гадоў, і ў апытаньнях, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам прафэсара Андрэя Вардамацкага.

У гэтых апытаньнях за адносіны з Расеяй з закрытай мяжой, мытняй і візамі выступалі каля 6%, за далучэньне Беларусі да Расеі — да 5%. А мэйнстрым стаўленьня, які складаў стабільна больш за 70% апытаных, прыпадаў на варыянт адказу «Беларусь і Расея павінныя быць незалежнымі, але дружалюбнымі краінамі — з адкрытымі межамі, бязь візаў і мытні».

Іншымі словамі, вайна выклікала размываньне, разбурэньне беларускага памяркоўна-прарасейскага мэйнстрыму, які можна апісаць формулай — За саюз, але без палітычнага аб’яднаньня.

Цяпер гэтая «сярэдзіна» прыкметна «разьехалася», пераразьмеркавалася на карысьць краёў. Ня выключана, што ў далейшым гэты працэс узмацніцца, «сярэдзіна» скурчыцца і беларускае грамадзтва будзе складацца ў асноўным з краёў — з праціўнікаў Расеі і прыхільнікаў палітычнага абʼяднаньня з ёй.

Пакуль што ў гэтай тэндэнцыі не назіраецца ўзгодненасьці зь іншымі аспэктамі міжнароднай палітыкі.

20% — за ўступленьне Беларусі ў РФ, але толькі 3% — за ўдзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне на баку Расеі (амаль у 7 разоў менш). Але калі ўявіць сабе, што Беларусь і праўда стала б часткай РФ, то беларускае войска ўдзельнічала б у вайне аўтаматычна, як частка расейскага.

Так што пакуль не даводзіцца казаць аб тым, што гэтыя 20% набылі новую ідэнтычнасьць і ўсьведамляюць усе наступствы такога набыцьця.

Зь іншага боку, за тое, каб Беларусь неваенным шляхам падтрымала Расею або асудзіла Ўкраіну ў гэтым канфлікце, выказаліся 28% апытаных. А гэта ў паўтара раза больш, чым колькасьць адэптаў распушчаньня Беларусі ў РФ.

Кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня назваў падтрымку Расеі, выказаную гэтымі 28% рэспандэнтаў, у асноўным «канапнай» . Мяркуючы па ўсім, і імкненьне 20% апытаных да далучэньня Беларусі да РФ таксама ў значнай ступені «канапнае», прынамсі пакуль: як бы так далучыцца, але каб нас пры гэтым не чапалі.

Але нават з улікам гэтай агаворкі такая тэндэнцыя выглядае небясьпечнай і ўнутрыпалітычна, і ў сэнсе пэрспэктываў беларускай дзяржаўнасьці.

Да апошняга часу памяркоўна-прарасейская «сярэдзіна» была своеасаблівым стабілізатарам беларускага грамадзтва, зьмякчаючы канфлікт паміж крайнімі геапалітычнымі пазыцыямі. Цяпер зьмякчаць гэты канфлікт будзе складаней.

Многія назіральнікі адзначалі, што беларускія пратэсты 2020 году ня мелі геапалітычнага вымярэньня — яны не былі за Захад і супраць Расеі. Цяпер сытуацыя зьмянілася, і ня толькі ў сэнсе геапалітычнага самавызначэньня ўлады і апазыцыі, але і ў сэнсе зьмены грамадзкіх настрояў.

Ну а рост долі прыхільнікаў далучэньня Беларусі да РФ — гэта гіпатэтычна рост базы рэалізацыі падобнага сцэнару, прычым як сілавым, гэтак і нясілавым шляхам.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG