Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вардамацкі: Ладная частка беларусаў хоча і ў ЭЗ, і адкрытую мяжу, і адсутнасьць мытні з Расеяй


Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 29 сьнежня 2019 году

Сэнсацыяй апошніх дзён сталі дадзеныя апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні, паводле якіх за два гады колькасьць беларусаў, арыентаваных на саюз з Расеяй, упала больш чым на траціну — з 65% да 40%.

Аднак адказы на іншыя пытаньні апытаньня ня сьведчылі пра кардынальную зьмену ўстановак адносна Расеі. Складаную сувязь гэтых адказаў мы папрасілі пракамэнтаваць кіраўніка Беларускай аналітычнай майстэрні прафэсара Андрэя Вардамацкага.

Палітычнае мяняецца хутчэй, а каштоўнаснае больш павольна

— Адказы на пытаньне пра геапалітычны выбар істотна зьмяніліся нават са жніўня па сьнежань 2019 году, яшчэ больш — са студзеня 2018 году. Але пры гэтым адказы на пытаньне пра варыянты інтэграцыі Беларусі і Расеі засталіся практычна бязь зьменаў. Чаму?

75% адказваюць, што яны за стасункі з РФ без мытняў (!) і пры гэтым толькі 40% — за саюз з Расеяй. Але адсутнасьць мытняў, мытнай мяжы, немагчымая без нейкай формы прынамсі мытнага саюзу.

Андрэй Вардамацкі
Андрэй Вардамацкі

— На гэты конт ёсьць тры тлумачэньні. Ёсьць прычына статыстычная, ёсьць прычына псыхалягічная і сутнасная.

Для масавай сьвядомасьці гэтыя пытаньні не зьвязаныя. Статыстычна паміж адказамі на пытаньне «Што лепей — саюз з РФ цi уступленьне ў ЭЗ?» — i пытаньне «Якiя варыянты стасункаў з Расеяй лепей?» — карэляцыя слабая, каэфіцыенты двухбаковай карэляцыі Спірмэна і Кэндала менш за 0.01. Матэматычна гэта нязначная сувязь.

Што да псыхалягічнай прычыны, то ў вашым пытаньні зьмешваюцца экспэртная і масавая сьвядомасьць. Вашая асабістая сьвядомасьць глыбока экспэртная. Вам здаецца, што тое, што зразумела вам, зразумела ўсім. Але для масавай сьвядомасьці ўваходжаньне ў адзін саюз не азначае закрыцьця мяжы, наяўнасьці мытні зь іншым геапалітычным партнэрам.

Уваходжаньне ў ЭЗ для многіх зусім не азначае закрыцьцё мяжы і зьяўленьне мытні з Расеяй. Экспэртная сьвядомасьць разумее, што калі краіна знаходзіцца ў адным саюзе, то зь іншым партнэрам павінная быць закрытая мяжа і мытня. Масавая сьвядомасьць тут супярэчнасьці ня бачыць.

І прыкладаў такіх парадоксаў масавай сьвядомасьці шмат. Рэспандэнта пытаюцца: Вы за рынкавую эканоміку? Ён адказвае: Так. Наступнае пытаньне: Ці павінная дзяржава субсыдаваць адстаючыя калгасы? І ён абсалютна шчыра таксама адказвае: Так.

Для экспэрта адно супярэчыць іншаму — рынкавая эканоміка і субсыдыі. А для масавай сьвядомасьці тут супярэчнасьці няма. Гэтак жа для многіх няма супярэчнасьці паміж уваходжаньнем Беларусі ў ЭЗ і адкрытая мяжа і адсутнасьць мытні з Расеяй.

Пытаньне пра варыянты адносінаў з Расеяй мае каштоўнасны характар. А пытаньне пра геапалітычны выбар, пра саюз з РФ ці ўваходжаньне ў ЭЗ, больш палітычнае. Палітычнае мяняецца хутчэй, а каштоўнаснае больш павольна.

Гэта як з будовай дому. Паверхі могуць перабудоўвацца і істотна, а фундамэнт нязьменны. І гэты фундамэнт — гэта сяброўства і адкрытасьць адносна з Расеяй.

— Як зьвязаныя адказы на пытаньні пра геапалітычны выбар і пра варыянты стасункаў з Расеяй?

— Сувязь адлюстраваная ў наступнай табліцы.

У якім саюзе было б лепш жыць беларусам?

У Эўразьвязе

У саюзе з Расеяй

Няма адказу/

Цяжка адказаць

Усе апытаныя

32

40.4

27.6

Якімі павінныя быць стасункі Беларусі і Расеі?

Беларусь і Расея павінны быць незалежнымі, але дружалюбнымі краінамі — з адкрытымі межамі, бязь віз і мытняў (74.6%)

35.8

35.8

28.4

Адносіны Беларусі і Расеі павінныя быць такімі ж, як зь іншымі краінамі — з закрытымі межамі, зь візамі, мытнямі (6.6%)

63.5

23.4

13.1

Аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў саюзную дзяржаву (12.8%)

17.6

75.1

7.3

*табліца чытаецца па гарызанталі

Дынамікі па колькасьці тых, хто выбірае варыянт адказу «Беларусь і Расея павінны быць незалежнымі, але дружалюбнымі краінамі — з адкрытымі межамі, бязь візаў і мытняў» практычна няма.
Гэта нармальна, калі каштоўнасныя рэчы не мяняюцца, а больш палітычныя мяняюцца.

— Якая сувязь адказаў на пытаньне пра геапалітычны выбар, пра выбар паміж ЭЗ і саюзам з РФ, з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі: узростам, узроўнем адукацыі, рэгіёнам?

— Сувязь традыцыйная — чым менш узрост, тым больш арыентацыя на ЭЗ. Ва ўзроставых крупах 18-24 гадоў і 25-34 гады арыентацыя на ЭЗ пераважае. У старэйшых узроставых групах дамінуе арыентацыя на саюз з РФ.

Чым вышэй адукацыя, тым таксама больш арыентацыя на Эўразьвяз. Традыцыйна найбольшую прарасейскую арыентацыю дэманструе Віцебская вобласьць, меншую — Горадзенская і Берасьцейская.
Але і там прыхільнікаў саюзу з Расеяй больш, чым прыхільнікаў уступленьня ў ЭЗ.

Зьмена геапалітычнага выбару ня мела эканамічнай дэтэрмінацыі

— Леташняе істотнае зьніжэньне прарасейскіх настрояў адбывалася на фоне росту заробкаў беларусаў, у 2019 годзе сярэдні заробак амаль увесь час перавышаў запаветныя «папіцот». Іншымі словамі, інтэграцыйныя канфлікты не выклікалі, прынамсі, не суправаджаліся падзеньнем узроўню жыцьця беларусаў. А калі будуць суправаджацца? Які ваш прагноз на выпадак, калі даходы беларусаў будуць зьніжацца — прарасейскія настроі будуць працягваць зьніжацца, яны ўзмацняцца, яны застануцца на ўзроўні сьнежня 2019 году?

— Зьмена геапалітычнага выбару у грамадзкай думцы на працягу апошняга году ня мела эканамічнай дэтэрмінацыі. Эканамічнае самаадчуваньне на працягу году зьмяніўся нязначна. Зьмены, якія адбыліся зараз, мелі палітыка-псыхалягічныя і мэдыйныя прычыны — зьмяніўся тон мэдыя, асьвятленьня сытуацыі ў Расеі і двухбаковых адносінаў.

Калі эканамічны стан пагоршыцца, то ён паўплывае на геапалітычны выбар пры дзьвюх умовах — калі гэтае пагаршэньне будзе істотным і калі ў мэдыя гэта будзе тлумачыцца адпаведным чынам. Калі гэта будзе падавацца як вынік стаўленьня Расеі да Беларусі, гэта паўплывае ў адзiн геапалітычны бок. Калі віну за эканамічныя цяжкасьці СМІ будуць ускладаць на Захад — выбар зьменіцца ў iншы бок. А калі будуць прыводзіцца іншыя прычыны, на геапалітычныя арыентацыі гэта не паўплывае. Не будзе нічога аўтаматычнага. Зьмены будуць залежыць ад пазыцыі мэдыя.

— У Беларусі дзейнічаюць розныя мэдыя. Адны мэдыя будуць адстойваць адну інтэрпрэтацыю, іншыя, прынамсі расейскія — іншую. Дык а чыя інтэрпрэтацыя пераможа?

— Вось мы і паглядзім. Сёлета і летась і дзяржаўныя, і недзяржаўныя СМІ досыць падобна асьвятлялі стасункі Беларусі і Расеі. Унутраную палітыку яны трактавалі вельмі па-рознаму, але адносна Расеі іх інтэрпрэтацыі былі блізкімі.

Калі інтэнсіўна запрацуюць расейскія мэдыя, то пэўны адкат у бок Расеі магчымы

— А расейскія СМІ могуць выйграць у беларускіх — як незалежных, гэтак і дзяржаўных? Расейскія тэлеканалы — яны ж на кнопцы.

— Ёсьць вялікая колькасьць фактараў. Хто будзе працаваць больш iнтэнсiўна i прафэсійна — той і пераможа. Беларусізацыя ўжо даволі істотна зацьвярдзела, умацавалася. Яе цяжка будзе павярнуць. Цяжэй, чым было ў 2004 годам.

Тады з траўня 2004 году пайшоў рэзкі пад’ём прарасейскіх настрояў і падзеньне праэўрапейскіх. І гэта таксама быў чыста мэдыйны эфэкт. Тое самае было ў сытуацыі вакол Крыму і Данбасу.

Тады беларуская аўдыторыя прыняла расейскі пункт гледжаньня, расейскае бачаньне было ў Беларусі дамінуючым.

А як будзе сёлета ў Беларусі — паглядзім. Тэарэтычна перамога расейскіх мэдыя ня выключаная. Калі інтэнсіўна запрацуюць расейскія мэдыя, зь іх высокім прафэсіяналізмам (а гэта так), то пэўны адкат у бок Расеі магчымы.

— Зараз Беларусь і Расея знаходзяцца прынамсі ў трох саюзах — саюзнай дзяржаве, АДКБ, Эўразійскім эканамічным саюзе. Ці вынікае з вашага апошняга апытаньня, што толькі 40% — за тое, каб Беларусь заставалася ў кожным з гэтых саюзаў ці ў некаторых зь іх?

— Я не магу адказваць на абстрактныя пытаньні. Калі мы зададзім пытаньні пра гэтыя саюзы, зробім апытаньне — тады i даведаемся адказы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG