Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі ўльтыматум абаронцам Марыюпалю, новы ракетны напад на Кіеў, выцек аміяку ў Сумах. 26-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Байцы тэрытарыяльнай абароны Кіева
Байцы тэрытарыяльнай абароны Кіева

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 3 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскімі ракетамі і бомбамі разбураны аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Пад Сумамі пасьля абстрэлу адбыўся выцек аміяку.
  • Расея бамбавала Ўкраіну і з дапамогай Гомельскага аэрапорту.
  • Украіна забараніла 11 прарасейскіх партый.
  • Генпракуратура Ўкраіны: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 115 дзяцей, больш за 140 дзяцей атрымалі раненьні.
  • 10 мільёнаў чалавек пакінулі свае дамы ва Ўкраіне з пачатку вайны, сама меней 902 мірныя жыхары былі забітыя і 1459 параненыя пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, паведаміў Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека.
  • Агенцтва ААН у справах дзяцей (ЮНІСЕФ) паведамляе, што больш за 1,5 мільёна дзяцей выехалі за межы Ўкраіны.
  • Расейцы пачалі вывозіць жыхароў Марыюпалю на акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей і ў РФ.
  • Пытаньне кампрамісаў з Расеяй, у прыватнасьці, гарантыяў бясьпекі і акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Крыму, будзе вырашацца на рэфэрэндуме — Зяленскі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 21 сакавіка

Пытаньне кампрамісаў з Расеяй будзе вырашацца на рэфэрэндуме — Зяленскі

Паводле яго слоў, гэта тычыцца, у прыватнасьці, гарантыяў бясьпекі і акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Крыму.

«Мы ўсё разумеем. Нас не бяруць у NATO, таму што баяцца Расеі. І нам трэба супакоіцца, сказаць: „Добра, іншыя гарантыі бясьпекі“. Ёсьць краіны NATO, якія жадаюць быць гарантамі бясьпекі, якія, на жаль, ня могуць даць нам 100% сяброўства ў Альянсе, але гатовыя зрабіць усё тое, што павінен быў бы зрабіць Альянс, калі б мы былі яго чальцамі. І я лічу, што гэта нармальны кампраміс», — сказаў Зяленскі.

З пачатку вайны Расеі з Украінай дадому вярнуліся амаль 400 тысячаў украінцаў, большасьць — мужчыны

Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка: «Большасьць падчас зносінаў з памежнікамі ці прадстаўнікамі СМІ, якія таксама цікавяцца, чаму людзі вяртаюцца, украінцы-мужчыны выразна адзначаюць, што яны ня могуць заставацца ўбаку ад сытуацыі, якая склалася вакол іх краіны, яны абавязкова ўступяць ці ў шэрагі Ўзброеных сілаў Украіны, ці ў тэрытарыяльную абарону, ці іншым магчымым для іх спосабам будуць спрыяць таму, каб Украіна перамагла».

Шэраг заходніх краін падпісалі сумесную заяву аб неабходнасьці мадэрнізацыі супрацьпаветранай абароны Ўкраіны

Краіны Захаду ў панядзелак падпісалі сумесную заяву «Аб тэрміновай неабходнасьці мадэрнізацыі супрацьпаветранай абароны Ўкраіны», паведаміў прэс-сакратар Вярхоўнай Рады Ўкраіны Руслан Стэфанчук.

«Сёньня Чэхія, Эстонія, Польшча, Францыя, Грузія, Нямеччына, Ірляндыя, Латвія, Літва, Нідэрлянды, Швэцыя, Вялікая Брытанія і ЗША падпісалі сумесную заяву «Аб надзённай неабходнасьці мадэрнізацыі сыстэмы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны». «Я шчыра ўдзячны за падтрымку Ўкраіны ў гэты няпросты час», — сказаў Стэфанчук.

Сакратар Рады бясьпекі і абароны Ўкраіны: Калі хаця б адзін беларускі салдат ступіць на ўкраінскую тэрыторыю, ён будзе зьнішчаны


Узброеныя сілы Беларусі чакаюць сур’ёзныя наступствы, калі «бот хоць бы аднаго беларускага салдата перасячэ мяжу», заявіў сакратар РНБА Ўкраіны Аляксей Данілаў.

«Нягледзячы на тое, што зь беларускага боку ідзе зараз, мы стрымліваем сябе, каб не даваць адказ... Пуцін змушае Лукашэнку прымаць такое рашэньне. А Лукашэнка, як разумны чалавек, разумее, чым гэта можа скончыцца. Гэта будзе крахам для Беларусі. Ім гэта ня трэба. Беларускаму народу дык пэўна. Гэта трэба толькі Пуціну», — перакананы ён.

Данілаў папярэдзіў, што калі ў беларусаў «ёсьць жаданьне вяртацца ў чорных плястыкавых мяхах грузам 200», то ўкраінцы «ім гэта забясьпечаць» так, «як забясьпечылі гэта ўжо 14 тысячам расейцаў, якіх расейскае кіраўніцтва ня хоча забіраць» з тэрыторыі Ўкраіны.​

У акупаваным Херсоне разагналі мітынг за Ўкраіну, ёсьць параненыя

У Херсоне на плошчы Свабоды расейскія акупанты закідалі сьвятлашумавымі гранатамі ўкраінскіх пратэстоўцаў, калі тыя спрабавалі падысьці да помніка, паведамляе тэлеграм-канал «Мост». Адзначаецца, што расейскія вайскоўцы адкрылі агонь у паветра, сярод людзей ёсьць параненыя, іх забрала хуткая дапамога.

У Харкаве расейскія войскі зьнішчылі амаль тысячу будынкаў

Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што ў выніку бесьперапынных абстрэлаў расейскімі войскамі ў горадзе зьнішчылі 972 будынкі, зь якіх 778 — жылыя. У той жа час ён не ўдакладніў агульную колькасьць будынкаў у Харкаве. У сваю чаргу, кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў заявіў, што ў ноч на 21 сакавіка расейскія войскі нанесьлі 58 артылерыйскіх, мінамётных удараў і ўдараў з рэактыўных сыстэм залпавага агню. Авіяцыйная актыўнасьць істотна зьнізілася.

Украіна адказала адмовай на расейскі ўльтыматум

Расея запатрабавала ад украінскага войска скласьці зброю і пакінуць Марыюпаль, аточаны яе войскамі і практычна разбураны шматдзённымі бамбаваньнямі. Расея чакала адказу да пятай гадзіны раніцы панядзелка. Яна патрабавала, каб спачатку горад пакінулі ўкраінскія часткі, якія абараняюць яго, і толькі потым — мірныя жыхары.

«Армія не складзе зброі і не пакіне горад», — заявіла ў ноч на 21 сакавіка віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук. Яна дадала, што ўлады Ўкраіны патрабуюць, каб расейскі бок неадкладна адкрыў гуманітарны калідор для эвакуацыі мірных жыхароў з Марыюпалю ў Запарожжа.

Выцек аміяку пад Сумамі

На прадпрыемстве «Сумыхімпром» пасьля баёў адбыўся выцек аміяку. Пра гэта ў Telegram-канале паведаміў кіраўнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі. Выцек адбыўся таму, што 21 сакавіка ў 03:55 расейскія вайскоўцы абстралялі тэрыторыю прадпрыемства, пашкодзіўшы аміячны рэзэрвуар.

Напад на Адэсу з мора

У Адэсе пры ранішнім абстрэле расейскімі вайскоўцамі з карабельнай артылерыі пацярпела некалькі домагаспадарак. «Ахвяр, на шчасьце, няма», — паведаміў сьпікер Адэскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Братчук.

Абстрэл Падольскага раёну Кіева

Позьнім вечарам 20 сакавіка расейцы абстралялі гандлёвы цэнтар у Падольскім раёне Кіева. Там пачаўся пажар, колькасьць пацярпелых і загінулых удакладняецца. У прыватнасьці, паведамляецца, што загарэліся аўтамабілі на паркоўцы цэнтру.

З порту ў Бярдзянску прапалі 5 караблёў са збожжам

Па словах мясцовых жыхароў, іх выкралі расейскія захопнікі, якія ў гэты момант кантралююць горад. «Там былі дзясяткі тысяч тон украінскага збожжа», — сказаў кіраўнік Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Старух.

Атака на Ровеншчыну

Украінскія ўлады паведамілі, што Расея нанесла два ракетныя ўдары па палігоне ў Ровенскай вобласьці на паўночным захадзе Ўкраіны. На месцы працуе спэцыяльная камісія, дэталі будуць пазьней, сказаў кіраўнік Ровенскай вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль.

Уцекачы ад вайны

Амаль чвэрць грамадзян Украіны былі вымушаныя пакінуць свае дамы праз уварваньне Расеі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Офісу каардынацыі гуманітарных пытаньняў ААН. Амаль 6 500 000 чалавек уцякалі ад вайны ў межах Украіны, і 3 489 644 грамадзян выехалі з тэрыторыі краіны. У сукупнасьці колькасьць уцекачоў ад вайны набліжаецца да 10 мільёнаў чалавек.

Колькасьць уцекачоў, якія прыбылі ў Польшчу з Украіны пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне, дасягнула 2 083 854 чалавек. Гэта пераважна жанчыны і дзеці. Акрамя Польшчы, 312 120 украінскіх грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 250 036 — у Славаччыну, 365 197 — у Малдову, 231 764 — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 535 461 — у Румынію, 3765 чалавек — у Беларусь.

Што адбываецца ў Расеі

Bosch спыняе вытворчасьць на сваіх заводах у Расеі

Нямецкі гігант прызнаў, што праз праблемы з пастаўкамі і дастаўкаю, магчыма, давядзецца пакінуць Расею, піша BBC.

Кіраўніца МЗС Брытаніі Ліз Трас лічыць, што ўведзеныя супраць расейскіх алігархаў санкцыі ніколі ня будуць зьнятыя

Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію газэце The Times.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

Генштаб Украіны: высокая пагроза наступу Беларусі па валынскім кірунку

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў: паводле наяўных зьвестак, існуе вялікая імавернасьць, што ў наступныя 1–2 дні беларускае войска ўступіць у вайну з Украінай на баку Расеі. Як паведамляюць «Української правді» крыніцы сярод вайскоўцаў і сілавікоў, такое рашэньне, нягледзячы на супраціў шараговых вайскоўцаў і жыхароў Беларусі, нібыта прынята кіраўніцтвам дзяржавы.

Раней украінскія вайскоўцы і дзяржаўныя службоўцы паведамлялі, што да 21:00 11 сакавіка Беларусь рыхтуецца ўварвацца ва Ўкраіну. Але пакуль гэтага не адбылося.

Зьявіліся відэадоказы таго, што расейцы выляталі для бамбаваньня Ўкраіны з аэрапорту ў Гомлі

Міністэрства абароны Расеі апублікавала відэа, на якім відаць узьлёт з аэрадрому ў Гомлі бесьпілётніка з боекамплектам. Таксама на відэа адлюстраваныя ракетныя ўдары па ўкраінскай тэрыторыі і пасадка на гэтым жа аэрадроме.

Як рэагуе сьвет

Новыя санкцыі

Японія, Аўстралія і Новая Зэляндыя ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі. Санкцыі накіраваныя на алігархаў, абаронны і фінансавы сэктары Расеі.

ЗША пачалі прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю

У Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 424 заканадаўцы ўхвалілі прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю. Цяпер законапраект накіруюць на разгляд у Сэнат.

Прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў азначае, што пастаўкі расейскай і беларускай прадукцыі страцяць на амэрыканскім рынку рэжым найбольшага спрыяньня. Акрамя таго, ініцыятыва патрабуе ад прадстаўніка ЗША на гандлёвых перамовах дабівацца замарожваньня ўдзелу Расеі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі і прыпыненьня ўступленьня Беларусі ў гэтую арганізацыю.

Амбасадарка ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што Злучаныя Штаты ня будуць накіроўваць войскі ва Ўкраіну, але іншыя краіны NATO могуць. Пра гэта яна сказала ў інтэрвію CNN.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG