Аэрапорт у Гомлі выкарыстоўваўся расейскай авіяцыяй для вылету на бамбаваньне Ўкраіны. ВІДЭА

Аэрапорт у Гомлі, архіўнае фота
Аэрапорт у Гомлі, архіўнае фота

Міністэрства абароны РФ паказала відэа, якое даказвае выкарыстаньне Гомельскага цывільнага аэрапорту для авіяўдараў па Ўкраіне.

Міністэрства абароны Расеі апублікавала відэа, на якім бачны ўзьлёт з аэрадрому ў Гомлі бесьпілётніка з боекамплектам. Таксама на відэа адлюстраваныя ракетныя ўдары па ўкраінскай тэрыторыі і пасадка на гэтым жа аэрадроме.

Расея ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны 24 лютага штодня зьдзяйсьняе авіяналёты на ўкраінскія гарады і бамбуе іх. У самой Расеі пазьбягаюць слова «вайна», называючы падзеі «спэцапэрацыяй». Улады РФ гавораць аб тым, што атакуюць толькі вайсковыя базы для «дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі» Ўкраіны, аднак насамрэч скідаюць бомбы на тэатры, дзіцячыя садкі, школы і жылыя дамы.

Ад расейскіх бамбаваньняў, для якіх выкарыстоўваліся і беларускія аэрадромы, загінулі некалькі тысяч жыхароў Украіны, звыш 3 млн сталі ўцекачамі і ўнутранымі перасяленцамі. У Чарнігаве, Марыюпалі і шэрагу іншых населеных пунктаў адсутнічаюць электрычнасьць, газ, ацяпленьне, часта няма ежы і вады. Гуманітарныя калідоры абстрэльваюцца расейскімі войскамі.

Акрамя таго, расейцы прымусова вывозяць людзей на тэрыторыю Расеі і ў так званыя «рэспублікі» «ДНР» і «ЛНР», выкрадаюць і забіваюць журналістаў.

​
XS
SM
MD
LG