Незалежнага пацьверджаньня, што расейская гіпэргукавая ракета «Кинжал» паразіла вайсковы склад каля Івана-Франкоўску, няма

Расейскі MiG-31 з ракетай «Кинжал» у Сырыі. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі MiG-31 з ракетай «Кинжал» у Сырыі. Ілюстрацыйнае фота

Вайсковае камандаваньне Расеі паведаміла 19 сакавіка, што войскі РФ, упершыню з пачатку ўварваньня, ужылі ва Ўкраіне новую зброю: гіпэргукавыя ракеты «Кинжал». Як было сказана, гэтымі ракетамі расейскія войскі нанесьлі ўдар па падземным арсэнале каля гораду Івана-Франкоўск.

Незалежнага пацьверджаньня факту існаваньня і зьнішчэньня арсэнала пакуль не паступала, адзначае «Голас Амэрыкі».

Характарыстыкі ракет «Кинжал», здольных пры запуску з самалёта-носьбіта разьвіваць хуткасьць, якая 9 разоў перавышае хуткасьць гуку, такія, што абарончым сыстэмам паветранай абароны вельмі цяжка, а часам немагчыма, іх зьбіць.

Вайсковае камандаваньне Ўкраіны заявіла ў адказ, што ўжываньне гэтага тыпу ўзбраеньняў яшчэ больш дэманструе той факт, што Расея не змагла дамагчыся сваіх стратэгічных мэтаў шляхам выкарыстаньня канвэнцыйных відаў узбраеньняў, з прычыны чаго расейскі бок актывізуе бязладныя абстрэлы мірнага насельніцтва як сродак тэрору.

Генэральны штаб арміі Ўкраіны паведаміў, што за апошнія суткі расейскія сілы нанесьлі 14 ракетных удараў і правялі сорак авіяцыйных атак, у асноўным па цывільных аб’ектах.

​
XS
SM
MD
LG