Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцкі дыплямат заявіў аб мэтанакіраваным зьнішчэньні Марыюпалю расейскімі войскамі


Маноліс Андрулякіс пасьля вяртаньня ў Грэцыю, фота Reuters
Маноліс Андрулякіс пасьля вяртаньня ў Грэцыю, фота Reuters

Генэральны консул Грэцыі ва ўкраінскім Марыюпалі Маноліс Андрулякіс вярнуўся ў Атэны і расказаў, што бачыў у горадзе, які трапіў у аблогу расейскіх войскаў. Украіна адхіліла ультыматум захопнікаў і заявіла, што абарона гораду будзе працягвацца.

Маноліс Андрулякіс дапамог дзясяткам грамадзян Грэцыі і этнічным грэкам эвакуавацца з разбуранага Марыюпалю пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Ён пакінуў горад у аўторак і пасьля чатырохдзённай паездкі праз Украіну разам з 10 іншымі грамадзянамі Грэцыі пераправіўся ў Румынію праз Малдову, піша Reuters.

«Тое, што я бачыў, спадзяюся, ніхто ніколі больш ня ўбачыць», — сказаў Маноліс Андрулякіс па прыбыцьці ў міжнародны аэрапорт Атэнаў і сустрэўшыся са сваёй сям’ёй.

Паводле МЗС Грэцыі, Андрулякіс быў апошнім дыпляматам з Эўразьвязу, які пакінуў Марыюпаль. Жыхары гораду знаходзяцца ў пастцы пад моцным бамбаваньнем больш за два тыдні, расейскія сілы імкнуцца ўзяць Марыюпаль пад поўны кантроль.

Дыплямат заявіў аб мэтанакіраваным зьнішчэньні гораду і ягонага насельніцтва расейскімі войскамі. Ён параўнаў Марыюпаль з гарадамі, якія разбуралі нямецкія нацысты (Герніка, Ленінград, Ковэнтры) і расейцы (Грозны, Алепа).

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў 19 сакавіка, што аблога Марыюпалю Расеяй — «тэрор, які запомніцца на стагодзьдзі».

Сама меней 10 этнічных грэкаў забітыя і некалькі атрымалі раненьні пры нападзе расейцаў. Больш за 150 грамадзян Грэцыі, экіпажаў суднаў і этнічных грэкаў эвакуавалі з рэгіёну, паведаміла МЗС Грэцыі.

Марыюпаль, горад з насельніцтвам звыш 400 тысяч чалавек да вайны, гістарычна меў значную колькасьць этнічных грэкаў, якія займаліся гандлем і суднаходствам у рэгіёне зь бізантыйскага пэрыяду.

Абаронцы Марыюпалю адмовіліся скласьці зброю

Украінскія ўлады адказалі адмовай на патрабаваньне Расеі да ўкраінскіх вайскоўцаў, якія бароняць Марыюпаль, скласьці зброю і пакінуць горад, акружаны расейскімі войскамі і практычна разбураны шматдзённымі бамбаваньнямі.

Расея патрабавала даць адказ да 5-й раніцы 21 сакавіка, выстаўляючы ўмовы — спачатку горад павінны былі пакінуць украінскія часткі, якія абараняюць яго, і толькі потым — мірныя жыхары.

«Войска не складзе зброі і не пакіне горад», — заявіла ў ноч на 21 сакавіка віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук. Яна дадала, што ўлады Ўкраіны патрабуюць, каб расейскі бок неадкладна адкрыў гуманітарны калідор для эвакуацыі мірных жыхароў з Марыюпалю ў Запарожжа.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG