Расейцы прымусова вывозяць жыхароў Марыюпалю ў Расею і забіраюць у іх пашпарты

Наступствы расейскіх абстрэлаў у Марыюпалі
Наступствы расейскіх абстрэлаў у Марыюпалі

Пра прымусовы вываз жыхароў Марыюпалю на тэрыторыю так званай «ДНР» альбо ў Расею заявілі ў Марыюпальскай гарадзкой радзе.

Частка жыхароў Левабярэжнага раёну Марыюпалю прымусова выслана ў Расею, піша Рада ў тэлеграме.

«Акупацыйныя войскі Расеі гвалтам прымушаюць жыхароў украінскага Марыюпалю выехаць у Расею або на часова акупаваную тэрыторыю Данецкай і Луганскай вобласьцяў. Па стане на 8.00 зьявілася інфармацыя аб незаконнай высылцы на тэрыторыю праціўніка жыхароў вуліц Азоўстальскай і Ўкраінскіх казакоў Левабярэжнай акругі Марыюпалю.

У людзей, якіх гвалтоўна дэпартавалі ў Расею, забіраюць украінскія пашпарты, а замест гэтага выдаюць паперку, якая ня мае юрыдычнай вагі і не прызнаецца ва ўсім цывілізаваным сьвеце».

Расейскія войскі каля трох тыдняў трымаюць аблогу Марыюпалю, абстрэльваюць будынкі і аб’екты інфраструктуры, бамбуюць горад. Толькі некалькі тысяч чалавек здолелі пакінуць горад, астатнія жывуць у бомбасховішчах, амаль ня маючы ежы і пітва. Гуманітарныя грузы акупацыйныя войскі падвозіць у Марыюпаль забараняюць.

За час поўнамаштабнай расейскай агрэсіі, якая пачалася 24 лютага, толькі паводле афіцыйных зьвестак мясцовых уладаў загінулі звыш 2 тысяч чалавек, у тым ліку дзясяткі дзяцей.

​
XS
SM
MD
LG