Надпіс «Дети» з розных бакоў Драмтэатру не спыніў расейскіх пілётаў ад бамбаваньня
Прыватная амэрыканская кампанія Maxar Technologies апублікавала спадарожнікавыя здымкі, на якіх відаць, што на зямлі каля Драматычнага тэатру ў Марыюпалі, куды расейскія вайскоўцы скінулі бомбу 16 сакавіка, былі вялікія надпісы на расейскай мове «Дзеці».
16 сакавіка расейская авіяцыя скінула бомбу на Драматычны тэатар у Марыюпалі, дзе ў сутарэньнях хаваліся сотні мірных жыхароў гораду. Як паведамляе агенцтва Reuters, здымкі зробленыя 14 сакавіка. Надпісы — сьпераду і ззаду будынка.
У Maxar паведамілі, што пашыраць новыя выявы тэатру, як толькі яны зьявяцца, піша ўкраінская служба Свабоды.
Тэатар мог зьмясьціць да 1200 чалавек, паведаміў намесьнік мэра Марыюпалю Сяргей Арлоў. Колькасьць пацярпелых пакуль невядомая.
Былы кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Сяргей Тарута паведаміў:
«Пасьля жудаснай ночы няпэўнасьці раніцай 22-га дня вайны нарэшце добрая вестка з Марыюпаля! Бамбасховішча захавалася. Завалы пачалі разьбіраць, людзі выходзяць жывымі!»
Драматычны тэатар у Марыюпалі пасьля скіданьня бомбы 16 сакавіка
Мінабароны Расеі абвінаваціла «ультраправы батальён „Азоў“» у падрыве тэатру, ня даўшы гэтаму ніякіх доказаў.
«Мы гэтага ніколі не даруем», — мэр Марыюпаля пра разбурэньне драмтэатру
Мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка пракамэнтаваў напад на Драматычны тэатар і заявіў, што рызыкоўная эвакуацыя жыхароў Марыюпаля з аточанага расейскімі войскамі горада працягнецца.
Бойчанка падкрэсьліў, што эвакуацыя з горада небясьпечная, але ўлады і далей будуць рабіць усё, каб вывезьці як мага больш людзей.
«Рэжыму цішыні не было. Але з горада сталі выпускаць прыватны транспарт. Людзі пайшлі пад абстрэл, пад град і ракеты. За два дні з Марыюпаля выехала 6,5 тысячы асабістых аўтамабіляў. Тых, хто змог даехаць да Бярдзянску, але з розных прычынаў ня змог праехаць далей, везьлі аўтобусы. Частку марыюпальцаў вывезьлі ў Запарожжа. Тут ім акажуць неабходную першую дапамогу», — паведаміў Вадзім Бойчанка.
Расейскія войскі два тыдні трымаюць аблогу Марыюпалю, абстрэльваюць будынкі і аб’екты інфраструктуры, за два тыдні блякады яны дазволілі выехаць з Марыюпалю ў Запарожжа прыблізна дзьвюм тысячам чалавек.