Эўразьвяз: Расея робіць у Марыюпалі «масавае ваеннае злачынства»

Машыны з уцекачамі з блякаднага Марыюпалю. 17 сакавіка 2022
Машыны з уцекачамі з блякаднага Марыюпалю. 17 сакавіка 2022

Эўразьвяз рыхтуе пяты пакет санкцый супраць Расеі ў сувязі зь яе вайной ва Ўкраіне і абмяркоўвае магчымасьць увядзеньня эмбарга на расейскую нафту.

Кіраўнік замежнай палітыкі Эўрапейскага зьвязу Жузэп Бурэль рэзка асудзіў напад Расеі на ўкраінскі горад Марыюпаль, які знаходзіцца ў аблозе расейскіх войскаў і пад абстрэламі цягам некалькіх тыдняў.

«Тое, што цяпер адбываецца ў Марыюпалі, — гэта масавае ваеннае злачынства, якое зьнішчае ўсё, бамбуе і забівае ўсіх», — сказаў Бурэль на пачатку сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЭЗ у Брусэлі 21 сакавіка.

Прадстаўнікі 27 краін ЭЗ абмяркоўваюць магчымыя новыя санкцыі супраць Расеі, у тым ліку нафтавае эмбарга і магчымае выключэньне большай колькасьці расейскіх банкаў з аплатнай сыстэмы SWIFT.

Эўразьвяз рыхтуе ўжо пяты пакет санкцый супраць Расіі за яе вайну супраць Украіны і абмяркоўвае магчымасьць увядзеньня эмбарга на расейскую нафту, паведаміла 21 сакавіка агенцтва Reuters.

Краіны Балтыі настойваюць на эмбарга, паведамляюць дыпляматычныя крыніцы. Супраць гэтага выступае Нямеччына, якая больш залежыць ад расейскіх энэрганосьбітаў, чым іншыя эўрапейскія краіны.

Як піша Reuters, вызначальнай можа стаць пазыцыя Францыі, якая старшынствуе ў ЭЗ. Прэс-сакратар прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона заявіў, што, хоць некаторыя краіны «больш адчувальныя да нафты і газу», не існуе табу на санкцыі супраць Расеі.

Злучаныя Штаты, Эўразьвяз і іншыя краіны ўвялі некалькі пакетаў санкцыяў супраць Расеі пасьля таго, як яна ўварвалася ва Ўкраіну. Абмежаваньні датычацца банкаўскага сэктару, экспарту тэхналягічнай прадукцыі, найбуйнейшых расейскіх бізнэсоўцаў і высокапастаўленых чыноўнікаў.

Імпарт расейскай нафты ўжо забаранілі ЗША. Вялікая Брытанія і Канада абвясьцілі аб плянах адмовіцца ад оасейскіх крыніцы энэргіі. Эўракамісія прапанавала Эўразьвязу папярэдні праект пляну паступовай адмовы ад нафты і газу з Расеі, але канкрэтная дата ня вызначана.

​
XS
SM
MD
LG