Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль у Беларусі запускаюць ракеты па Ўкраіне. МАПА


Запуск ракет з комплексаў «Точка У» падчас беларуска-расейскіх вучэньняў у Гомельскай вобласьці 15 лютага 2022 года
Запуск ракет з комплексаў «Точка У» падчас беларуска-расейскіх вучэньняў у Гомельскай вобласьці 15 лютага 2022 года

Лукашэнка прызнаў «2-3 ракетныя ўдары». Пэнтагон толькі за першыя дзесяць дзён вайны налічыў каля 70.

Пра тое, што зь Беларусі адбываюцца ракетныя абстрэлы тэрыторыі Ўкраіны, кіраўніцтва Узброеных сіл Украіны расказала ў першы ж дзень вайны 24 лютага.

«З тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выпушчаныя чатыры балістычныя ракеты ў паўднёва-заходнім кірунку», — гаварылася ў паведамленьні галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага, апублікаванага ў першыя гадзіны пасьля нападу.

27 лютага зь беларускай тэрыторыі ракетамі абстралялі вайсковую частку ля горада Ўладзіміра (разьмешчаны на захад ад Луцку, за 15 км ад польскай мяжы. — РС) Валынскай вобласьці, пра гэта паведаміў кіраўнік Валынскай вайсковай абласной адміністрацыі Юры Пагуляйка.

Мапа імаверных ракетных абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі тэрыторыі Ўкраіны
Мапа імаверных ракетных абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі тэрыторыі Ўкраіны

У той жа дзень факты ракетных абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі пацьвердзіў Лукашэнка.

«З поўдня Беларусі ў пачатку канфлікту было два-тры ракетныя ўдары, паколькі Кіеў разгарнуў тры-чатыры ракетныя дывізіёны каля мяжы», — сказаў ён.

3 сакавіка прадстаўнік Пэнтагону пацьвердзіў, што ракетны абстрэл Беларусі вядзецца ў тым ліку зь беларускай тэрыторыі. На той момант (10 дзён вайны. — РС), амэрыканскае вайсковае ведамства налічыла каля 70 пускаў ракет зь Беларусі па тэрыторыі Ўкраіны. З тэрыторыі Расеі за той жа пэрыяд, як паведаміў Пэнтагон, было зроблена каля 160 пускаў.

Адкуль запускаюць ракеты

Лунінец

Пра запускі ракет у кірунку Ўкраіны з ваколіц Лунінца пачалі паведамляць 27 лютага, праз тры дні пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны. Зьяўляліся паведамленьні пра гэта і ў наступныя дні. На фатаздымках, апублікаваных у якасьці доказаў запуску ракет, можна пабачыць вэртыкальныя сьляды, што застаюцца пасьля спальваньня ракетнага паліва.

Акрамя гэтага, на такіх здымках можна ўбачыць, што пускі адбываюцца зусім недалёка ад шматкватэрных жылых дамоў. Гэта добра відаць на фота, апублікаваным 13 сакавіка.

Наўпрост адлегласьць ад Лунінца да ўкраінскіх гарадоў Роўна і Луцку — каля 200 кілямэтраў. Да Ўладзіміра, ракетны абстрэл якога адбыўся 24 лютага, каля 300 км.

Калінкавічы, Мазыр, Хойнікі

Пра тое, што пад Калінкавічамі, верагодна, заўважылі прыведзеныя ў баявую гатоўнасьць расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр», паведамляла ізраільскае агенцтва ImageSat International. Яно ж 8 сакавіка апублікавала сатэлітарныя фатаздымкі ваколіц беларускага райцэнтру, на якіх можна пабачыць падобную да «Іскандэраў» тэхніку.

Пра шматлікія пускі ракет з ваколіц Калінкавічаў таксама паведамляюць відавочцы, публікуюць фота вэртыкальных сьлядоў запускаў. Толькі за першую палову дня 16 сакавіка тэлеграм-канал «Беларускі гаюн», які зьбірае зьвесткі ад відавочцаў аб вайсковай актыўнасьці на тэрыторыі Беларусі, апублікаваў паведамленьні аб трох пусках.

Ракеты, якія запускаюць з ваколіц Калінкавічаў, пралятаюць над Хойнікамі і Нароўляй у бок Украіны, пра што таксама паведамляюць сьведкі. Ад гэтых райцэнтраў да ўкраінскага Чарнігава каля 150 кілямэтраў, да Сумаў — каля 500.

У сацсетках і СМІ таксама зьяўляюцца паведамленьні пра магчымыя пускі ракет у бок Украіны з ваколіц разьмешчаных непадалёк ад Калінкавічаў, Мазыра і Хойнікаў.

Што абстралялі ва Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі?

Пакуль вядома пра некалькі цэляў на тэрыторыі Ўкраіны, якія, пэўна, былі абстраляныя зь Беларусі. Гэта ўжо згаданы Ўладзімір Валынскай вобласьці ля польскай мяжы, Луцк і Роўна.

Луцк быў абстраляны ў першы дзень вайны 24 лютага, наступны моцны ракетны абстрэл адбыўся 11 сакавіка. Гарадзкія ўлады паведамлялі, што мэтай абстрэлу быў мясцовы аэрадром, удары наносіліся з дапамогай ракет зь беларускай тэрыторыі.

Роўна абстралялі 14 сакавіка. Мэтай абстрэлу стала тэлевежа ў пасёлку Антопаль ля гораду. Загінулі 9 чалавек.

Акрамя гэтага, прадстаўнікі Ўзброеных сіл Украіны рэгулярна паведамляюць пра ракетныя абстрэлы Чарнігава і яго ваколіц, а таксама Кіева. Да гэтых гарадоў ад Калінкавічаў і Мазыра, дзе рэгулярна бачаць запускі ракет у бок Украіны, каля 100 і 200 кілямэтраў адпаведна.

Чым страляюць?

Паводле зьвестак украінскага боку і незалежных вайсковых экспэртаў, Расея для ракетных абстрэлаў найчасьцей выкарыстоўвае крылатыя ракеты «Калібар», запушчаныя з самалётаў, а таксама ракеты з комплексаў «Точка У» яшчэ савецкай вытворчасьці і сучасных расейскіх комплексаў «Іскандэр».

Дастаць з тэрыторыі Беларусі да ўкраінскіх Луцка, Роўна і Чарнігава могуць толькі апошнія зь іх, распрацаваныя ўжо пасьля распаду СССР «Іскандэры». Іхная далёкасьць складае каля 500 кілямэтраў.

Запуск крылатай ракеты расейскім комплексам «Іскандэр» падчас вучэньняў у невядомай мясцовасьці 19 лютага
Запуск крылатай ракеты расейскім комплексам «Іскандэр» падчас вучэньняў у невядомай мясцовасьці 19 лютага

Беларуская армія наагул ня мае такіх тактычных ракетных комплексаў, здольных наносіць кропкавыя ўдары па Луцку ці Роўна. «Іскандэры» Лукашэнку Крэмль пакуль так і не паставіў, нягледзячы на неаднаразовыя яго просьбы. Гэтая зброя, апроч Расеі, ёсьць на ўзбраеньні толькі ў Армэніі.

Беларускае войска мае савецкія комплексы «Точка» з далёкасьцю стральбы да 120 кілямэтраў, а таксама ўласныя сыстэмы ракетна-залпавага агню «Палянэз», распрацаваныя ў часы незалежнасьці. Аднак яны ня могуць наносіць магутных кропкавых удараў. Выкарыстаньне ў вайне Расеі супраць Украіны беларускіх «Палянэзаў» адмаўляюць як самі ўкраінцы, так і незалежныя экспэрты.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG