Руйнаваньні ад абстрэлаў Чарнігава. 4 сакавіка 2022 г.
«Мы не зьбіраемся ўвязвацца ў гэтую апэрацыю, якую Расея праводзіць ва Ўкраіне... Але мы бяром удзел у гэтай апэрацыі, я ўжо колькі разоў казаў».
Аляксандар Лукашэнка 15 сакавіка заявіў аб спробах «зацягнуць Беларусь у апэрацыю, якую праводзіць Расея супраць Украіны».
«Што датычыць Украіны, яшчэ раз хачу падкрэсьліць, і вы гэта ведаеце лепш за іншых. Мы не зьбіраемся ўвязвацца ў гэтую апэрацыю, якую Расея праводзіць ва Ўкраіне. І самае галоўнае, як вайсковец вам кажу — у гэтым няма ніякай неабходнасьці», — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з кіроўным і апэратыўным складам органаў дзяржаўнай бясьпекі.
Паводле яго, Беларусь ня можа нічога дадаць — ні асабовага складу, ні ўзбраеньня.
«Таму нам там рабіць няма чаго, і нас туды ня клічуць».
І тут жа дадаў:
«Але мы бяром удзел у гэтай апэрацыі, я ўжо колькі разоў казаў. І наша задача, гэта вельмі важна ў любым баі, ня толькі ў вайне, папярэдзіць напад з тылу на расейскія войскі, якія перасоўваюцца. Вось гэтага мы не павінны дапусьціць. Гэта будзе нешта накшталт здрадніцтва».
Гэтыя выказваньні прагучалі цягам 50 сэкундаў у відэазапісе, які быў распаўсюджаны праўладным тэлеграм-каналам «Пул первого». Але ня выключана, што запіс быў змантаваны.
Лукашэнка таксама паведаміў, што «два дні таму, уначы пуск чарговы на тэрыторыю нашай Беларусі, удар па нашай тэрыторыі ракетай „Точка-У“, якую мы пасьпяхова з расейцамі перахапілі і зьнішчылі, над Прыпяцьцю. Недзе там каля рэчкі валяецца. Гэта ня фэйк. Проста нам трэба было разабрацца, што там адбываецца».
Ніякіх пацьверджаньняў гэтай заяве Лукашэнкі няма.
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.