Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падоўжыла арэнду 2 расейскіх вайсковых аб’ектаў. Цяпер расейскія войскі дзейнічаюць у Беларусі без дамовы


Дамова на наступныя 25 гадоў датычыць 43-га вузла сувязі ў Вілейцы і станцыі РЛС «Баранавічы».

Закон, які прадставіў міністар абароны Віктар Хрэнін, ухвалілі дэпутаты Нацыянальнага сходу Беларусі, паедамляе БелТА.

«Яны застаюцца ў сіле на працягу 25 гадоў, і тэрмін дзеяньня працягваецца шляхам заключэньня новага пагадненьня», — заявіў Хрэнін. Ён зазначыў, што фінансаваньне вайсковых аб’ектаў будзе забясьпечваць Мінабароны Расеі ў поўным аб’ёме. Акрамя таго, Расея дасьць беларускаму боку бязвыплатна ваенныя палігоны на сваёй тэрыторыі для вучэньняў войскаў СПА Беларусі.

Гэтыя дамовы датычацца двух аб'ектаў Расеі, якія ня маюць статусу вайсковых базаў.

Юрыдычнага дазволу на расейскую агрэсію з тэрыторыі Беларусі няма

Расейскія войскі тым часам у вялікай колькасьці знаходзяцца цяпер у Беларусі без фармальнай дамовы, яны атакуюць зь беларускай тэрыторыі Ўкраіну. Гэта зьяўляецца парушэньнем беларускіх законаў і Канстытуцыі.

Улады Беларусі дазволілі Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

У новай Канстытуцыі, якая фармальна пачала дзейнічаць 15 сакавіка, ёсьць артыкул пра вайну, які ўжо парушылі.

Згодна з новай Канстытуцыяй, артыкул 18 прадугледжвае немагчымасьць ваеннай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі супраць іншых дзяржаў. Як вядома, і Аляксандар Лукашэнка гэта прызнаў сам, што напад на Ўкраіну расейскія войскі, якія засталіся пасьля супольных вучэньняў, ажыцьцявілі менавіта з тэрыторыі Беларусі.

У артыкуле 5 Канстытуцыі, якую нібыта падтрымалі на рэфэрэндуме, адзначаецца, што дзеяньне дзяржавы, якая дазволіла, каб яе тэрыторыя, якую яна дала ў распараджэньне іншай дзяржаве, выкарыстоўвалася для нападу на трэцюю краіну, кваліфікуецца як акт агрэсіі.

43-і вузел сувязі ў Вілейцы (Менская вобласьць)

Радыёстанцыя цэнтру далёкай сувязі ВМФ РФ дзейнічае са студзеня 1964 году. Яна адказвае за радыёсувязь з караблямі і падводнымі лодкамі, а таксама за радыётэхнічную выведку і радыёэлектронную барацьбу. На ёй стаіць перадатчык магутнасьцю 1000 кіляват.

Знаходжаньне станцыі на тэрыторыі Беларусі аформлена міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году (у ім агаворваецца, што вузел сувязі зьяўляецца «расейскай вайсковай установай» і ня мае статусу вайсковай базы). Грошай за яго выкарыстаньне Беларусь ад Расеі не атрымлівае. Тэрмін дзеяньня пагадненьня — 25 гадоў. Плошча тэрыторыі — 650 гектараў. Абʼект абслугоўваюць 350 афіцэраў і мічманаў ВМФ Расеі, а таксама вольнанаёмныя грамадзяне Беларусі, якія ажыцьцяўляюць ваенізаваную ахову.

Радыётэхнічны вузел «Баранавічы»

Будаўніцтва радыётэхнічнага вузла «Баранавічы» (разьмешчана паблізу Ганцавіч) з радыёлякацыйнай станцыяй «Волга» пачалося ў 1984 годзе. Аднак затым будоўлю «замарозілі» і аднавілі толькі ў 1997-м.

Станцыя прызначана для прыкрыцьця разрываў у радыёлякацыйным полі РЛС тыпу «Дар’ял». У задачы РЛС уваходзіць выяўленьне балістычных ракет і касьмічных абʼектаў на адлегласьці 4 800 км. Станцыя адсочвае абʼекты ў Эўропе, Паўночнай Атлянтыцы і Нарвэскім моры.

Знаходжаньне вузла на тэрыторыі Беларусі аформлена міжурадавым пагадненьнем ад 6 студзеня 1995 году. Плата за «Волгу» не спаганяецца (у абмен пры падпісаньні пагадненьня дамовіліся аб частковым сьпісаньні беларускіх даўгоў РФ за энэрганосьбіты). Акрамя таго, у якасьці кампэнсацыі за арэнду вузла Расея дае Беларусі інфармацыю пра ракетна-касьмічнае становішча і палігоны для правядзеньня баявых стрэльбаў СПА. Тэрмін дзеяньня пагадненьня — 25 гадоў.

Станцыя заступіла на баявое дзяжурства ў 2003 годзе. Плошча тэрыторыі РЛС «Волга» — больш за 200 гектараў. Там знаходзіцца каля 2 тысяч расейскіх вайскоўцаў і мясцовы цывільны пэрсанал.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG