Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У войска я зараз дакладна не пайду, лепш у лес». Беларусам, якія адслужылі, рассылаюць позвы з ваенкаматаў


Беларускае войска ў Віцебску, 28 лютага 2022 году
Беларускае войска ў Віцебску, 28 лютага 2022 году

Позвы пачалі прыходзіць пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны. Іх атрымальнікі зьвязваюць гэта з магчымым удзелам Беларусі.

Ураджэнец аднаго з райцэнтраў у Магілёўскай вобласьці Андрэй (імя зьмененае. — РС) адслужыў у беларускім войску ў 2008 годзе. Атрымаў вайсковы білет, з часам пераехаў у Менск, кватэра ў райцэнтры засталася пустой. За ўсе гады, што прайшлі са службы ў войску, яго ні разу не турбавалі з ваенкамату. Не выклікалі на зборы, не прасілі прайсьці мэдкамісію. Так працягвалася больш за 10 гадоў. Да пачатку вайны Расеі супраць Украіны.

«Я прыйшоў галасаваць на рэфэрэндуме 27 лютага, прыехаў у свой райцэнтар зь Менску, — расказвае Андрэй. — Мне далі блянк, я прагаласаваў. І ўжо калі выходзіў, адна жанчына з камісіі паспрабавала пайсьці за мной, падыходзіла з паперкай у руках. Падышла і кажа: „Вось вам позва з ваенкамату“. Так і сказала. Я спытаў, што за позва. Адказала, што хочуць нейкія дэталі ўдакладніць, нешта ім ад мяне трэба. Спытала, ці я жыву па адрасе, дзе зарэгістраваны. Адказаў ёй, што нічога ня ведаю. Ня стаў яе слухаць і проста пайшоў».

Андрэй прызнаецца, што на самой справе добра ведаў, чаго яго шукаюць людзі з ваенкамату. За некалькі дзён да 27 лютага яму пазваніў былы саслужывец і папярэдзіў, што яны абодва зноў могуць трапіць на службу ў войска.

«Папраўдзе, я адразу зразумеў, у чым справа, — расказвае Андрэй. У мяне ёсьць сябар-аднагодка. Ён таксама ў Менску цяпер жыве, але зарэгістраваны ў нейкай вёсцы. Я дакладна ня памятаю, як яна называецца. Гэты сябра мне пазваніў літаральна за 2-3 дні да рэфэрэндуму і расказаў, што ягоным бацькам званілі з ваенкамату. Распытвалі, дзе ён. Хацелі позву даць».

«Ва ўмовах вайны мы павінны наладжваць пераправы праз рэкі»

З выпадку на ўчастку для галасаваньня прайшло больш за два тыдні. Андрэй пакуль не званіў у ваенкамат, каб даведацца, навошта яго шукаюць. У кватэры ў невялікім райцэнтры, дзе ён зарэгістраваны, ніхто не жыве. Паштовую скрыню таксама няма каму праверыць. Хлопец гаворыць, што сябру, які расказваў Андрэю пра цікаўнасьць з боку ваенкамату, таксама паспрабавалі ўручыць позву на ўчастку для галасаваньня на рэфэрэндуме. Ён адмовіўся.

«Мы зь ім разам служылі, — кажа Андрэй. — Яго пасьля дэмабілізацыі адзін раз ужо прызывалі ў рэзэрву. А мяне ніколі не турбавалі. Я ня маю афіцэрскага званьня, проста шараговы. У мяне вайсковая спэцыяльнасьць — пантанэр. Мы павінны ва ўмовах вайны наладжваць пераправы праз рэкі. Але ў рэальнасьці я ў асноўным займаўся абслугоўваньнем вайсковай тэхнікі. Аўтамабілямі, іншымі машынамі».

Ужо пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны афіцыйна Міністэрства абароны Беларусі паведамляла, што ў наступныя месяцы плянуе прызваць на тэрміновыя зборы каля 150 афіцэраў запасу. Вайсковыя чыноўнікі сьцьвярджаюць, што гэта ніяк не зьвязана з вайной ва Ўкраіне, а прызыў рэзэрвістаў у Беларусі — звычайная зьява.

Як стала вядома Свабодзе адразу зь некалькіх крыніц, ваенкаматы ў розных частках Беларусі спрабуюць выклікаць з рэзэрвы ня толькі афіцэраў. Позвы прыходзяць і тым, хто жыве зараз у Беларусі, а таксама тым, хто даўно зьехаў за мяжу.

«Я выехаў зь Беларусі таму, што знайшоў у паштовай скрыні позву з ваенкамату, — расказаў Свабодзе мянчук, які перабраўся ў Літву зь Менску ў першыя дні сакавіка. — Плянаваў гэта раней зрабіць, меў ужо візу. Але выехаў тэрмінова, калі мне і маім знаёмым пачалі прыходзіць позвы ў войска. Ня ведаю, навошта іх рассылаюць. Зьехаў адразу, калі пабачыў яе ў скрыні, нават не забіраў яе адтуль».

«Я ня супраць абараняць сваю Радзіму»

Позвы з ваенкаматаў прыходзяць тым, хто ўжо адслужыў у войску, мае вайсковую спэцыяльнасьць і прызнаны годным для службы ў мірны час. Суразмоўцы Свабоды зьвязваюць нечаканую цікавасьць да сябе з боку Мінабароны з апошнімі падзеямі ва Ўкраіне.

«Я ня супраць абараняць сваю радзіму, але ісьці бараніць інтарэсы старых хворых людзей? Мне гэтага ня трэба, — кажа суразмоўца. — Увогуле думаю пра тое, каб зьехаць зь Беларусі. Даўно хацеў гэта зрабіць, але цяпер, відаць, трэба паскорыцца. Толькі невядома, як гэта зрабіць цяпер. Становіцца ўсё складаней і складаней. У армію я дакладна ня маю намеру зараз ісьці, лепш у лес».

Па словах Андрэя, разам зь сябрам праз знаёмых у ваенкамаце яны паспрабавалі даведацца, куды насамрэч іх хочуць выклікаць позвамі.

«Як нам расказалі, зараз у войску займаюцца раскансэрвацыяй тэхнікі, — гаворыць суразмоўца. — Выганяюць яе з так званых „зон захоўваньня“. І як быццам ім не хапае спэцыялістаў для абслугоўваньня гэтай тэхнікі. Таму патрэбны людзі. А я акурат у частцы займаўся гэтым. Хоць у мяне спэцыяльнасьць у „ваеньніку“ пазначаная як „пантанэр“, на самой справе я працаваў на абслугоўваньні грузавых аўтамабіляў, іншых розных».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларускія вайскоўцы не бяруць удзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны. Прадстаўнікі Узброеных сіл Украіны і краін NATO паведамляюць пра дзясяткі пускаў ракет па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Паводле іх зьвестак, расейскія самалёты вылятаюць бамбаваць украінскія гарады зь беларускіх вайсковых аэрадромаў у Баранавічах і Лунінцы, а паветраная прастора Беларусі выкарыстоўваецца расейскай авіяцыяй для ажыцьцяўленьня выведкі. Паводле міжнароднага права і канвэнцый ААН, такія крокі прыраўноўваюць Беларусь да статусу краіны-агрэсара.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG