Ці ўскладаюць украінцы адказнасьць за напад на іх краіну на Лукашэнку ці на беларусаў, на Беларусь? Шматлікія антываенныя пратэсты, масавыя рэпрэсіі, якія пануюць у Беларусі, — ці здымаюць яны адказнасьць за вайну зь беларусаў як народу? Ці стаў Лукашэнка поўнай марыянэткай Крамля? Што азначае заява сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны пра магчымасьць ракетных удараў па тэрыторыі Беларусі?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ўкраінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда.
Магда
- Я неаднойчы бываў у Беларусі апошнімі гадамі, камунікаваў з сваімі беларускімі калегамі, публічна выступаў у Менску. І я ніколі не вучыў іх, як ім жыць.
- Сёньня Лукашэнка зьяўляецца дзейным хаўрусьнікам ваеннага злачынцы Пуціна. Жыцьці 17 забітых дзяцей — віна ў тым ліку і Лукашэнкі.
- Але пакуль беларускія вайскоўцы ня возьмуць наўпроставага ўдзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны, адносіны паміж нашымі краінамі, нашымі народамі яшчэ можна будзе неяк карэктаваць і выпраўляць.
- Гэта мой пункт гледжаньня як чалавека, якія ведае, што многія беларусы знаходзяцца ў эміграцыі, многія сядзяць у турмах. Я прымаю аргумэнт маіх беларускіх сяброў, што нельга антыфашыстаў абвінавачваць у злачынствах Гітлера.
- Але калі беларускія вайскоўцы ўвойдуць на тэрыторыю Ўкраіны, то ніхто ня будзе разьбірацца, якое ў іх грамадзянства — іх будуць зьнішчаць. Гэта справа і саміх грамадзянаў Беларусі.
- Калі Лукашэнка абвясьціў гэты год годам гістарычнай памяці, то варта нагадаць, што некалькі мільёнаў ня толькі беларусаў, але і ўкраінцаў загінулі ад рук нацыстаў падчас Другой сусьветнай вайны. Гэта, і ня толькі гэта, нас аб’ядноўвае.
- З моманту ўсьведамленьня сябе палітычнымі нацыямі паміж беларусамі і ўкраінцамі не было ніякіх канфліктаў. УНР дапамагала БНР. За 30 гадоў незалежнага існаваньня з 1991 году ніякіх канфліктаў паміж краінамі не было.
- Сёньня Лукашэнка балянсуе на вельмі тонкім лёдзе.
- Ужо тыдзень у нас працягваецца вайна. Ужо тыдзень зь беларускай зямлі ракеты ляцяць на ўкраінскія мірныя гарады. Лёгіка вайны заўсёды чорна-белая.
- Лукашэнка зараз «вусень» ворага. І ад яго залежыць, ці ён застанецца чырвона-зяленым вусенем, ці зь яго вылупіцца матылёк з ракетамі. І ад грамадзянаў Беларусі таксама. Я добра ведаю, як працуе ў Беларусі рэпрэсіўная машына.
- Пуцін зараз трымае Лукашэнку нават не на кароткім ланцугу, а за аброжак. Але я рады кожнаму чарговаму дню, калі беларускія вайскоўцы не зьявіліся ва Ўкраіне.
- Я бачыў тэндэнцыю, як Украіна спрабавала падсілкаваць Лукашэнку: летась таваразварот вырас на 30% пасьля ўсіх размоваў пра «крывавага дыктатара». Але вайна ўсё мяняе.
- Мае беларускія сябры кажуць — вы ж, украінцы, захапляліся Лукашэнкам. Некалькі гадоў ён сапраўды быў ва Ўкраіне самым папулярным замежным кіраўніком. Я ў 2014–2019 гадах гаварыў, што ён — «гібрыдны саюзьнік» Украіны. Бо была іншая сытуацыя.
- Такая братазабойчая вайна можа вельмі зьмяніць беларускае грамадзтва ўжо назаўсёды.
- У Лукашэнкі ёсьць пэўная прастора манэўру, але яна нагадвае шчыгрынавую скуру, яна ўвесь час сьціскаецца.
- Пуціну патрэбная Беларусь як краіна-сузаснавальніца ААН, каб ён мог прыкрыцца.
- Сярэднестатыстычны ўкраінец, які бачыць траекторыю ракеты, якая ляціць у Жытомір ці Кіеў, ужо выносіць свой прысуд Беларусі.
- Ёсьць ня толькі беларусы, якія ўцяклі ва Ўкраіну ад перасьледу Лукашэнкі, ёсьць беларусы, якія ва Ўкраіне ваююць са зброяй у руках супраць агрэсіі. На Данбасе былі беларусы, якія ваявалі за Ўкраіну, і былі беларусы, якія ваявалі за так званыя «ДНР» і «ЛНР». Прычым да 2020 году беларускія ўлады каралі і адных, і другіх.
- Што бачыў сярэднестатыстычны ўкраінец у Беларусі? Добрыя дарогі, адсутнасьць бесхацінцаў, усе больш-менш уладкаваныя. Многія гавораць на расейскай мове. Дык і ва Ўкраіне многія гаварылі і гавораць на ёй.
- Пуцін абяцаў забясьпечыць, каб «кожны народ Украіны меў права на самавызначэньне». Гэта азначае, што нас хочуць разарваць на шмат кавалкаў.
- Беларусам варта ўсьвядоміць — калі мы прайграем, то вы нікуды не падзенецеся.
- Мы ўскладаем усю адказнасьць на Лукашэнку. А далей распаўсюджваем яе на тых беларускіх грамадзянаў, якія згаджаюцца з тым, што робіць ці дазваляе рабіць Лукашэнка.
- Заява сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Данілава пра магчымасьць украінскага ракетнага ўдару па Беларусі — гэта элемэнт стрымліваньня Лукашэнкі ад неразумных дзеяньняў. Украінскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па аэрадроме ў Растоўскай вобласьці РФ. Зразумела, гэта не азануе беларуска-ўкраінскія адносіны. Але ў вайны свая лёгіка і мы яе ня можам зьмяніць.
- У мяне шмат беларускіх сяброў. Нехта зь іх у эміграцыі, нехта — у Беларусі. Ёсьць просты спосаб вызначыць, ці патрэбныя прабачэньні. Трэба правесьці міжнародны суд над спадарамі Пуціным і Лукашэнкам.
- На сёньня галоўным разбуральнікам беларуска-украінскіх адносінаў ёсьць Лукашэнка. Толькі адзін крок аддзяляе яго ад поўнамаштабнай агрэсіі. Я сумняюся, што беларускія вайскоўцы хочуць ваяваць ва Ўкраіне. Паглядзіце, колькі расейцаў ужо трапіла ў палон, а ім мазгі добра прамывалі. Выбар у кожнага ёсьць.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў