На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітычны аналітык Вадзім Мажэйка і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.
Мажэйка
- Пакуль няма пацьверджаньня інфармацыі, што на Чарнігаўшчыне зьявіліся беларускія войскі.
- Я не лічу важнымі заявы Лукашэнкі пра тое, што беларускіх войскаў ва Ўкраіне няма. У інтэрвію Гардону Лукашэнка казаў, што з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну ніколі не паляцяць ракеты. Ракеты туды ляцяць, гэта прызнаў і Лукашэнка.
- Лукашэнка хлусіць, і не ад добрага жыцьця. Зараз ён ня здольны цалкам кантраляваць вайсковую сытуацыю ў Беларусі. Ён вельмі не хацеў адпраўляць войскі ва Ўкраіну. Яму больш даспадобы роля міратворцы, ён ведае, што з гэтага можна атрымліваць палітычныя бэнэфіты, як гэта было пасьля 2015 году.
- Але ён уцягнуты ў гэтую вайну, Беларусь уцягнутая ў яе, і ён ня здольны супраціўляцца Пуціну. Яго галоўны мэсыдж Украіне — вы мусіце капітуляваць перад Пуціным, як гэта зрабіў я, і тады ў вас ня будзе вайны.
- Калі б беларускія войскі ўвайшлі ўва Ўкраіну, любыя перамовы на беларускай зямлі былі б выключаныя.
- Месца перамоваў важнае для краіны, якая іх прымае. Але для ўдзельнікаў — не. Калі б перамовы былі ў Азэрбайджане, Турэччыне, Вугоршчыне ці Ізраілі, на зьмест перамоваў гэта б ніяк не ўплывала. Кожны з бакоў ехаў на гэтыя перамовы, лічачы сябе часовым пераможцам і мяркуючы, што час і стратэгічная перавага на яго баку.
- Добра, што Беларусь пакуль не прызнала «ЛДНР». Лукашэнка 24 лютага казаў, што Беларусь гатовая прызнаць самаабвешчаныя «рэспублікі», калі гэта будзе патрэбна Расеі. Лукашэнка можа прызнаць у кожны момант. Гэта як навіна, што сёньня нікога не катавалі на Акрэсьціна. Гэта добра, але гэта ня значыць, што заўтра катаваць ня будуць.
- Расейцы на захопленых тэрыторыях Украіны спрабуюць паводзіць сябе гэтак жа, як паводзілі сябе «ветлівыя людзі» у Крыме. Мы бачылі кадры, як у захопленых украінскіх гарадах людзі лаюцца на расейскіх салдатаў, а тыя не спрабуюць гэтаму перашкодзіць. Расея зыходзіць з таго, што ў будучыні гэтым насельніцтвам давядзецца кіраваць.
- Складанае пытаньне — колькі яшчэ сувэрэнітэту засталося ў Беларусі ці яго ўжо наагул няма. Пакуль яшчэ некаторыя рашэньні прымаюцца беларускай уладай, хай і нелегітымнай. Але колькасьць гэтых рашэньняў усё больш зьмяншаецца.
- Пакуль над беларускімі гарадамі не лунае расейскі трыкалёр, пакуль за Беларусьсю застаецца месца ў ААН — напэўна, нейкая рэшта сувэрэнітэту застаецца.
Цыганкоў
- Лукашэнка спрабуе давесьці Крамлю, што патрэбны яму як кіраўнік незалежнай дзяржавы. Калі Беларусь будзе выглядаць як акупаваная краіна, у нас ніхто ня будзе весьці перамовы. А пакуль пазыцыя, паводзіны Менску адрозьніваюцца ад паводзінаў Масквы, украінцы могуць пагаджацца на перамовы на беларускай зямлі.
- Лукашэнка ў першы дзень вайны тлумачыў, што міністру абароны Ўкраіны трэба было толькі пазваніць расейскаму міністру, саступіць — і не было б вайны.
- Адзін з дарадцаў Зяленскага Аляксей Арастовіч патлумачыў учора ў эфіры «Белсату», чаму Ўкраіна пагадзілася на перамовы ў Беларусі. Па-першае, таму што гэта блізка, па-другое, паводле яго, кіраўніцтва Ўкраіны пакуль адрозьнівае пазыцыю Лукашэнкі ад пазыцыі Крамля.
- Можа насамрэч яны і не адрозьніваюць, але яны так заяўляюць, каб Лукашэнка не паслаў беларускія войскі ваяваць. Тут інтарэсы Лукашэнкі супалі з сытуацыяй, у якую трапіў Кіеў. Кіеў вымушаны ісьці на перамовы, а тут Лукашэнка са сваімі прапановамі.
- Для Крамля важна, каб Беларусь была Расеяй у сутнасьці, фактычна. Ці будзе Беларусь пры гэтым мець свой сьцяг і так званага «прэзыдэнта», ім ня так і важна.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў