На пачатку пасяджэньня Лукашэнка заявіў, што яно праходзіць у пашыраным фармаце, разам са спэцыялістамі, якія вядуць «інфармацыйную вайну» супраць «нахабнай хлусьні».
Лукашэнка назваў прычыны, зь якіх пачалася вайна, піша БелТА.
«Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін неаднаразова адкрыта заклікаў паважаць расейскія інтарэсы ў сфэры бясьпекі. Гэтыя заклікі засталіся непачутымі».
Пры гэтым ён заявіў, што Беларусь і далей не плянуе ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне і нібыта можа «даказаць каму заўгодна». Лукашэнка называе падзеі «спэцапэрацыяй», як і расейская прапаганда, абмінаючы слова «вайна».
«Больш за тое, расейскае кіраўніцтва ніколі ня ставіла перад намі гэта пытаньне — аб нашым удзеле ва ўзброеным канфлікце. Мы і ў далейшым не зьбіраемся ўдзельнічаць у гэтай спэцаперацыі ва Ўкраіне. Няма такой неабходнасьці».
Нагадаем, што ўкраінскі бок сабраў доказы таго, што некалькі ракет былі выпушчаныя па Ўкраіне зь Беларусі. Гэта прызнаў і сам Лукашэнка.
Таксама на паседжаньні Савету бясьпекі заявілі, што «ў Беларусі прыведзены ў гатоўнасьць сродкі СПА, каб «не дапусьціць удараў у сьпіну расейскім войскам». Па словах Лукашэнкі, прыкрыць заходнюю мяжу могуць яшчэ пяць батальёнаў.
Лукашэнка аб рашэньні бамбаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі:
«Натуральна, у спэцыяльнай ваеннай аперацыі на Данбасе меркавалася прымяненьне групоўкі войскаў, якая засталася на тэрыторыі Беларусі. І мяне інфармавалі пра гэта ў 5 гадзін раніцы 24 лютага. Перад прыняцьцем такога рашэньня наша выведка і расейцы знайшлі ў непасрэднай блізкасьці ад нашай мяжы некалькі ракетных дывізіёнаў, якія рыхтаваліся да нанясеньня ўдару па расейскіх войсках у раёнах засяроджваньня на беларускай тэрыторыі. Адначасова з рашэньнем аб правядзеньні апэрацыі Расеяй быў нанесены папераджальны ўдар па гэтых цяжкіх узбраеньнях, пазыцыях, каб прадухіліць свае страты і ўзьдзеяньне на Беларусь. Калі б гэтага не зрабілі, гэтыя ракеты прыляцелі б на Мазыр і Гомель».
Лукашэнка баіцца, што падзеі ва Ўкраіне могуць прыняць буйнейшы маштаб.
«Дай Бог, каб не перарос у плянэтарны. Ён пачаўся нават не ў 2014 годзе. Тады ён упершыню ўвайшоў у вострую ўзброеную фазу».