Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кроў украінцаў будзе на руках беларускіх чыноўнікаў і прапагандыстаў». Тры гісторыі беларусаў, якіх ва Ўкраіне напаткала вайна


Лукашэнка ў атачэньні вайсковых начальнікаў падчас расейска-беларускіх вучэньняў ў Беларусі ў лютым
Лукашэнка ў атачэньні вайсковых начальнікаў падчас расейска-беларускіх вучэньняў ў Беларусі ў лютым

Ва Ўкраіне чацьвёрты дзень трывае вайна. Беларусы, якія ўцяклі сюды ад перасьледу на радзіме, цяпер ці застаюцца ў Кіеве і Львове, ці шукаюць прытулку ў Польшчы. Свабода пагутарыла і з тымі, і з тымі.

«Здаём кроў, хочам быць валянтэрамі»

Ала раней жыла ў Гомлі. Пасьля перасьледу, допытаў, «сутак» і ператрусаў пераехала ў Кіеў. Атрымала часовы від на жыхарства. Цяпер да яе прыехала дачка.

«Мы не зьбіраемся зьяжджаць. Ня лічым патрэбным. Мы ва ўсім падтрымліваем украінскі народ. У чацьвер, калі пачалася вайна, мы прачнуліся ад выбухаў. Гэта быў ня наш раён, але выбухі настолькі моцныя, што іх чуе ўвесь горад. Можа, мы адчайныя вар’яты, але мы ацанілі сытуацыю і застаёмся», — кажа Ала.

Цэнтральны чыгуначны вакзал Кіева падчас камэнданцкай гадзіны раніцай 27 лютага
Цэнтральны чыгуначны вакзал Кіева падчас камэнданцкай гадзіны раніцай 27 лютага

Ала з дачкой хадзіла здаваць кроў, плянуе быць валянтэркай. «Але пакуль не задзейнічаны нават усе тыя, хто запісаўся добраахвотнікам. Каб запісацца ў добраахвотнікі, вялізныя чэргі стаяць, бо ўкраінцы — вялікія патрыёты. Так, кавярні і бары не працуюць, крамы — паводле вельмі кароткага графіка, у горадзе блёк-пасты, усіх правяраюць, але гэта правільна, бо ловяць дывэрсантаў. У бомбасховішча мы пакуль не хадзілі, хоць і чулі сырэны. Калі будзе страшна, пойдзем туды», — кажа беларуска.

У яе таксама, як і ў многіх беларусаў, заблякавалі ўкраінскую картку. Але Ала ня надта пераймаецца гэтым.

«Пуцін моцна памыліўся, калі разьлічваў, што простыя ўкраінцы будуць іх вітаць»

Сацыёляг Генадзь Каршуноў пераехаў у Кіеў у 2021 годзе. Цяпер ён працуе ў «Цэнтры новых ідэй», чытае лекцыі для «Беларускай акадэміі ў Польшчы». 25 лютага Генадзь вырашыў пераехаць у Івана-Франкоўск.

«Першы момант — тут дачка, удваіх будзе бясьпечней. Другое — распачаўся наступ менавіта на Кіеў, у тым кірунку, дзе я здымаў кватэру. Не на першым месцы, але і фінансавая праблема мае значэньне — пачалі блякаваць украінскія карткі беларусам. Таму паўстала пытаньне, як выжываць», — кажа сацыёляг.

Пакуль ён у Івана-Франкоўску. «Што далей? Пляны цяпер рухомыя, вельмі цяжка гаварыць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву. Мне пашэнціла. Я выйшаў з дому ранкам, прайшоў 10 кілямэтраў да мэтро, бо былі вялізныя заторы на дарозе, і транспарт не працаваў. Дабраўся да вакзала і ўзяў квіток на Івана-Франкоўск — якраз далі дадатковы цягнік. Людзей паехала столькі, колькі магло ўвайсьці ў вагон. Стаялі плячо ў плячо», — расказаў Генадзь Каршуноў.

Зьнішчаны расейскі вайсковы грузавік і целы забітых салдат у Кіеве 25 лютага
Зьнішчаны расейскі вайсковы грузавік і целы забітых салдат у Кіеве 25 лютага

Вось як ён апісвае настроі людзей: «Людзі былі ўпэўненыя, што яны вытрываюць. У іх была злосьць на тых, хто гэта распачаў ва Ўкраіне. Яны чулі выбухі і казалі: „Што яны хочуць ад нас, чаму яны нас бамбяць“. У цягніку была ўзаемадапамога. Людзі з клункамі, дзецьмі, „перавозкамі“ для хатніх гадаванцаў... Украінцы — моцны народ, яны малайцы. Украінцы не зьбіраюцца здавацца. Пуцін памыліўся, калі думаў, што простыя ўкраінцы будуць іх тут вітаць. Яны змагаюцца і будуць змагацца», — дадаў сацыёляг.

«Дзеці толькі паўтараюць: „Хоць бы гэта быў сон!“»

Натальля з мужам і дачкой уцяклі ад перасьледу ў Беларусі. Пасяліліся ў Кіеве, знайшлі сталае жытло, працу, вучобу.

«Гэта было як страшны сон! Недзе а шостай раніцы муж прачнуўся ад выбухаў. У прынцыпе, мы ўяўлялі, што можа быць, бо сачылі за сытуацыяй, асабліва ў Беларусі — з так званымі вучэньнямі, калёнамі тэхнікі, нарошчваньнем сілаў. Але не маглі ўсё роўна паверыць, што будзе вайна, у такіх маштабах. Мы схапілі дзяцей (сваю дачку і пляменьніцу), сваякоў, самае неабходнае — і паехалі ў бок Польшчы. Вось трэція суткі ня можам перасячы мяжу», — дзеліцца Натальля.

На мяжы чэргі ўжо складаюць, на яе думку, дзясяткі кілямэтраў. Шмат людзей, тысячы, ідуць пешшу. «Мы бралі з сабой прадукты, але яна хутка скончылася. Мы ж ня думалі, што некалькі дзён будзем стаяць на мяжы. Тут ежа ёсьць на запраўках, але, натуральна, яе вельмі хутка разьбіраюць. Таксама тут раздаюць харчы валянтэры. Яны дбаюць у першую чаргу пра дзяцей. Бо дарослыя могуць і патрываць, а дзеці галодныя і ядуць тое, ад чаго раней адмаўляліся. Яны паўтараюць: «Хоць бы гэта быў сон, хоць бы гэта быў сон». І пытаюцца: «Мы заўсёды цяпер будзем жыць у аўтамабілі?», — расказвае Натальля.

Яна кажа, што верыць у ўкраінцаў. «Яны патрыёты. Яны бароняць сваю зямлю. Вайна з боку Расеі пабудавана на хлусьні. Праўда за ўкраінцамі. Вельмі хочацца, каб беларусы адрэагавалі на сытуацыю. Бо кроў украінцаў будзе і на руках беларускіх чыноўнікаў, і на руках беларускіх прапагандыстаў, якія пішуць цяпер пра вайну ў суседняй краіне так, нібыта „нічога страшнага“. Я спадзяюся, што два рэжымы падпісалі сабе прысуд», — дадала Натальля.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG