Зяленскі зьвярнуўся да беларусаў: «З вашай тэрыторыі забіваюць нашых дзяцей». ВІДЭА

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

«На вайне, якая ідзе цяпер, вы з намі не на адным баку. На жаль». Зяленскі пашкадаваў, што беларускае войска на баку акупантаў, і пажадаў беларусам зрабіць правільны выбар.

У выступленьні Ўладзімір Зяленскі сказаў, што разьлічвае на разуменьне беларусаў, што з суседзямі трэба жыць у міры, і папрасіў адмовіцца ад саюзьніцкіх адносін з Масквой.

«Будзьце Беларусьсю, а не Расеяй. Гэты выбар вы робіце менавіта цяпер, менавіта сёньня. Цяпер шмат гавораць пра перамовы, якія маглі б пакласьці канец гэтай вайне. І называюць пляцоўкай вашу сталіцу. Пляцоўку, якую выбіралі ня мы, і насамрэч ня вы. І зараз зноў прапанова сустрэцца ў вас. Чатыры дні таму менавіта з вашай тэрыторыі пайшлі крылатыя ракеты, самалёты, верталёты, тэхніка. Білі па нашых дамах, білі па нашых жыцьцях. Кіеў атакавалі ў 4 раніцы. У кагосьці такое „пачуцьцё гумару“. Вы спалі, браты-беларусы. А мы з таго часу не засыналі».

Зяленскі прапанаваў расейцам для перамоваў Варшаву, Браціславу, Будапэшт, Стамбул ці Баку. Толькі на нэўтральнай тэрыторыі магчымыя сапраўдныя дамоўленасьці па заканчэньні вайны. Беларусь назваць такой не выпадае.

Прэзыдэнт Украіны пажадаў беларусам зрабіць «правільны выбар» у палітыцы.

«Зрабіце правільны выбар — я ўпэўнены, гэта галоўны выбар вашага вялікага народу».

Лукашэнка ў адказ на зварот Зяленскага назваў яго «неадэкватным».

«Зусім нядаўна „малы напалеончык“ (прабачце, што я так пра яго кажу) зьвярнуўся да беларускага народа наконт рэфэрэндуму. Як быццам ва Ўкраіне больш няма чым займацца, як з бункера вяшчаць беларускаму народу і раіць, што ім зрабіць. Да каго ён зьвяртаецца? Мы ж па-чалавечы заўсёды ставіліся да ўкраінцаў», — заявіў Лукашэнка і дадаў, што Зяленскаму варта найперш зьвяртацца да ўкраінскага народа і «адказваць за тое, што адбываецца сёньня ва Ўкраіне».

Пры гэтым ён заявіў, што ва Ўкраіне адлоўліваюць і зьбіваюць расейцаў і беларусаў. «Украіна як быццам падштурхоўвае Беларусь да спэцапэрацыі па абароне сваіх грамадзян», — заявіў Лукашэнка.

У сваёй папярэдняй заяве Зяленскі паведаміў, што ў дачыненьнях з Італіяй «адкрыта новая глава», поўная падтрымка маецца і ад Індыі. Нязьменна падтрымлівае Ўкраіну прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган. Вялікую дапамогу аказаў прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і іншыя кіраўнікі дзяржаў.

​
XS
SM
MD
LG