Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы камандзір Берасьцейскай дэсантна-штурмавой брыгады заклікаў беларускіх вайскоўцаў не выконваць злачынныя загады


Ілюстрацыйнае фота. Украінскія вайскоўцы 24 лютага 2022 году
Ілюстрацыйнае фота. Украінскія вайскоўцы 24 лютага 2022 году

Заснавальнік руху «Чорны арол», падпалкоўнік запасу камандзір Берасьцейскай дэсантна-штурмавой брыгады Валеры Сахашчык зьвярнуўся да беларускіх вайскоўцаў і заклікаў іх не выконваць злачынныя загады аб нападзе на Ўкраіну.

«Добрага здароўя, абаронцы Айчыны. Мой зварот да вас. Гвардыі падпалкоўнік запасу Сахашчык Валеры Сьцяпанавіч. Называюся, бо звольніўся даволі даўно. Хтосьці зь цяперашніх дэсантнікаў можа мяне і ня ведаць, аднак, я думаю, усё чулі пра іспыты пад назвай „чорны арол“. Цяперашняя адвага і майстэрства пайшлі якраз адтуль. Ну і яшчэ пра тое, што калісьці 38-я Берасьцейская дэсантная брыгада кожную раніцу бегала „дзясятку“ і ў поўным складзе купалася ў возеры круглы год. Ну я якраз той камбрыг, які 4 гады бегаў наперадзе брыгады і першым скакаў у палонку. Я — „чорны арол“ нумар адзін», — сказаў Сахашчык.

У звароце ён адзначае, што ўсе найважнейшыя рэчы ў жыцьці адбываюцца зазвычай экспромтам і нечакана. І немагчыма падрыхтавацца да таго, каб стаць героем. Сахашчык заклікае вайскоўцаў да «сапраўдных дзеяньняў».

«Проста ў жыцьці кожнага чалавека раптам узьнікае сытуацыя, у якой ён павінен зьдзейсьніць учынак тут і цяпер. І альбо ўвайсьці ў гісторыю, альбо пачакаць зручнейшага моманту. Праўда, лёс, як правіла, дае шанец зьдзейсьніць сапраўдны ўчынак толькі адзін раз...

Тыя, хто са мной сутыкаўся, не дадуць схлусіць: я быў адным з самых фанатычна адданых войскам афіцэрам, патрыётам сваёй Радзімы, для мяне ніколі не існавала нічога, акрамя службы. Я рашыўся запісаць першы ў сваім жыцьці зварот, бо ў лесе на мяжы з Украінай сядзяць мае суайчыньнікі, хлопцы ў сініх цяльняшках, такіх жа, як я ўсё жыцьцё насіў. І вельмі падобна, што ў найбліжэйшай будучыні ім трэба будзе прыняць удзел у вельмі дрэннай справе, якая можа мець катастрафічныя наступствы для нашай краіны і канчаткова пахаваць славу і традыцыі войскаў, здабытыя многімі пакаленьнямі дэсантнікаў. І, можа, ня ўсе вернуцца дадому жывымі», — сказаў ён.

«Расейцы проста сталі ахвярамі сваіх жа прапагандыстаў, якія паабяцалі, што народ Украіны сустрэне іх хлебам-сольлю як вызваліцеляў. Але вы ўжо ўсё ведаеце. Хоць вам і забараняюць мець смартфоны, але вы пакуль на радзіме, у кантакце з роднымі і сябрамі, і мелі час усё ацаніць і асэнсаваць», — гаворыць у звароце Валеры Сахашчык.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG