Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іхны стогн на ўвесь шпіталь немагчыма слухаць». Крыніцы: з тэрыторыі Гомельшчыны ўжо вывезьлі ў Расею звыш 2 500 мёртвых вайскоўцаў

абноўлена
Ілюстрацыйнае фота: расейскія вайскоўцы на Данбасе. 1 сакавіка.
Ілюстрацыйнае фота: расейскія вайскоўцы на Данбасе. 1 сакавіка.

У шпіталях Гомельскай вобласьці працягваюць лячыць параненых расейскіх вайскоўцаў. Як паведамляюць мясцовыя жыхары, іх з Украіны прывозяць як па зямлі, так і па небе — верталётамі ў Нароўлю. Далей вязуць у Мазыр і Гомель. Трупы — цягнікамі і самалётамі ў Расею.

«Былі з бытавой ранай у мазырскім шпіталі. Там столькі параненых расейцаў ляжыць — проста нейкі жах. Страшна зьнявечаныя. Іхны стогн на ўвесь шпіталь немагчыма слухаць», — расказалі Свабодзе жыхары Гомельшчыны, якія праходзілі лячэнне ў шпіталях Гомля і Мазыра.

«За нядзелю толькі ў Мазыры правялі апэрацыі каля сотні расейцам. Ужо ў панядзелак „падкінулі“ ў шпіталь яшчэ больш. На іх лячэньне, на хірургічныя апэрацыі кінутыя ўсе лекары, у тым ліку і тэрапэўты, і оталярынголягі. Мясцовым дапамога, праўда, аказваецца, але неўзабаве з гэтым могуць быць праблемы», — падзялілася крыніца, зьвязаная з мэдыцынай у Мазыры.

Па сьведчаньнях крыніц, інфармацыя непасрэдна ад мэдыкаў не выходзіць — нават мэдыцынскія сёстры давалі падпіску аб маўчаньні, баяцца скасаваньня кантракту.

У Нароўлі тым часам разгорнуты паўнавартасны палявы шпіталь.

«На тэрыторыі былой аўтабазы — мноства вайсковых намётаў. Там жа ў іх і палявая кухня, і пральня. Палічыць параненых наўрад ці магчыма, але іх там яўна сотні. Мясцовых туды і блізка не падпускаюць. Дзеці нейкія круціліся, можа, нешта здымалі — дык іх міліцыя „павязала“, да бацькоў потым прыяжджалі. Штодзень над палявым шпіталем кружляюць верталёты, якія прылятаюць з Украіны. Склалася ўражаньне, што параненых сталі прывозіць ня толькі на ПАЗ з чырвоным крыжам, як раней, але і на верталётах. У Нароўлі параненыя доўга не затрымліваюцца. Іх тут „падлатаюць“ і вязуць на Мазыр, Гомель. Трупы — на цягнікі з Мазыра і ў Расею», — расказалі нараўлянцы.

Расейcкі вайсковы палявы шпіталь у Нароўлі Гомельскай вобласьці. 1 сакавіка 2022
Расейcкі вайсковы палявы шпіталь у Нароўлі Гомельскай вобласьці. 1 сакавіка 2022

Іншая крыніца з Нароўлі сьведчыць, што з райцэнтру хочуць зрабіць нешта кшталту вайсковага гарадка.

«Зараз у нас вельмі шмат тэхнікі і вайскоўцаў. Яны займаюць розныя аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца. На базе былога райзагу (раённае таварыства нарыхтовак. — РС) рамантуюць зламаную ў баях ва Ўкраіне тэхніку», — распавяла крыніца.

Мэдык з Гомля на ўмовах ананімнасьці паведаміла Свабодзе, што плянавая дапамога жыхарам Гомля і Мазыра аказваецца.

«У людзей ёсьць паніка, але пакуль і дапамога аказваецца, і лекаў хапае. Што далей будзе, пакуль невядома. Мяркуецца, што будуць праблемы з супрацьслупняковымі прэпаратамі», — зазначыла мэдык.

Супрацоўнік абласнога клінічнага шпіталя ў Гомлі на ўмовах ананімнасьці паведаміў Свабодзе, што па стане на канец мінулага тыдня з тэрыторыі Гомельскай вобласьці вывезьлі больш за 2 500 трупаў — цягнікамі і самалётамі на Расею.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG