Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі дэфолт ужо адбыўся, Беларусь — на чарзе. Ацэнка расейскага эканаміста


Ці абрынецца эканоміка Расеі пад ціскам санкцыяў? Які лёс чакае беларускую эканоміку? Што адбываецца з эканомікай Украіны? Наколькі рэальная пэрспэктыва дэфолту для Беларусі і для Расеі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі эканаміст Андрэй Маўчан.

Маўчан

Андрэй Маўчан
Андрэй Маўчан
  • Расея вытрымае санкцыі. Расея не была самай беднай краінай сьвету. Калі Самалі вытрымлівае сваё існаваньне, то чаму Расеі не вытрымліваць? Калі расейскі ВУП на душу насельніцтва ўпадзе ў 4 разы, ён усё роўна будзе вышэйшы, чым адпаведны паказьнік большасьці афрыканскіх краінаў.
  • Безумоўна, у Расеі ніхто не рыхтаваўся да такіх санкцыяў. Усе дзеяньні, якія рабіліся фінансавымі і эканамічнымі ўладамі ў апошнія гады, былі скіраваныя на абсалютна іншую канструкцыю адносінаў з астатнім сьветам.
  • Палітыка была скіраваная на ўстойлівасьць адносна лёгкіх санкцыяў і да канкурэнтнай барацьбы на рынках. Расея павінна была быць устойлівай адносна таго, што ёй перастануць пазычаць, але не таго, што ў яе заблякуюць рэзэрвы.
  • Калі б было загадзя вядома, якія меры будуць прынятыя, то максымальна нарошчваўся б зьнешні доўг, а рэзэрвы скарачаліся б, інвэставаліся б на ўнутраныя патрэбы. Тады б мы прыйшлі да цяперашняй сытуацыі зь вялікім зьнешнім доўгам, але без рэзэрваў. А даўгі мы б проста не аддавалі.
  • Насамрэч рабілася акурат супрацьлеглае. З гэтага вынікае, што фінансава-эканамічны блёк да апошняга моманту быў наагул ня ў курсе сытуацыі. І ён рыхтаваўся да канкурэнцыі ў спалучэньні з супрацоўніцтвам, але не да жорсткага супрацьстаяньня.
  • Я баюся вас зьдзівіць, але ў бягучай сытуацыі блякаваньне рэзэрваў Цэнтрабанку РФ — гэта самыя бяскрыўдныя санкцыі. Расея гадамі нарошчвала рэзэрвы за кошт продажу вуглевадародаў. Яна гэтыя грошы ніяк не выкарыстоўвала.
  • Расея працягвае прадаваць нафту і газ, якія цяпер вельмі дарагія. І толькі ЗША спынілі імпарт расейскай нафты, але гэта кропля ў моры. А імпарт расейскі рэзка скароціцца, таму што падаюць даходы насельніцтва і курс рубля. Таму Расея будзе мець шмат валюты. Плюс да таго расейцы ня будуць езьдзіць за мяжу, значыць, ня будуць траціць там валюту. Расея будзе мець дастаткова валюты і без рэзэрваў.
  • У санкцыях, якія ўведзеныя адносна Расеі, няма нічога «сакрушальнага». Прэзыдэнт Байдэн крыху перабольшвае. Самыя балючыя санкцыі для Расеі ў пэрспэктыве — гэта забарона на экспарт у яе тэхналягічных тавараў і тэхналёгіяў. У выніку Расея губляе сваю канкурэнтаздольнасьць.
  • У сярэднетэрміновым пэрыядзе найбольш адчувальнымі будуць санкцыі адносна авія- і аўтапрамысловасьці. Праз паўгода ці 9 месяцаў расейская авіяцыя ня зможа лятаць, таму што Boeing і Airbus спынілі абслугоўваньне, а Кітай адмовіўся пастаўляць запчасткі.
  • У кароткатэрміновай пэрспэктыве найбольшы ўплыў будзе мець адмова ў пастаўках тысячаў камплектуючых і сыход з расейскага рынку мноства кампаніяў. Гэта ў кароткатэрміновай пэрспэктыве беспрацоўе, неабходнасьць перабудоўваць вытворчасьць, неабходнасьць рабіць інвэстыцыі ў новае абсталяваньне, а грошай на гэта няма.
  • У Расеі ў фізычным вымярэньні падзеньне экспарту можа скласьці каля 40%, але ў манэтарным вымярэньні гэта будзе значна менш, бо ў два разы вырасла цана на нафту. Таксама растуць цэны на газ і на збожжа.
  • Пастаўляючы нават 70% ад леташніх паставак нафты, нават з дысконтам у 25–30%, Расея ўсё роўна будзе перакрываць свой леташні нафтавы экспарт.
  • Напэўна, мы ўбачым падзеньне экспарту на 15–20%, калі толькі ня будзе эмбарга на імпарт расейскай нафты. Але пакуль яго няма.
  • Рубель ужо ўпаў на 30%. Калі сёлета заробкі будуць нават расьці, я мяркую, што захаваецца падзеньне на 20% рэальных заробкаў. І пры гэтым рэзка вырасьце ўзровень беспрацоўя, прынамсі, у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Пакупніцкая здольнасьць насельніцтва можа скараціцца сёлета на 15–30%.
  • Недарэчна зараз прагназаваць разьвіцьцё беларускай эканомікі ізалявана ад расейскай. У гэтых абставінах самастойна эканоміка Беларусі выжываць ня можа ў прынцыпе. Яна будзе залежаць ад фінансавых уліваньняў з боку Расеі.
  • Як Расея захоча пераразьмяркоўваць рынак і колькі грошай дасьць, я ня ведаю. Нейкую стабільнасьць у Беларусі Расея будзе падтрымліваць. Доўг Беларусі перад Расеяй будзе хутка расьці, Расея будзе атрымліваць маёмасныя правы на беларускія прадпрыемствы.
  • Калі продажу калійных угнаеньняў ня будзе, Беларусі будзе вельмі кепска. Ніякага ІТ-кластэра, ніякага інфармацыйнага бізнэсу ў Беларусі больш ня будзе.
  • Ніякіх дадзеных пра стан украінскай эканомікі зараз немагчыма атрымаць у прынцыпе. Індустрыяльная Ўкраіна — гэта ўсход. Заходняя Ўкраіна — пераважна аграрная. Значную частку ўкраінскай эканомікі складаў экспарт чорных мэталаў і тытанавай руды, транспартныя паслугі праз Адэскі порт і экспарт збожжа. Зараз Чорнае мора непрыдатнае для экспарту ні для Ўкраіны, ні для Расеі. Індустрыяльная прадукцыя ўсходу Ўкраіны ня будзе трапляць на рынкі. З Расеяй былі даволі шчыльныя эканамічныя сувязі. Яны, натуральна, зараз абарваныя, прынамсі на пэрыяд вайны.
  • Так што эканамічнае становішча Ўкраіны будзе цяжкое. Але як бы ні скончылася вайна, эканоміка Ўкраіны будзе падлягаць поўнаму аднаўленьню, яна, відавочна, будзе разбураная.
  • Я зьдзіўлены падтрымкай гэтага вар’яцтва з боку сапраўды вялікай часткі расейскага грамадзтва. Частка гэтай падтрымкі — шчырая, але абсалютна шызафрэнічная. Яны кажуць — 8 гадоў забівалі расейцаў у Данбасе. Калі ім паказваеш, што паводле нават расейскіх інфармагенцтваў за 2021 год там загінуў адзін цывільны, і незразумела, ад чаго. На гэта адказ — не, я ня веру, украінцы там забівалі расейцаў.
  • Гэта ня новая карціна ў гісторыі. Нешта падобнае было і перад Першай сусьветнай вайной, і перад Другой сусьветнай. Існуюць такія фэномэны масавага варʼяценьня.
  • І гэта не заўсёды лекуецца абставінамі. Сытуацыя ў Расеі ў 1916–1918 гадах — гэта не сытуацыя ацьверазеньня нацыі. Была ўнутрыэлітная барацьба, у выніку якой уладу атрымалі маргінальныя элемэнты — бальшавікі.
  • Так, сяляне стаміліся ваяваць і хацелі дамоў, але ў грамадзтве былі моцныя ўра-патрыятычныя настроі нават і ў 1917 годзе. Так што наконт зьмены цяперашніх настрояў расейскага грамадзтва — я нічога не абяцаю.
  • 22 лютага я б сказаў, што ідэя татальнага ўварваньня ва Ўкраіну — гэта абсалютнае трызьненьне, што ніхто гэтага ня зробіць, бо гэта самазабойства. Але ж зрабілі. Таму я не магу адказаць на пытаньне, ці будзе Пуцін выстаўляць ядзерны ўльтыматум. Можа быць усё што заўгодна.
  • Але Захад не забівае Расею, Захад капае роў вакол Расеі, каб расейскае войска не змагло яго пераскочыць. Мэта санкцыяў — ня тое, каб дзеці ў Расеі паміралі з голаду, а каб у расейскага войска не было грошай, каб напасьці на Ўсходнюю Эўропу.
  • Расея ператвараецца ў СССР 1980 году. Жыць можна, і нават ідэалёгія ёсьць, дзеці вучацца ў школах. Але дарослым людзям было зразумела, што СССР ужо ніякай пагрозы не ўяўляе, моц яго ў мінулым, і можна ціха даціскаць яго да перабудовы.
  • Усё вяртаецца да таго пункту, толькі на значна горшых умовах. Расея меншая, чым СССР, няма Варшаўскай дамовы. У 1980 годзе савецкія ўзбраеньні былі з 1980 году. А ў 2022 годзе яны таксама з 1980 году.
  • У Расеі дэфолт ужо адбыўся. Расея зьбіраецца аплачваць у рублях спэцрахункі. Гэта і ёсьць дэфолт.
  • Калі Расея ў дэфолце, то з чаго Беларусь будзе некаму нешта плаціць? Навошта? Пытаньне здольнасьці плаціць — другаснае. Першаснае — жаданьне плаціць. А з чаго яно будзе ў Беларусі?

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG