Нелегітымны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі краіны па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «Рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў.
Тры банкі, якія падпадаюць пад санкцыі, — Белаграпрамбанк, банк Дабрабыт і беларускі Банк разьвіцьця.
Санкцыі закрыюць тром беларускім банкам доступ да сыстэмы SWIFT. Таксама ЭЗ плянуе дадаць у свой «чорны сьпіс» некалькіх алігархаў і расейскіх дэпутатаў.
З пачатку вайны курс даляра адносна беларускага рубля павялічыўся больш як на 16%, а з пачатку году — больш як на 21%. Ад гэтага істотна вырасьці цэны на прадукты.
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі, дзе мясцовы рэжым падтрымаў вайну, абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў, уключна з Аляксандрам Вальфовічам. трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Швэдзкая карпарацыя ІКЕА пакідае разам з Расеяй і Беларусь. Акрамя маладэчанскага «Мэбелайна», які пайшоў ад гэтага ў вымушаны прастой, IKEA шчыльна супрацоўнічала з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне, ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла ў час падарожжаў і выпраў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk, чые кантэйнэры яшчэ можна ўбачыць у беларускіх лягістычных цэнтрах і на прадпрыемствах, заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Аб сыходзе зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва».
6 сакавіка на палітычны рэжым у Беларусі наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю адносна Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Акрамя таго, забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Мінабароны Беларусі і «Інтэгралу».
Эўрапейская камісія ўключыла тры беларускія банкі — «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця ў санкцыйны сьпіс, ім закрыюць доступ да сыстэмы SWIFT. Раней пра складанасьці ў сувязі з увядзеньнем санкцый папярэдзіў сваіх кліентаў банк «БелВЭБ».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні і выключэньні моцна закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў чэмпіянатах па сьвету ў хакеі. Ня змогуць выступаць у эўрапейскіх клюбных турнірах беларускія каманды гандбалістаў і баскетбалістаў. А вось футбалістаў пакуль не дыскваліфікавалі, але дазволілі праводзіць матчы толькі на нэўтральных палях і без заўзятараў. У дадатак беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў – 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch на тле санкцый панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг на тэрыторыі Расеі і Беларусі. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія дзелавыя апэрацыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.