З пачатку году беларускія ўлады абмежавалі ўвоз шэрагу прадуктаў эўрапейскай вытворчасьці. А з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі, краіна падпала пад новыя санкцыі. Паралельна з гэтым для імпарту закрылася беларуска-ўкраінская мяжа, а шлях тавараў з Польшчы стаў даўжэйшы.
З пачатку вайны курс даляра павялічыўся больш як на 16%, а з пачатку году — больш як на 21%. Усё гэта адбіваецца на гандлі. Выданьне Zerkalo.io расказвае пра гэта больш падрабязна.
Цэны на прадукты растуць вельмі хутка
У розных гарадах Беларусі з ростам курсу даляра павялічваюцца і цэны на прадукты, найперш імпартныя.
Салодкі перац у крамах у сярэднім каштуе 15–17 рублёў, але можна сустрэць і за 25. За тыдзень да гэтага ён каштаваў каля 12 рублёў.
Хутка растуць цэны на бананы. У чэку са сталічнай крамы за мінулы тыдзень цана гэтага фрукту была 4,3 рубля, а цяпер яна вагаецца ад 5,5 да 7 рублёў.
Моцна падаражэла і рыба. У адной з крам Кобрыні цана на стэйк са стронгі за паўтара месяца вырасла з 38 рублёў за кіляграм да амаль 56.
Людзі закупляюцца, «як на пачатку пандэміі»
Разам з ростам цэнаў падскочыў попыт на некаторыя прадукты. Больш актыўна, кажуць беларусы, у крамах раскупляюць соль і цукар. У выніку паліцы ў асобных прадуктовых на выходных аказаліся пустымі.
«У Наваполацку ўчора (6 сакавіка) было не знайсьці буйной солі ў ніводнай краме, зрэдку траплялася дробная», — расказаў нам пакупнік з гэтага гораду.
«Бяруць асабліва ўкраінскую соль, якую выкарыстоўваюць для закатак. Думаюць, што яе доўга зараз ня будзе», — пацьвердзіў работнік супэрмаркета ў Рагачове.
У чэргах у крамах можна сустрэць людзей з падобным наборам прадуктаў. Акрамя солі і цукру, у кошыку часта сустракаюцца па некалькі пакункаў круп, мукі, макароны, алею.
Прадаўцы параўноўваюць ажыятаж на прадукты з пачаткам пандэміі каранавірусу ў 2020 годзе. А пустыя паліцы ў некалькіх крамах тлумачаць тым, што на выходных не было новых паставак, а людзі закупляліся досыць актыўна.
«Я не хачу паддавацца паніцы. Але ніхто ня ведае, што будзе далей. Таму я лепш куплю зараз некалькі кіляграмаў грэчкі, макароны, закуплюся гарбатай, кавай, цукрам і сольлю. Так мне будзе спакайней», — тлумачыць жыхар Гомля.
Жыхарка Магілёва ў суботу ўвечары ў краме «Тройка» заўважыла аб’яву, у якой гаварылася, што некаторыя прадукты прадаюцца ня больш як тры пакункі ў адны рукі.
«Многія пакупнікі хацелі браць шмат, напрыклад, цукар па 10 кіляграмаў. Але на касе не прадавалі ў такой колькасьці, спасылаючыся на гэтую паперку, — кажа суразмоўца.
У самой краме, куды журналістка 7 сакавіка патэлефанавала як пакупнік, сказалі, што ніякіх абмежаваньняў на продаж прадуктаў у іх няма.
Беларусы актыўна скупляюць ня толькі прадукты. Павялічыўся попыт на тавары для жывёл.
На сайтах дзьвюх буйных заакрамаў пакупнікоў папярэджваюць аб павелічэньні тэрмінаў дастаўкі з прычыны высокай загрузкі. У той жа час, кажуць суразмоўцы, ёсьць праблемы са спэцыялізаваным і дыетычным кормам, які ўвозіцца з заходніх краін.
За апошні тыдзень даражэй зрабілася парадаваць дзіця і абслужыць свой аўтамабіль. Напрыклад, дзіцячы ровар 2 сакавіка ў інтэрнэт-краме каштаваў 176 рублёў са зьніжкай (без яе — 187,45 рубля), а 7 сакавіка на тым жа сайце — ужо 231 рубель.
У іншай онлайн-краме, якая спэцыялізуецца на аўтатаварах, 18 лютага наш чытач замовіў маторнае масла для аўтамабіля за 129,8 рубля, а 7 сакавіка яно каштуе ўжо 223 рублі.
Напярэдадні міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Аляксей Багданаў паведаміў, што МАРГ «будзе спыняць любыя спэкуляцыі на харчовым рынку».
«Беларусь гатовая да розных сцэнараў разьвіцьця падзей, адпрацоўваюцца альтэрнатыўныя варыянты паставак, замяшчэньня прадукцыі. Мы не закрытая дзяржава сёньня, толькі невялікая частка сьвету супраць нас настроілася. Ёсьць і іншыя месцы. Мы працуем з тымі краінамі, якія хочуць з намі працаваць», — заявіў ён.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.