Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыфэйк. Расея гаворыць пра чуму і халеру, а доказам выстаўляе кішэчную палачку


Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі генэрал-маёр Ігар Канашэнкаў
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі генэрал-маёр Ігар Канашэнкаў

6 сакавіка Міністэрства абароны Расеі заявіла, што нібыта знайшло доказы ваенна-біялягічнай праграмы Ўкраіны, «якая фінансуецца ЗША».

Як доказ гэтага, міністэрства выклала тры дакумэнты, якія могуць быць сапраўднымі, але пры гэтым нічым не пацьвярджаюць заявы пра біялягічную зброю.

Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны РФ генэрал-маёр Ігар Канашэнкаў заявіў, што ад супрацоўнікаў украінскіх біялябараторый нібыта была атрымана інфармацыя аб экстраным зьнішчэньні 24 лютага «асабліва небясьпечных патагенаў: узбуджальнікаў чумы, вугліка (сібірскай язвы), тулярэміі, халеры і іншых сьмяротных хваробаў».

Аднак у апублікаваных дакумэнтах няма ніводнай згадкі гэтых патагенаў.

Канашэнкаў сьцьвярджае, што ва ўкраінскіх біялябараторыях, «у непасрэднай блізкасьці ад тэрыторыі Расеі», нібыта распрацоўвалі кампанэнты біялягічнай зброі. У якасьці доказу расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС выклала 5 старонак.

Ізраільскае расейскамоўнае выданьне «Детали» праверыла гэтыя дакумэнты, якія расейскае Міністэрства абароны выдае за доказы распрацоўкі біялягічнай зброі. Карэспандэнт Радыё Свабода таксама прагледзеў гэтыя дакумэнты і прыйшоў да той жа высновы — іх немагчыма лічыць доказам, што заявы расейскага Мінабароны праўдзівыя.

Адзін з дакумэнтаў – інструкцыя, нібыта выпушчаная ўкраінскім Міністэрствам аховы здароўя. На дакумэнце надрукаванае імя міністра Віктара Ляшко, але няма ягонага подпісу ці нейкіх пячатак дзяржаўных органаў. Дата і рэгістрацыйны нумар пазначаныя ня ў тым месцы на блянку, дзе яны меліся б быць, толькі ўнізе над штрых-кодам. Ва ўкраінскіх электронных дакумэнтах сапраўды ня ставяць подпісаў і пячатак, калі ёсьць штрых-код і QR-код, але афармленьне адрозьніваецца ад цяперашняга стандарту.

У допісе зьмяшчаецца просьба «забясьпечыць экстранае зьнішчэньне біялягічных патагенных агентаў».

На апошніх двух старонках, актах зьнішчэньня культур, ёсьць подпісы дактароў. Паводле Міністэрства абароны Расеі, гэта «акты зьнішчэньня ў палтаўскай і харкаўскай біялябараторыях». З дакумэнтаў відаць, што лябараторыі належаць Палтаўскаму і Харкаўскаму абласным цэнтрам кантролю і прафіляктыкі хваробаў.

Але ў сьпісах зьнішчаных «музэйных культур» няма ўзбуджальнікаў чумы, сібірскай язвы, тулярэміі і халеры (Yersinia pestis, Bacillus antracis, Francisella tularensis і Vibrio cholerae), пра якія гаворыць расейскае Міністэрства абароны.

Замест іх там прысутнічаюць, напрыклад, Escherichia coli (кішэчная палачка), Pseudomonas aeruginosa (сінягнойная палачка), якая часта выклікае інфэкцыі ў шпіталях), ці Candida albicans, грыбок, які перадаецца праз рот і геніталіі і прысутнічае ў 80% людзей. З поўнымі сьпісамі можна азнаёміцца ніжэй.

Захоўваньне «музэйных культур» бактэрый — гэта стандартная практыка для лябараторый у тых установах, якія займаюцца кантролем за хваробамі. Іх выкарыстоўваюць для аналізаў і дасьледаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG