Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад замарожвае рэзэрвы Банку Расеі і ФНБ. Расказваем, да чаго гэта прывядзе

Прысьвечаныя анэксіі Крыму расейскія банкноты 2015 году
Прысьвечаныя анэксіі Крыму расейскія банкноты 2015 году

Эўразьвяз, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада прынялі рашэньне замарозіць рэзэрвы Банку Расеі, паведаміла ў нядзелю кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Пра значэньне гэтага кроку піша finanz. ru.

«Мы паралізуем актывы Цэнтральнага банку Расеі. Гэта прывядзе да замарожваньня ягоных транзакцыяў. І гэта зробіць немагчымым для Цэнтрабанку продаж актываў», — сказала Уршуля фон дэр Ляен.

Акрамя таго, пэўныя расейскія банкі адключаць ад сыстэмы SWIFT. «Гэта перашкодзіць ім працаваць па ўсім сьвеце, эфэктыўна заблякуе расейскі экспарт і імпарт», — заявіла фон дэр Ляен.

ЗША разам з саюзьнікамі распаўсюдзяць санкцыі на ўсе 630 млрд даляраў валютных рэзэрваў ЦБ РФ. Пра гэта паведаміў на брыфінгу высокапастаўлены чыноўнік Белага дому, дадаўшы, што гэта заблякуе Цэнтрабанку РФ магчымасьць прадаваць валюту на рынку, падтрымліваючы рубель.

На 1 лютага ЦБ РФ валодаў рэзэрвамі на 630 200 000 000 даляраў, уключаючы 113 500 000 000 даляраў зь ліквіднай часткі Фонду нацыянальнага дабрабыту (ФНБ).

Амаль палова ЗВР (311,2 млрд даляраў) разьмешчана ў замежных каштоўных паперах, чвэрць (151,9 млрд даляраў) — на дэпазытах у замежных камэрцыйных і цэнтральных банках. 132 200 000 000 даляраў з золатавалютных рэзэрваў (21%) прыпадае на золата ў сховішчах ЦБ ўнутры Расеі.

Замарожваньне рэзэрваў такой вялікай эканомікі, як расейская, — беспрэцэдэнтны выпадак, і ён будзе мець «разгромны эфэкт», кажа Тым Эш, стратэг Bluebay Asset Management: «Мы можам убачыць, як рубель абрынецца».

У краінах, якія непасрэдна ўводзяць санкцыі, разьмешчана 39% рэзэрваў. Аднак калі да замарожваньня далучацца Японія і МВФ, то пад «блякадай» апынецца ўжо 56% ЗВР.

Золата, якое захоўваецца ў Расеі і таму абароненае ад фізычнай канфіскацыі, таксама можа аказацца бескарысным: рэалізаваць яго на сусьветным рынку за цьвёрдую валюту санкцыі наўрад ці дазволяць. Гэта можа давесьці долю заблякаваных рэзэрваў да 77%.

У Кітаі, паводле апошняй справаздачы ЦБ (30 чэрвеня 2021 г.), захоўвалася 14,2% рэзэрваў. Аднак ідзецца пераважна пра юані, прыдатныя хіба што для двухбаковага гандлю.

«Санкцыі супраць Банку Расеі могуць аказаць калясальны ўплыў на расейскую эканоміку і банкаўскую сыстэму, падобны да таго, што мы бачылі ў 1991 годзе, — папярэджвае Алена Рыбакова, намесьнік галоўнага эканаміста Інстытуту міжнародных фінансаў. — Гэта можа прывесьці да масавага забіраньня сродкаў укладнікамі і далярызацыі, рэзкага падзеньня [рубля], зьнясіленьня рэзэрваў — і, магчыма, поўнага каляпсу расейскай фінансавай сыстэмы».

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG