Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацьтанкавыя збудаваньні на майдане Незалежнасьці ў Кіеве 2 сакавіка
Супрацьтанкавыя збудаваньні на майдане Незалежнасьці ў Кіеве 2 сакавіка

Украінцы вярнулі Бучу, расейцы абстрэльваюць Чарнігаў і Марыюпаль, магчымыя гуманітарныя калідоры. Хроніка восьмага дня вайны ва Ўкраіне

абноўлена

Расея працягвае весьці вайну супраць Украіны. Наступ запаволіўся, аднак штодня ідуць баі і абстрэл ракетамі. Больш за 2 тысячы мірных жыхароў Украіны загінулі, звыш 800 тысяч сталі ўцекачамі. Свабода сочыць за падзеямі.

07:35 3.3.2022

Нямеччына канфіскавала ў расейскага алігарха яхту

Улады Нямеччыны забралі яхту ў расейскага алігарха ўзбэцкага паходжаньня Алішэра Ўсманава. Яхта была ў порце Гамбургу, яна каштуе каля $600 мільёнаў, піша Forbes. Яхта знаходзілася на гамбурскай карабельні з канца кастрычніка для пераабсталяваньня. Пасьля таго, як нямецкі ўрад замарозіў актывы алігарха, работнікі кампаніі Blohm+Voss, якая займаецца яхтай, не зьявіліся на працу. Яхта «Дылібар» мае найвялікшы ў гісторыі такіх суднаў басэйн, дзьве верталётныя пляцоўкі, саўну, салён прыгажосьці і трэнажорную залю.

Яшчэ ў 2018 годзе Ўсманаў прадаў сваю долю — 30% акцый — у футбольным клюбе «Арсэнал» зь Лёндану, але праз групу сваіх кампаній застаецца датычным да ангельскага футболу, толькі ўжо да каманды «Эвэртан» зь Лівэрпулю. Напярэдадні пра сыход зь лёнданскага «Чэлсі» заявіў іншы расейскі алігарх Раман Абрамовіч, які таксама трапіў пад сур’ёзныя абмежаваньні праз вайну ва Ўкраіне.

07:51 3.3.2022

Пэнтагон: «Ядзерную вайну ня выйграць, і пачынаць яе ня варта»

Пэнтагон адмяніў выпрабавальны запуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты Minuteman, каб прадэманстраваць адсутнасьць плянаў па эскаляцыі. Пра гэта заявіў прадстаўнік абароннага ведамства ЗША Джон Кірбі.

08:05 3.3.2022

Падчас абстрэлу ў Харкаве загінула супрацоўніца місіі АБСЭ

Нацыянальны член Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ва Ўкраіне Марына Феніна загінула 1 сакавіка падчас абстрэлу ў Харкаве. Гэты факт 2 сакавіка пацьвердзіла Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

08:36 3.3.2022

Мінабароны Ўкраіны: расейскія войскі спрабуюць трапіць на паўночныя ўскраіны Кіева

Раніцай 3 сакавіка Міністэрства абароны Ўкраіны апублікавала зводку падзей. Там сьцьвярджаюць, што, ня маючы посьпеху ў захопе Ніжына, Лебедзіна, Ахтыркі, Чарнігава і Сумаў, расейскія вайскоўцы пазьбягаюць сутыкненьняў з украінскімі і спрабуюць дабрацца да паўночных ваколіц сталіцы. На Слабажанскім кірунку расейцы наступаюць на Золачаў, Харкаў і Балаклію. Не спыняецца наступ на Новы Айдар, Валнаваху і Марыюпаль.

08:41 3.3.2022

Нафта маркі Brent дасягнула самай высокай цаны з 2013 году

Раніцай 3 сакавіка барэль нафты маркі Brent каштуе $118, піша ТАСС. Гэта найвышэйшая цана за апошнія 9 гадоў. Відавочна, гэта зьвязана з вайной Расеі супраць Украіны.

08:57 3.3.2022

Перамоваў у Белавескай пушчы ня будзе, выбіраюць іншае месца

Лідэр фракцыі «Слуга народа» і прадстаўнік украінскай дэлегацыі на перамовах з Расеяй Давід Арахамія ў сваім фэйсбуку абверг інфармацыю аб тым, што ўкраінская дэлегацыя накіравалася ў Белавескую пушчу на другі раўнд перамоваў.

Арахамія напісаў, што перамовы сапраўды будуць, але не ў Белавескай пушчы. Усе падрабязнасьці ён абяцаў паведаміць пазьней.

Першы раўнд перамоваў паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі прайшоў на беларуска-ўкраінскай мяжы 28 лютага. Да посьпеху бакі не прыйшлі, але дамовіліся сустрэцца другі раз. Расейская дэлегацыя прыбыла на перамовы ў пінжаках і гальштуках, украінская ў вайсковай форме.

09:35 3.3.2022

Вайна можа прывесьці да экалягічнай катастрофы ў Херсонскай вобласьці

Каб пазьбегнуць экалягічнай катастрофы ў Херсонскай вобласьці, засталося два дні. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка.

«Побач з Херсонам, у Чарнабаеўцы, гэта фактычна раён Херсону, знаходзіцца самая вялікая птушкафабрыка ў Эўропе, яна належыць Ukrlandfarming, гэтая птушкафабрыка вырабляе яйкі. Зараз налічваецца 3 мільёны курэй. На дадзены момант фабрыка абясточаная і ня можа пастаўляць кармы. Калі так працягнецца яшчэ пару дзён, пачнецца чума птушак. І ў гэтым выпадку распарадзіцца імі нерэальна. Паводле санітарных нормаў, проста так закопваць у зямлю нельга. Забойны цэнтар ня можа працаваць, бо ўсё без электрычнасьці. А з такой колькасьцю птушак за такі кароткі прамежак часу ён ня справіцца. Утылізацыя немагчымая бяз вывазу. Што гэта, калі загінуць тры мільёны птушак? Пачне гніць, пачнуцца рэчы, зьвязаныя з хваробамі і гэтак далей. Фактычна ў непасрэднай блізкасьці ад Херсону празь дзеяньні акупантаў мы можам апынуцца ў глябальнай экалягічнай катастрофе, калі ад забруджваньня паветра на зямлі пачнуць разьвівацца самыя розныя хваробы, зьвязаныя з гніеньнем жывёлаў», — сказаў Дзенісенка.

09:43 3.3.2022

За тыдзень вайны Ўкраіну пакінуў мільён чалавек

Украіну пакінуў мільён чалавек, яны падаліся ў бежанства праз вайну на радзіме. Пра гэта паведаміў Вярхоўны камісар ААН у справах уцекачоў Філіпа Гранды.

«Усяго за сем дзён мы сталі сьведкамі сыходу мільёна ўцекачоў з Украіны ў суседнія краіны. Дзеля многіх мільёнаў унутры Ўкраіны неабходна сьцішыць зброю, каб даставіць гуманітарную дапамогу».

Украінскіх уцекачоў прытулілі Польшча, Вугоршчына, Малдова, Славаччына і іншыя краіны.

10:28 3.3.2022

Беларусы Львова засталіся ва Ўкраіне і сталі на яе абарону: «Сапраўдныя беларусы — за Ўкраіну!»

Грамадзяне Беларусі, якія пасьля ўдзелу ў выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі вымушаныя былі ўцякаць ва Ўкраіну ад рэпрэсіяў і спыніліся ў Львове заявілі, што застаюцца на ўкраінскай тэрыторыі і разам з украінцамі будуць яе абараняць.

«Мы ня зьехалі, і будзем тут, разам з вамі ў гэтыя цяжкія часы. Мы займаемся валянтэрствам, пайшлі ў тэрытарыяльную абарону і ў патрульную службу, працуем на фронце інфармацыйнай вайны», — адзначылі беларусы ў сваім відэазвароце да ўкраінцаў.

10:42 3.3.2022

Наступствы выбуху каля кіеўскага Паўднёвага вакзалу на раніцу

10:48 3.3.2022

У Чарнігаве гарыць нафтабаза

Падчас расейскага абстрэлу раніцай 3 сакавіка пачаўся пажар на нафтабазе.

10:49 3.3.2022

Расеі і Беларусі забаранілі ўдзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях у Пэкіне

Міжнародны паралімпійскі камітэт не дапусціў расейскіх і беларускіх спартоўцаў да Гульняў у Пэкіне.

Прэс-служба Міжнароднага паралімпійскага камітэту паведаміла, што многія нацыянальныя камітэты, каманды і спартоўцы адмаўляліся спаборнічаць з расейцамі і беларусамі. Ад гэтага правядзеньне спаборніцтваў было пастаўлена пад пагрозу.

10:54 3.3.2022

«Укрзалізниця» зрабіла бясплатнымі цягнікі на захад краіны

Пасажыры, якім неабходна пакінуць гарачыя пункты на ўсходзе і поўдні Ўкраіны, могуць скарыстацца эвакуацыйнымі цягнікамі бясплатна. Пасадка на іх прыярытэтная для жанчын, дзяцей і старых, паведамляе прэс-служба чыгункі.

11:10 3.3.2022

Генштаб Узброеных сіл Украіны: зьнішчана амаль 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што ад пачатку расейскай вайны ўкраінскія вайскоўцы і тэрытарыяльная абарона зьнішчылі амаль 9 тысяч расейскіх жаўнераў.

Паводле ўкраінскага Генштабу, зьнішчылі 217 танкаў, 900 баявых браняваных машын, 90 артылерыйскіх сыстэм, 42 рэактыўныя сыстэмы залпавага вагню, 11 сродкаў супрацьпаветранай абароны, 30 самалётаў, 31 верталёт, 327 адзінак аўтамабільнай тэхнікі, 2 лёгкія катэры, 60 цыстэрнаў з палівам і тры бесьпілётнікі.

Расея першыя шэсьць дзён увогуле не прызнавала вайсковых стратаў. 2 сакавіка Міністэрства абароны Расеі ўпершыню абвесьціла свае лічбы. Паводле іх, у часе «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (расейскія афіцыйныя асобы, як і СМІ, не ўжываюць слова «вайна») загінулі 498 расейскіх вайскоўцаў і 1597 параненых.

11:48 3.3.2022

Кіеў: Канстытуцыйны суд Беларусі варта выключыць са складу Канфэрэнцыі эўрапейскіх канстытуцыйных судоў

Выконваючы абавязкі старшыні Канстытуцыйнага суда Ўкраіны Сяргей Галаваты зьвярнуўся зь лістом да кіраўніцы Канфэрэнцыі эўрапейскіх канстытуцыйных судоў з патрабаваньнем выключыць з гэтай арганізацыі Канстытуцыйны суд Беларусі.

11:56 3.3.2022

Беспалётнай зоны над Украінай ня будзе

Міністар абароны ЗША Лойд Осьцін абверг любыя пляны ўвесьці беспалётную зону над Украінай, заявіўшы, што гэта непазьбежна справакуе востры канфлікт паміж ядзернымі дзяржавамі.

12:09 3.3.2022

Чэргі каля вакзалу ў Львове. ВІДЭА

Перад чыгуначным вакзалам у Львове сабралася мноства людзей, якія спрабуюць пакінуць горад. Але таксама ў Львоў прыяжджаюць жыхары паўднёвых і ўсходніх рэгіёнаў Украіны, ратуючыся ад пастаянных абстрэлаў расейскімі войскамі іхных гарадоў.

12:22 3.3.2022

Сайт Сьвята-Духава катэдральнага сабору Менску: «Мы супраць вайны»

Сайт Сьвята-Духава катэдральнага сабору Менску (РПЦ) цяпер не працуе, на галоўнай старонцы напісана «Мы супраць вайны», а таксама разьмешчаная спасылка на сайт Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, дзе прапануецца чытаць навіны пра вайну.

12:32 3.3.2022

Зяленскі: Расея мусіць вывучыць словы «рэпарацыі і кантрыбуцыі»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінская армія ўтрымлівае ўсе лініі абароны.

«У ніводным стратэгічным кірунку ў ворага няма посьпеху. Яны прыгнечаныя і асуджаныя», — заявіў Уладзімр Зяленскі.

12:47 3.3.2022

Рада нацбясьпекі і абароны Ўкраіны: «Кіраўніцтва Беларусі ўсё больш фіксуецца як памагатыя дзяржавы-тэрарысткі Расеі»

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што перадавая група ўкраінскіх памежнікаў і вайскоўцаў выйшлі на лінію дзяржаўнай мяжы Ўкраіны ў Сумскай вобласьці.

Паводле яго, цягам апошніх 24 гадзін расейскія войскі не змаглі прасунуцца ні ў адным з напрамкаў.

«Кіраўніцтва Беларусі ўсё больш фіксуецца як памагатыя дзяржавы-тэрарысткі Расеі. Беларуская тэрыторыя, а паводле некаторых зьвестак, і яе ўзброеныя сілы, выкарыстоўваюцца ў вайне з Украінай», — заявіў Аляксей Данілаў.

Сакратар РНБА таксама дадаў, што расейскія войскі, не дасягнуўшы мэты, пачалі зьмяняць сваю тактыку і масава абстрэльваць жылыя раёны і аб’екты цывільнай інфраструктуры ў дзясятках украінскіх гарадоў, у тым ліку з выкарыстаньнем забароненага Жэнэўскай канвэнцыяй узбраеньня.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG