Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйкавая вайна. Як беларусы спрабуюць спыніць расейскую армію

Чэргі на Менскім чыгуначным вакзале 2 сакавіка. Фота zerkalo.io
Чэргі на Менскім чыгуначным вакзале 2 сакавіка. Фота zerkalo.io

За першы тыдзень вайны Расеі супраць Украіны на беларускай чыгунцы адбылося адразу некалькі надзвычайных здарэньняў.

Праблемы з праграмным забесьпячэньнем Беларускай чыгункі пачаліся на трэці дзень вайны Расеі з Украінай.

Першай перастала працаваць сыстэма куплі квіткоў на пасажырскія цягнікі праз інтэрнэт. БЧ афіцыйна паведаміла пра гэта раніцай панядзелка 28 лютага. У навіне на сайце Беларускай чыгункі (на момант публікацыі ён не працуе) гаварылася, што сыстэма часова не працуе, а спэцыялісты паспрабуюць яе наладзіць у найбліжэйшы час. Зрабіць гэтага не ўдалося і праз тры дні.

Абвестка ў акаўнце Беларускай чыгункі ў сетцы «Ўкантакце» 28 лютага
Абвестка ў акаўнце Беларускай чыгункі ў сетцы «Ўкантакце» 28 лютага

У сераду 2 сакавіка сэрвіс па-ранейшаму не працуе. На чыгуначных вакзалах Беларусі, у тым ліку ў Менску, утварыліся чэргі з ахвочых купіць квіткі.

«Ніхто ня ведае, калі гэта скончыцца»

27 лютага, акрамя сэрвісу продажу квіткоў, атакавалі таксама ўнутраныя сыстэмы Беларускай чыгункі. У выніку рух цягнікоў быў часткова пераведзены ў ручны рэжым.

«Беларуская чыгунка пераведзеная на ручны рэжым працы, — паведаміў увечары 27 лютага тэлеграм-канал belzhd_live. — Дыспэтчарская цэнтралізацыя „Нёман“ выведзеная са строю. Спадарожнае праграмнае забесьпячэньне не працуе. Паступае інфармацыя, што Менскі і Аршанскі вузлы паралізаваныя».

Выпісаны ўручную квіток на беларускую чыгунку ў Жлобіне 28 лютага
Выпісаны ўручную квіток на беларускую чыгунку ў Жлобіне 28 лютага

Як паведаміў Свабодзе супрацоўнік БЧ, які працуе на адным з чыгуначных вузлоў, праблемы з аўтаматычным кіраваньнем цягнікоў сапраўды зьявіліся ў нядзелю 27 лютага і застаюцца дагэтуль. Паводле суразмоўцы, дыспэтчараў тэрмінова выклікаюць на працу, ім даводзіцца шмат перапрацоўваць, і «ніхто ня ведае, калі гэта скончыцца».

«Немагчымасьць купіць электронныя квіткі на сайце — гэта толькі адна праблема, — кажа суразмоўца. — Папраўдзе ўсё нашмат складаней, перабоі ў працы аўтаматыкі закранулі рух таварных цягнікоў. Там не хаос, вядома, але вялікія праблемы».

Адказнасьць за блякаваньне сыстэмаў Беларускай чыгункі ўзяла на сябе групоўка «Кібэрпартызаны». Адпаведнае паведамленьне зьявілася ў іхным тэлеграм-канале.

«Мэта атакі — затармазіць перакідваньне акупацыйных войскаў і даць украінцам больш часу на адбіцьцё нападу, — гаворыцца ў ім. — Зараз кампутарная сетка БЧ знаходзіцца ў стане каляпсу. Дарога пераходзіць у ручны рэжым кіраваньня, што істотна запаволіць рух цягнікоў, але ня створыць аварыйнай сытуацыі. На гэты момант таксама не працуюць сайты pass.rw.by, portal.rw.by, rw.by. Унутраная сетка будзе адключаная, пакуль войскі РФ не пакінуць тэрыторыю РБ і ўдзел вайсковых сілаў Беларусі ў фашысцкай агрэсіі ня спыніцца».

Чарговая атака на сыстэмы аўтаматызацыі Беларускай чыгункі адбылася ўдзень 2 сакавіка. Адказнасьць за яе таксама ўзялі на сябе хакеры з групоўкі «Кібэрпартызаны»

«Сёньня, у 12 гадзін менскага часу, была зроблена чарговая атака на сеткавую інфраструктуру Беларускай чыгункі, — гаворыцца ў паведамленьні на чыгуначным канале belzhd_live. — Не функцыянуюць на гэты момант: сыстэма ГВР (Графік выкананага руху), „Нататнік кіраўніка“, „Абанэнцкі пункт“, аўтаматызаваная сыстэма „Аўтадыспэтчар“ і іншае спадарожнае праграмнае забесьпячэньне. Закранутая сыстэма ДЦ „Нёман“ — назіраюцца праблемы з рухам цягнікоў».

Зьнішчэньне станцыяў рэгуляваньня руху цягнікоў

Пра тое, што дывэрсіі на чыгунцы закранаюць ня толькі праграмнае забесьпячэньне, стала вядома ў аўторак 1 сакавіка. У сацыяльных сетках зьявілася паведамленьне ініцыятывы BYPOL пра тое, што на чыгунцы зьнішчылі прынамсі дзьве так званыя шафы СЦБ — прылады, якія кіруюць сыгналізацыяй, цэнтралізацыяй і блякаваньнем руху на чыгунцы.

Чарга на менскім чыгуначным вакзале 2 сакавіка
Чарга на менскім чыгуначным вакзале 2 сакавіка

«Сёньня ўначы праведзены чарговыя акцыі простага дзеяньня, накіраваныя на блякаваньне руху чыгуначнымі шляхамі Беларусі для ўскладненьня, перш за ўсё, перамяшчэньня цягнікоў вайсковага прызначэньня, — гаворыцца ў паведамленьні BYPOL. — Зьнішчаныя шляхам падпалу дзьве шафы кіраваньня СЦБ на ўчастках абслугоўваньня Баранавіцкага і Гомельскага аддзяленьняў БЧ, што парушыла працу сьвятлафораў і стрэлачных пераводаў, заблякаваны рух на гэтых участках чыгункі. Таксама на ўчастку абслугоўваньня Магілёўскага аддзяленьня БЧ праведзена закарочваньне рэйкавых ланцугоў».

Намесьнік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч паведаміў 2 сакавіка пра тры факты падпалу рэлейных шафаў і блякаваньня чыгуначных шляхоў на тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай і Менскай абласьцей. Зь яго словаў, 1-2 сакавіка затрымалі сужэнцаў у Стоўпцах і мужчыну ў Жодзіне. Сілавікі кажуць, што падобныя дзеяньні будуць кваліфікаваць як тэракты.


Пашкоджаньне сыстэмаў СЦБ сапраўды можа на нейкі час спыніць рух цягнікоў на ўчастку, за які адказвае прылада. Беларускія чыгуначныя тэлеграм-каналы апублікавалі фота пашкоджанага абсталяваньня празь некалькі гадзінаў пасьля паведамленьня аб дывэрсіі. Шафы спалілі ля станцыі Астанкавічы на Гомельшчыне і побач са Стоўпцамі.

Ці сапраўды расейскія войскі выкарыстоўваюць інфраструктуру Беларускай чыгункі?

Інфармацыя аб гэтым масава зьяўлялася яшчэ да пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

З 18 студзеня на тэрыторыі Беларусі пачалі заўважаць расейскія чыгуначныя вайсковыя эшалёны, якія перавозілі тэхніку з Далёкага Ўсходу Расеі на тэрыторыю Беларусі.

Згодна з фота- і відэаздымкамі, якія ў рэдакцыю «Свабоды» шлюць чытачы, расейская армія выкарыстоўвае беларускую чыгунку ў тым ліку для эвакуацыі з тэрыторыі Беларусі сваіх параненых салдатаў. Фатаздымкі цягніка з характэрнай афарбоўкай РЖД зробленыя ў Нароўлі.

Акрамя гэтага, інфраструктура Беларускай чыгункі выкарыстоўваецца для падвозу паліва той расейскай вайсковай тэхніцы, якая ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны. Адзін з такіх эшалёнаў з 63 цыстэрнамі быў, паводле інфармацыі Міністэрства абароны Ўкраіны, зьнішчаны бесьпілётнай авіяцыяй неўзабаве пасьля перасячэньня беларуска-ўкраінскай мяжы ўвечары 28 лютага.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG