Расейскія сайты масава прасоўваюць тэзу аб плянах утварэньня «Фэдэратыўнай рэспублікі Ўкраіна»

Пасьля ўварваньня вайсковых сілаў Расеі на тэрыторыю Ўкраіны, пачынаючы з 27 лютага, расейскія сайты пачалі масава пашыраць інфармацыю аб нібыта плянах стварэньня так званай «Фэдэратыўнай рэспублікі Ўкраіна», піша ўкраінская служба Радыё Свабода.

Першая публікацыя зьявілася на сайце «Мир и мы», дзе аўтары спасылаюцца на маніфэст, які нібыта ініцывалі «некалькі дэпутатаў гарадзкіх і абласных радаў Украіны», якія, як сьцьвярджаецца, аб’ядналіся ў так званы Савет дэпутатаў абласьцей Украіны. Сам дакумэнт асобна не публікуюць, як і імёны ягоных падпісантаў.

«Мы, свабодны народ Харкаўскай, Мікалаеўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і іншых абласьцей Украіны, аб’яўляем і абвяшчаем стварэньне новай дэмакратычнай дзяржавы Фэдэратыўнай Рэспублікі Ўкраіна», — такія тэзісы масава прасоўваюцца ў расейскай інтэрнэт-прасторы.

Сэрвісу адсочваньня распаўсюджваньня публікацый ahrefs.com удалося знайсьці каля 8 тысяч спасылак на артыкул аб так званым «маніфэсьце» на сайце «Мир и мы». Уручную знайшлі каля 100 унікальных навінавых сайтаў РФ, якія перадрукавалі гэты матэрыял.

Цяпер пераважна інфармацыю распаўсюджваюць на дробных і рэгіянальных сайтах: «Аргументы и факты: Дагестан», ГТРК «Адыгея», «Новости Брянска», «Тамбовский курьер», «Московский комсомолец: Екатеринбург» і іншых.

Некаторыя зь іх пачалі цытаваць экспэртаў, якія і раней агучвалі антыўкраінскую рыторыку, напрыклад, адстаўнога маёра ФСБ Аляксандра Міхайлава. У камэнтары ён мяркуе, што да стварэньня новых «рэспублік» з Украіны могуць далучыцца «этнічныя вугорцы, якія захочуць іншы варыянт адносін».

Раней выданьне «Ўкраінская праўда» таксама паведаміла, што ўлады Расеі нібыта зьбіраюцца прасунуць на пасаду прэзыдэнта Украіны Віктара Януковіча, які ўцёк у расейскі Растоў пасьля Рэвалюцыі Годнасьці ў 2014 годзе.

​
XS
SM
MD
LG