Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна напала на Беларусь і Расею». Што настаўнікі ў школах Беларусі расказваюць пра вайну ва Ўкраіне

Беларускія байцы батальёну тэрарарыяльнай абароны «Азоў»
Беларускія байцы батальёну тэрарарыяльнай абароны «Азоў»

Пасьля пачатку вайны ва Украіне дзецям сталі апавядаць пра «фэйкавыя відэа» і «ўкраінскіх фашыстаў». Пры гэтым настаўнікі з розных рэгіёнаў краіны сьцьвярджаюць, што беспасярэдніх указаньняў размаўляць са школьнікамі на гэтую тэму не было.

Пра тое, што гавораць у школах Беларусі пра вайну ва Ўкраіне, распавялі чытачы Zerkalo.io.

Вучні і іх бацькі паведамілі выданьню пра нэгатыўныя выказваньні настаўнікаў у адрас Украіны. Такі выпадак апісала чытачка, дачка якой вучыцца ў старэйшых клясах гімназіі № 7 Менску. Паводле яе, адзін з настаўнікаў гісторыі на ўроку казаў дзецям, што «ва ўсім вінаватыя амэрыканцы, і таму „добрай“ Расеі прыйшлося рабіць зачыстку ад нацыяналістаў».

Але самі дзеці да такіх выказваньняў паставіліся скептычна — жанчына піша, што «і так усё ўсё разумеюць».

Падобную размову завялі ў яшчэ адной школе ў Дзяржынскім раёне. Там, піша чытач, клясная кіраўніца расказвала дзецям, што ва Украіне праводзіцца спэцыяльная аперацыя, а не вайна, і што «Ўкраіна напала на Беларусь і Расею, а мы проста абараняемся».

Адзін з вучняў ня вытрымаў і запярэчыў настаўніцы, што ўсё насамрэч наадварот. Такі пункт гледжаньня, распавёў суразмоўца, аказаўся папулярным — у адказ на словы настаўніцы «ківалі галавой» усяго некалькі чалавек.

У адной зь гімназіяў Горадні пра вайну ва Ўкраіне дзецям, паводле чытачоў, расказваў кіраўнік вайскова-патрыятычнага выхаваньня. Як піша чытачка, ён казаў старшакляснікам, што «Ўкраіна ня мае незалежнасьці і ня мае сувэрэнітэту», «ЗША пастаянна правакуе Расею», і наагул «трэба сказаць дзякуй нашаму ўраду за тое, што ў іх усё добра і яны не панікуюць».

Такую прамову, перадае суразмоўца з словаў сваёй дачкі, вучні амаль ня слухалі — усе «сядзелі» ў тэлефонах.Развагі аб вайне закранулі і каледжы. Як расказаў навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжу, там пра ўсё гэта гаварылі на асобным факультатыве, які называецца «Дасьледаваньне гуманітарнага права».

Ён зьявіўся зусім нядаўна — першыя заняткі былі 18 лютага. Тады, піша чытач, казалі, якая Ўкраіна дрэнная, запэўнівалі, што Расея ніколі на яе не нападзе, апавядалі, «які там зараз робіцца жах» і «як бамбяць ЛНР і ДНР».

Яшчэ з тэзісаў: «улада ва Ўкраіне гэта толькі прыкрыцьцё, насамрэч усім кіруе Захад».

На другім факультатыве, калі вайна ўжо ішла, рыторыка захавалася, піша чытач: спачатку крыху сказалі пра тое, што расейскія войскі бамбяць толькі вайсковыя аб’екты Украіны, а потым уключылі паўтарагадзінны фільм каналу «Россия-24» — «Украіна ў агні».

Рэакцыя навучэнцаў была такой жа, як і ў іншых падлеткаў, — усе проста «сядзелі» ў тэлефонах, кажа суразмоўца. А вось у адной з школаў Пінску думкі настаўнікаў падзяліліся, піша чытач.Ён вучыцца ў старэйшых клясах гэтай школы і расказвае, што большасьць пэдагогаў не апраўдвае Расею — кажуць, што ў тым, што адбылося, «вінаватыя ўсе» і што «страшна, калі Беларусь уцягнуць у вайну». Да таго ж, цьвердзіць школьнік, часьцей за ўсё такія размовы пачынаюцца з ініцыятывы саміх падлеткаў — ім цікавая думка настаўнікаў.

Суразмоўца прыводзіць толькі адно нэгатыўнае выказваньне ў адрас Украіны: паводле яго, адзін з пэдагогаў казаў, што яна «вінаватая ў вайне, бо парушала Менскія пагадненьні, бамбуючы Данбас 8 гадоў». Ёсьць і адваротныя выпадкі, калі настаўнікі падтрымліваюць Украіну і адкрыта гавораць пра гэта дзецям. Напрыклад, у адной з гімназіяў Менска 24 лютага, піша чытачка, падчас уроку настаўніца расказала дзецям аб пачатку вайны, падкрэсьліўшы, што Расея напала на Ўкраіну.

Яшчэ адна чытачка, маці якой працуе ў адной са школаў Горадзенскай вобласьці, расказала, што перад кожным урокам яна праводзіць хвіліну маўчаньня:

«Давайце памаўчым за дзетак Украіны, якія сёньня не пайшлі ў школу, якія хаваюцца ў сховішчах, за загінулых жыхароў». У клясах малодшыя дзеці часта не разумеюць, працягвае суразмоўца, у старэйшых — апускаюць галовы. Некаторыя школьнікі плачуць — у многіх сваякі ва Ўкраіне. Да таго ж жанчына рэгулярна расказвае дзецям аб ходзе вайны — без узгадненьня з адміністрацыяй. Некалькі беларускіх настаўнікаў паведамілі нам, што ўказаньняў праводзіць нейкія інфармацыйныя гадзіны наконт вайны ва Ўкраіне пакуль не было: «Хутчэй за ўсё, ім (упраўленьням адукацыі) яшчэ не да гэтага, усе былі занятыя рэфэрэндумам», — лічыць настаўніца.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG