Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін можа нанесьці ўдар тактычнай ядзернай зброяй на мяжы Беларусі і Ўкраіны», — меркаваньне расейскага вайсковага экспэрта


Расейскія балістычныя ракеты «Ярс» на парадзе ў Маскве
Расейскія балістычныя ракеты «Ярс» на парадзе ў Маскве

Ці гатовы Пуцін пачаць ядзерную вайну? Якім можа быць яе сцэнар? Як адкажа і ўжо адказвае Захад на ядзерны выклік Крамля?

На гэтыя пытаньні адказвае расейскі вайсковы экспэрт Юрый Фёдараў.

— Учора прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін загадаў Міністэрству абароны перавесьці стратэгічныя сілы стрымліваньня ў адмысловы рэжым баявога дзяжурства. Пры гэтым Пуцін спаслаўся на «агрэсіўныя выказваньні» ў адрас Расеі з боку «найвышэйшых службовых асобаў вядучых краін NATO», ён таксама назваў уведзеныя супраць Расеі санкцыі «нелегітымнымі».

Паводле ўказу Пуціна ад 2 чэрвеня 2020 году «Расейская Фэдэрацыя пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў адказ на ўжываньне супраць яе і (або) яе саюзьнікаў ядзернай зброі і іншых відаў зброі масавага зьнішчэньня, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расейскай Фэдэрацыі з ужываньнем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае само існаваньне дзяржавы».

Юрый, зь якой з гэтых пагрозаў Расея цяпер сутыкаецца?

Юрый Фёдараў
Юрый Фёдараў

— Ніякія заходнія дзяржавы не зьбіраюцца ўжываць супраць Расеі ядзерную зброю. Гэтая пагроза Пуціна адрасаваная найперш ЗША і эўрапейскім дзяржавам. Наўрад ці яна адрасаваная Ўкраіне, там і так працягваецца агрэсія Расеі. Ніякай зброі масавага зьнішчэньня ва Ўкраіны не было і няма. Усе размовы, папулярныя сёньня сярод расейскай эліты, маўляў Ўкраіна зьбіраецца стварыць зброю масавага зьнішчэньня, ня маюць ніякіх падставаў. Нават калі б у Кіеве захацелі гэта зрабіць, гэта заняла б шмат гадоў і запатрабавала б вялікіх выдаткаў.

Рашэньне Пуціна — спроба прымусіць Захад адмовіцца ад эканамічных санкцыяў. Сёньня гэтыя санкцыі набылі неймаверныя і нечаканыя памеры. Байдэн меў рацыю, калі казаў, што Расея атрымае эканамічны ўдар страшэннай сілы. Яна яго і атрымлівае.

Пуцін не чакаў гэтага, гледзячы па ўсім. І ён пры дапамозе пагрозы ядзернай вайны спрабуе спыніць санкцыі, прымусіць Захад зьмякчыць іх. Самыя балючыя санкцыі — гэта блякаваньне і імабілізацыя авуараў Цэнтрабанку Расеі, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША і іншых заходніх дзяржаваў. Гэта каля 450 мільярдаў даляраў.

Імабілізацыя азначае ня проста замарожваньне, а магчымасьць для заходніх уладаў выкарыстаць гэтыя сродкі для фінансаваньня барацьбы з пуцінскім рэжымам.

Што да загаду Пуціна, да яго ёсьць шэраг пытаньняў. Такога паняцьця, як «адмысловае баявое дзяжурства», у расейскай вайсковай тэрміналёгіі няма. Існуе сталая баявая гатоўнасьць, падвышаная, узровень ваеннай небясьпекі і поўная баявая гатоўнасьць.

Для ядзерных сілаў апошняя ступень гатоўнасьці азначае, што ўсе замкі зьнятыя і войскі чакаюць загаду на запуск ракеты.

Напэўна, у загадзе міністра абароны пазначана, якую гатоўнасьць азначае «адмысловае баявое дзяжурства».

— Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн днямі заявіў, што ў Захаду ёсьць альтэрнатыва — тыя санкцыі, якія ён увёў, і Трэцяя сусьветная вайна. Але калі Пуцін гатовы адказаць ядзерным ударам на санкцыі, вынікае, што варыянт толькі адзін — гэта Трэцяя сусьветная вайна так ці інакш. Не?

— На мой погляд, і пра гэта кажуць многія, Пуцін — вар’ят. Ён пакутуе на глыбокую параною. Ён па-свойму інтэрпрэтуе ўсё інфармацыю, якую атрымлівае, любая інфармацыя ў яго сьвядомасьці толькі падмацоўвае яго монаідэю.

Уся гісторыя рашэньняў, прынятых Пуціным, паказвае, што ён ня здольны прадбачыць іх вынікі.

Паводле ўсіх стратэгічных падручнікаў ядзерная вайна пачынаецца ня з масавага запуску ўсіх сродкаў стратэгічнага прызначэньня. Яна пачынаецца з абмену ядзернымі ўдарамі на рэгіянальным узроўні. Магчымыя так званыя дэманстрацыйныя ўдары.

Гэта азначае ўжываньне тактычнай ядзернай зброі ў адносна бязьлюдных раёнах, каб прадэманстраваць, што краіна гатовая да ядзернай вайны. Наступны крок — гэта ўжо масавае ўжываньне тактычнай ядзернай зброі.

Гэта больш складана, чым простыя ўяўленьні: націснуў кнопку і сьвет ляціць у пекла. Паводле падручнікаў гэта павінна быць інакш. Хаця ці будуць разьвівацца падзеі паводле падручнікаў — складана прагназаваць.

У 1950-я гады меркавалася, што вайна будзе выглядаць так: усе ракеты паляцяць з ЗША ў СССР і наадварот і ўсё будзе скончана. Але і вынікі вучэньняў, і тое, што трапляе ў адкрыты друк, сьведчаць пра тое, што ёсьць канцэпцыя ядзернай эскаляцыі.

Я не выключаю ўжываньня тактычнай ядзернай зброі супраць Украіны. Першае яе дэманстрацыйнае ўжываньне можа быць у адносна бязьлюдным месцы, у памежных раёнах паміж Беларусьсю і Ўкраінай, у Прыпяцкіх балотах.

Калі гэтае рашэньне будзе рэалізаванае, то першы крок, хутчэй за ўсё, будзе такі.

— Якой будзе рэакцыя Захаду, ЗША на гэты ядзерны выклік Пуціна?

— Байдэну будуць задаваць пытаньне аб рэакцыі на крок Пуціна. Гэтае пытаньне ён задае і сам сабе — што рабіць у гэтым выпадку. Ядзерны варыянт разглядае і выведная супольнасьць ЗША, і палітычнае кіраўніцтва.

Амэрыканскую выведку цягам некалькіх тыдняў папракалі недакладнымі прагнозамі наконт вайны. Але яна дакладна прадказала разьвіцьцё падзеяў. Мяркую, што яны рабілі свае прагнозы ня толькі на падставе аналізу спадарожнікавых фатаздымкаў.

Будзе вельмі дакладны паказьнік таго, што Расея рыхтуецца да ядзернай вайны, — гэта выхад зь месцаў сталай дысьлякацыі стратэгічных ракетаў мабільнага базаваньня «Ярс». Калі гэтыя ракеты выведуць з ангараў, амэрыканская выведка будзе ведаць, што ядзерны ўдар блізкі.

Калі Расея ўчыніць дэманстрацыйнае ўжываньне тактычнай ядзернай зброі, для Байдэна ўзьнікне сурʼёзная праблема, як на гэта рэагаваць. Не выключаю, што ён будзе настойваць на кампрамісным варыянце ў канфлікце Расеі і Ўкраіны. Хаця гэта, зразумела, капітуляцыя Захаду.

Пытаньне, праўда, у тым, што будзе пасьля таго, як вайна прыпыніцца. Думаю, што Пуціну гэтага не даруюць.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG