Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: «Мы будзем абвяшчаць забастоўку, каб не дапусьціць удзелу Беларусі ў вайне»


Ціханоўская выступае на мітынгу супраць расейскай агрэсіі ў Вільне 27 лютага
Ціханоўская выступае на мітынгу супраць расейскай агрэсіі ў Вільне 27 лютага

У камэнтары для Свабоды Ціханоўская расказала, хто можа спыніць магчымае ўварваньне беларускага войска ва Ўкраіну.

У дзень галасаваньня на рэфэрэндуме 27 лютага ў Беларусі прайшлі першыя за доўгі час вулічныя акцыі пратэсту. Людзі зьбіраліся ля ўчасткаў для галасаваньня а 14-й гадзіне, а 17-й у Менску адбылася акцыя пратэсту ля будынку Генэральнага штабу. З словаў Сьвятланы Ціханоўскай, ужо ў панядзелак магчымае ўварваньне беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыю Ўкраіны. Спыніць гэта, кажа яна, могуць толькі яны самі.

«Па-першае, ды і ў асноўным, напэўна, на гэтую сітуацыю зараз могуць паўплываць толькі афіцэры, якія прысягалі Радзіме, народу і Канстытуцыі, а не аднаму чалавеку, — гаворыць Сьвятлана Ціханоўская. — Вядома, ты людзей фізычна ня спыніш, гэта людзі са зброяй. У іх дакладная мэта, дакладны загад. Іх камандзіры, камандзіры палкоў, аддзяленьняў могуць гэтыя загады не выконваць».

Сьвятлана Ціханоўская кажа, што, паводле атрыманай Аб’яднаным штабам інфармацыі, пэўныя беларускія вайсковыя адзінкі ўжо накіраваліся ў бок Украіны. Зь яе словаў, праверыць сапраўднасьць такіх зьвестак складана. Ціханоўская таксама згадала людзей, якія выйшлі пратэставаць да будынку Генэральнага штабу, каб такім чынам паспрабаваць спыніць удзел Беларусі ў вайне Расеі з Украінай. Аб’яднаны штаб плянуе і надалей абвяшчаць акцыі пратэсту, калі Беларусь насамрэч пашле сваіх вайскоўцаў на тэрыторыю Ўкраіны.

«На жаль, Беларусь ужо ўцягнулі ў гэтую вайну, — гаворыць Сьвятлана Ціханоўская. — Акурат зараз на беларуска-ўкраінскай мяжы вядуцца перамовы. Я, вядома, ня ведаю, якімі будуць іх вынікі. Украінцы сваю Радзіму аддаваць ня будуць, Украіна будзе абараняцца да апошняга. А Крамлю трэба даказаць сваю сілу. Мы будзем сачыць за сытуацыяй. Наша задача — зрабіць усё магчымае, каб расейскія войскі выйшлі зь беларускай тэрыторыі. А Лукашэнка павінен сысьці. Бо пакуль гэты чалавек утрымлівае ўладу сілай, ні пра які спакой у рэгіёне гаворкі ісьці ня можа».

Паводле падлікаў Аб’яднанага штабу, у дзень галасаваньня на рэфэрэндуме на вуліцы ў Беларусі выйшлі каля 70 тысяч чалавек, гаворыць Сьвятлана Ціханоўская.

«Наступны наш крок — мы будзем рыхтавацца да страйку, будзем абвяшчаць забастоўку ў Беларусі, — кажа Сьвятлана Ціханоўская. — Але найбольшая праблема зараз у тым, што ў беларусаў вельмі мала інфармацыі. Шмат для каго ўвогуле невідавочна, што адбываецца».

У наступныя дні, як кажа Ціханоўская, дзеяньні яе штабу будуць залежаць ад падзеяў у Беларусі і ва Ўкраіне.

«Трэба адштурхоўвацца ад гэтага, — кажа Ціханоўская. — Мы не маглі нават спрагназаваць, што сёньня людзі прыйдуць так масава да ўчасткаў а 14-й гадзіне. Што людзі возьмуць на сябе гэтую адказнасьць. Яны самі адказваюць за свае рашэньні. Пакуль відавочна, што мы будзем клікаць людзей на страйк».

Ціханоўская таксама сказала, што ўсё ж разьлічвае на рэакцыю ад сілавікоў і вайскоўцаў.

«Мы ўжо столькі разоў зьвярталіся да іх сумленьня і гонару, але тады гэта ня мела ніякага выніку, — гаворыць Сьвятлана Ціханоўская. — Магчыма, таму, што не было пагрозы сувэрэнітэту. Але зараз мы ўсе разумеем, што можам страціць краіну. Чалавек, які цяпер ва ўладзе, не прымае самастойных рашэньняў. Пытаньне, хто зараз кіруе нашай краінай, хто можа кіраваць тымі самымі афіцэрамі. Пытаньне незалежнасьці вельмі адчувальнае і важнае для салдатаў і афіцэраў нашай краіны. Я б хацела, каб яны яшчэ раз задумаліся аб нашай будучыні. І каб афіцэры не адпраўлялі нашых салдатаў у гэтую мясарубку».

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG