Сотні беларусаў узялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць нападу Расеі на Ўкраіну і ўдзелу ў ім рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Акцыя пачалася на Лукіскім пляцы, дзе ў 1864 годзе расейскія імпэрскія ўлады павесілі лідэраў паўстаньня на чале з Кастусём Каліноўскім.
«Мне сорамна перад украінцамі, бо рэжым праз тое, што яму трэба адплачваць кіраўніцтву Расеі за падтрымку пасьля выбараў 2020 году, прадастаўляе тэрыторыю Беларусі для расейскай агрэсіі, — сказала журналістам Сьвятлана Ціханоўская. — Робяць яны, а сорамна нам».
Пасьля ўдзельнікі акцыі пайшлі шэсьцем да амбасады Расеі ў Літве, дзе скандавалі «Слава Ўкраіне!» «Героям слава!» «Ганьба!», «Жыве Беларусь!»