Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пашле Лукашэнка беларусаў ваяваць? Дыскусія экспэртаў Дубнова і Карбалевіча

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Як паставіліся да нападу Расеі на Ўкраіну іншыя краіны АДКБ і СНД? Навошта прэзыдэнт Францыі Макрон тэлефанаваў Лукашэнку? Ці ёсьць пэрспэктывы перамоваў паміж Кіевам і Масквой?

На пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць расейскі палітоляг Аркадзь Дубноў і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Дубноў

Аркадзь Дубноў
Аркадзь Дубноў
  • Словы Лукашэнкі — словы чалавека, які ў стане безупыннага нэўрозу, страху, няўпэўненасьці і адчуваньня велізарнай адказнасьці лідэра, з дазволу якога Беларусь стала адным з тэатраў ваенных дзеяньняў у Эўропе.
  • Я не чакаў, што Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну. Пуцін мне як расейскаму грамадзяніну забараніў ужываць слова «вайна» замест «спэцапэрацыя». Але калі запускаюць ракеты — гэта вайна.
  • Беларускі кіраўнік зь цяжкасьцю «малюе нулікі». Ён спрабуе абнуліць расейскія вайсковыя дзеяньні з тэрыторыі Беларусі. Беларусь не абвяшчала рэжыму «спэцыяльнай апэрацыі», але яна дазволіла выкарыстаць сваю тэрыторыю.
  • Лукашэнка — як дзіця, ён нават ня змог пераканаўча гэта абгрунтаваць. Паранаідальнае тлумачэньне: а яны самі пачалі, яны ж маглі стрэліць па нас. А расейцы стрэлілі.
  • Беларусь не мяжуе з «ЛДНР». Таму нават калі Лукашэнка прызнае гэтыя самаабвешчаныя «рэспублікі» і пашле беларускія войскі празь мяжу, гэта будзе ўварваньне Беларусі ва Ўкраіну.
  • Калі ў Маскве вырашаць, што беларускія войскі ім патрэбныя для вайны, то ў Менску адрэагуюць, як у Данецку і Луганску. Звароты Пушыліна і Пасечніка былі запісаныя за некалькі дзён да таго, як яны былі агучаныя. Ім сказалі з Масквы, яны зьвярнуліся. Калі з Масквы папросяць, Лукашэнка зробіць тое, чаго ад яго чакаюць.
  • Я не магу ацэньваць як верагодныя паведамленьні з Астаны, Бішкеку і Ерэвану пра пазыцыю іх кіраўніцтва. Фэйкі, якія даюць адмыслова навучаныя расейскія рэсурсы аб адмове Астаны падтрымаць Расею, як і аб падтрымцы з боку Бішкеку. Гэта не паддаецца вэрыфікацыі.
  • Зыходзячы з майго досьведу, думаю, што стаўленьне ўсіх краінаў СНД да расейскай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне вельмі нэгатыўнае. Яны разумеюць, што гэта «прывітаньне» ім усім.
  • Самае важнае тут — гэта пазыцыя Астаны. Першая рэакцыя Такаева была — быць гатовымі да розных нэгатыўных наступстваў. Прэзыдэнт Кіргізстану імкнецца «трымацца правільнага курсу». Урад Грузіі не падтрымаў санкцыяў супраць Расеі, але заявіў, што «ўсёй душой з Украінай».
  • Чаму ўсё ж важнае прызнаньне ці непрызнаньне «ЛДНР» з боку Менску? Цяпер, акрамя Расеі, іх на постсавецкай прасторы прызнаюць толькі такія ж, як яны, сусьветна не прызнаныя ўтварэньні — Абхазія, Паўднёвая Асэтыя, Прыднястроўе.
  • Калі прызнае і Беларусь, гэта будзе азначаць стварэньне вакол Расеі нейкага поясу самых ляяльных Маскве ўтварэньняў, зь якога, магчыма, будзе створаная нейкая супольнасьць.
  • Пра гэта Пуцін гаварыў прэзыдэнту Абхазіі Бжанія 13 лістапада 2020 году, на наступны дзень пасьля завяршэньня вайны на Паўднёвым Каўказе. Усё ўкладаецца ў сцэнар, які ў Крамлі даўно прапісаны.
  • Званок Макрона Лукашэнку — дзеяньне, якое падвышае рэйтынг Макрона ў Францыі.
  • Калі Макрон хацеў убачыць у Лукашэнку траянскага каня ў лягеры тых, хто сёньня ваюе з Украінай, ён ня ўбачыў у ім самастойнага гульца. Ён убачыў у ім абсалютнага васала, прычым нэўратычнага і непрадказальнага.

Карбалевіч

  • Лукашэнка ў стане стрэсу. Яго вельмі закрануў зварот Зяленскага да беларусаў, у якім той сказаў, што Беларусь удзельнічае ў вайне.
  • Лукашэнка спрабуе выкручваецца, яму трэба зьняць зь сябе віну за тое, што з тэрыторыі Беларусі ідзе напад на Ўкраіну, але пры гэтым даказаць, што ён яшчэ кантралюе сытуацыю ў Беларусі, што ён яшчэ ня поўная марыянэтка.
  • Пытаньне пра прызнаньне ці непрызнаньне «ЛДНР» было важным да пачатку вайны Расеі супраць Украіны. Але пасьля пачатку вайны перастала быць важным.
  • На пачатку нападу Пуцін заявіў, што трэба ўкраінцам вярнуць права на самавызначэньне. У выпадку ваеннай перамогі Расеі гаворка будзе ісьці аб стварэньні некалькіх «народных рэспублік». Г. зн. аб падзеле Ўкраіны.
  • Прызнаньне «ЛДНР» з боку Беларусі ня выкліча вялікай рэакцыі ў Расеі і ў сьвеце.
  • Макрон зараз прэтэндуе на ролю галоўнага палітыка ЭЗ, на тое, каб гаварыць ад імя Эўропы. Ён сёньня хіба не адзіны лідэр, які размаўляе па тэлефоне і з Масквой, і з Кіевам, спрабуе прапанаваць нейкі дыялёг, прэтэндуе на ролю пасярэдніка ў канфлікце.
  • Пазыцыя Макрона — калі ёсьць крызіс сусьветнага маштабу, то трэба размаўляць з усімі, у тым ліку і з асобамі ў статусе Лукашэнкі.
  • З інфармацыі, абнародаванай Парыжам, Макрон заклікаў Лукашэнку ня быць васалам Масквы, Пуціна. Званок Макрона падвышае статус Лукашэнкі як фактычнага кіраўніка дзяржавы. Як гэта было летась са званком Мэркель у разгар міграцыйнага крызісу.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG